«Мяне цягне ў мясціны паўстання 1863 года»
"Трэба выразна ўсведамляць, што ніхто нам, беларускім
краязнаўцам, не дапаможа. Таму трэба мацаваць нашу салідарнасць — ад Іркуцка да
Беластока і спадзявацца найперш на ўласныя сілы", — лічыць грамадскі актывіст і краязнаўца Уладзімір Хільмановіч, якому 6 красавіка спаўняецца 50 гадоў.
Сёння яго можна смела назваць лідарам краязнаўчага руху
на Гарадзеншчыне. У пачатку 2000-х гадоў ён наладзіў супрацу Гродзенскага абласнога
аддзялення «Фонду імя Льва Сапегі» са Шчэцінскай фундацыяй развіцця мясцовай дэмакратыі
(Польшча). Дзясяткі краязнаўцаў з Беларусі пабывалі на стажыроўцы ў Шчэціне, сумесна
было выдадзена дзесяць брашур. Сярод іх — «Беларускія свядомасць, мова, гісторыя:
на зломе стэрэатыпаў», «Краязнаўства, грамадзянская супольнасць, патрыятызм» і іншыя.
Там публікаваліся артыкулы як польскіх, так і беларускіх краязнаўцаў, але найбольш
— беларускіх.
Гэтыя выданні да сёння беларускія краязнаўцы захоўваюць у сваіх прыватных архівах, а таксама ў бібліятэках і музеях. Уладзімір Хільмановіч працягвае адсочваць усё, што адбываецца на ніве краязнаўства не толькі на Гродзеншчыне, а і наогул у Беларусі. Пра гэта з ім можна гутарыць бясконца.
— Спадар Уладзімір, з чаго пачынаўся ваш шлях у краязнаўства?
— Напэўна, са студэнцтва. У школе я больш любіў геаграфію, чым гісторыю. Але ў Гродна не было геаграфічнага факультэта, а ў Мінск мяне ніколі не цягнула. Я паступіў на гістфак Гродзенскага ўніверсітэта імя Янкі Купалы — і ніколі пра гэта не шкадаваў. У нас былі неверагодна цікавыя выкладчыкі: Фелікс Налівайка, Міхась Ткачоў, Барыс Клейн ды іншыя. Да беларускасці прывабіў у значнай ступені Ткачоў — ён раскрываўся менавіта ў «палявых умовах». Ён вазіў нас у Ваўкавыск, Трокі, Мсціслаў, Крычаў. Незабыўнымі былі раскопкі ў Якушоўцы, на месцы колішняга фальварку Каліноўскіх. Вельмі паўплываў гісторыка-культурніцкі клуб «Паходня» і тыя людзі, якія там выступалі, — захаплялі беларускасцю. Многія з нас выйшлі з паходнеўскага «шынялю». Перабудова адкрыла нам невядомыя старонкі гісторыі роднага краю і неабсяжныя далягляды мінулага.
— Раскажыце пра дыяпазон зацікаўленасцяў.
— Ён дастаткова разнастайны. Але, у адрозненне ад многіх сваіх калегаў, іду ўшыркі, а не ў глыбіню. Мяне цікавіць уся Беларусь, а таксама сумежжа і вельмі розныя мясцовасці. Перш чым, выдаць кніжку сваіх літаратурна-краязнаўчых нарысаў «Беларускае золата», я чвэрць стагоддзя ездзіў па розных вёсках, мястэчках і гарадах нашай краіны і сумежжа.
Праўда, цяпер разумею, што настаў час сканцэнтравацца на Гродзеншчыне. Насуперак выказванням прымітыўных людзей, наша краіна — гэта не нейкі «клочок земли». Беларусь — гэта вялікая краіна. Нават па плошчы 13-я ў Еўропе, а на кантыненце — аж паўсотні дзяржаў. А па гісторыі гэта ўвогуле бяздонная скарбонка, ахапіць яе ўсю — немагчыма. Хочацца зараз напісаць штосьці кшталту вандроўнага «спадарожніка» — «100 мясцовасцяў Гродзеншчыны, якія варта наведаць».
Таксама маю на мэце завяршыць «працу жыцця» — «Краязнаўчы даведнік Гродзеншчыны. Мясціны і помнікі. Людзі і падзеі». Прынамсі, дайсці ўрэшце да першага выдання гэтай «бясконцай» задумы. Працягваю працаваць над тэматыкай паўстання 1863 года... Шмат планаў, дасць Бог, нешта рэалізуецца.
— Многія гады вы займаецеся складаннем разнастайных календароў…
— Гэта не зусім календары, а, хутчэй, каляндарныя даведнікі. З аднаго боку, гэта досыць няўдзячная праца. Дзеля аднаго радка часам трэба пералапаціць дзясятак, а то і больш старонак. З іншага — атрымліваеш вялікую маральную сатысфакцыю, асабліва калі даводзіцца «выцягнуць» з нябыту малавядомае ці зусім забытае імя. Імя каго-небудзь са змагароў за вольнасць альбо сціплага рупліўца беларушчыны...
У маіх календарах няма і не будзе нейкіх «герояў сацыялістычнай працы» ці савецкіх генералаў. Галоўны крытэр адбору — ці зрабіў што гэты чалавек для беларускай справы. Безумоўна, гэта суб’ектыўна, але стараюся абапірацца не толькі на свае веды, але і на меркаванне гісторыкаў, даследчыкаў, якія грунтоўней капаюць «у глыбіню».
— Што найбольш складанае ў гэтай працы?
— Цяжкасцяў вельмі шмат. Крытэрый адбору. Блытаніна старога і новага стылю ў крыніцах. Цяжка часам выявіць дакладныя дні нараджэння ці смерці асобаў, месцы іх з’яўлення на свет і зыходу з яго, мясціны, дзе яны пахаваны. Ёсць падзеі і асобы, якія не магу дадаць у каляндар, таму што няма «прывязкі» да канкрэтнага дня.
Самая складаная рэч — скончыць працу над календаром. Таму што гэта фактычна бясконцая праца. Зараз я ўжо крытычна гляджу на першае выданне свайго «Беларускага календара-даведніка на кожны дзень», які выйшаў у 2007 годзе. За гэты час ён істотна пашырыўся, многія даты і факты ўдакладніліся, шмат чаго дадалося. Зараз можна сказаць, што гатовае другое, больш саліднае і грунтоўнае выданне. Але хто возьмецца «запусціць» яго ў друк?
— І ўсё ж які ён, тыповы партрэт беларускага краязнаўца?
— Нашы краязнаўцы — вельмі розныя людзі. Агульнае адно — глыбінная любоў да сваёй мясцовасці. Яны робяць шмат для папулярызацыі сваіх мясцовасцяў: Лявон Карповіч расказаў усяму свету пра мястэчка Луна, Аляксандр Камінскі ўсё вывучыў пра Крэва, Іван Фясенка ўславіў Радунь. Гэты спіс можна доўжыць. Калі скласці кніжкі Сяргея Чыгрына — атрымаецца энцыклапедыя Слонімшчыны. Ну, а тое, што зрабіў Алесь Белакоз для Гудзевічаў (Мастоўшчына) — гэта духовы подзвіг.
Пры тым краязнаўцы — гэта не нейкія дылетанты, працы многіх з іх вартыя кандыдацкіх дысертацый. Так, яны — аматары, але аматары — гэта не дылетанты. Аматар ад лацінскага слова «amo» — любіць. І вось гэтая любоў, апантанасць сваім, ёсць галоўным чыннікам, менавіта яна вызначае характар і сутнасць сапраўднага краязнаўцы.
На жаль, некаторыя (хоць такіх значная меншасць) зусім не дзеляцца з сябрамі і паплечнікамі матэрыяламі. Адзін вельмі шаноўны руплівец назбіраў процьму ўнікальнага матэрыялу, багатыя звесткі па гісторыі свайго рэгіёну. Але ні з кім імі не падзяліўся. А пасля яго смерці жонка спаліла ўсё напрацаванае дзесяцігоддзямі. Вось так…
— Як можна больш эфектыўна выкарыстоўваць напрацоўкі краязнаўцаў?
— Для мяне відавочна, што мясцовыя ўлады не рэалізуюць патэнцыял краязнаўцаў для папулярызацыі і развіцця сваіх мясцовасцяў. Прычына простая — у нас няма самастойнасці і прасторы для дзейнасці «знізу». Там, дзе рэгіянальныя кіраўнікі разумнейшыя, яны нешта бяруць: адкрываюць памятныя знакі, дапамагаюць у стварэнні музейных экспазіцый, выданні кніжак. Але ў бальшыні патэнцыял краязнаўцаў, на жаль, незапатрабаваны. На выдавецкую і краязнаўчую дзейнасць ніхто не хоча выдаткоўваць грошы, а між тым гэта — адзін з верных шляхоў фармавання і пабудовы грамадзянскай супольнасці.
Трэба выразна ўсведамляць, што ніхто нам, беларускім краязнаўцам, не дапаможа. Таму трэба мацаваць нашу салідарнасць — ад Іркуцка да Беластока і спадзявацца найперш на ўласныя сілы.
— І ўсё ж, ці павінна дзяржава дапамагаць краязнаўцам?
— Пэўным узорам можа паслужыць стаўленне дзяржаўных структураў да краязнаўцаў у пачатку 1990-х гадоў, пасля таго, як Беларусь здабыла суверэнітэт. Тады не было падзелу на «чэсных» і «нячэсных» гісторыкаў, «правільных» і «няправільных» краязнаўцаў. Дамінавала ідэалогія адраджэння свайго — у рэгіёнах праводзіліся краязнаўчыя канферэнцыі, якія збіралі ўсіх зацікаўленых асобаў. Звычайны вясковы краязнавец мог сядзець на роўных за адным сталом з раённай наменклатурай — і іх яднала імкненне ўшанавання нацыянальных герояў, адбудовы помнікаў архітэктуры, папулярызацыі малых мясцовасцяў.
На жаль, так было зусім нядоўга. Антыбеларуская палітыка стала ставіць бар’еры: пустая ідэалогія, а папросту балбатня, замяніла рэальныя карысныя справы. Беларусь зноў вярнулася да «савецкасці» і «партызанкі».
Я не думаю, што працу краязнаўцаў трэба фармалізаваць у нейкіх дзяржструктурах. Але, канешне, было б выдатна, каб была падтрымка ўладных раённых адміністрацый, сельсаветаў.
— А як да краязнаўцаў ставяцца ў іншых дзяржавах?
— Магу сказаць хіба на прыкладзе Польшчы. Там рэгіянальныя краязнаўцы — шанаваныя людзі. У іх няма праблем з выданнем працаў. Іх запрашаюць у розныя праекты развіцця мясцовых рэгіёнаў і супольнасцяў. Многія з іх становяцца сапраўднымі экспертамі па сваіх мясцовасцях, а досвед краязнаўцаў увасабляецца ў рэальныя турыстычныя набыткі, стварэнне цікавых асяродкаў. Мы б да гэтага прыйшлі таксама, і дастаткова хутка, калі б у Беларусі пачаліся рэальныя рэформы і паўстала рэальнае мясцовае самакіраванне.
— Чаго ўсё ж сёння не хапае краязнаўчаму руху ў Беларусі?
— Краязнаўчаму руху вельмі бракуе пераемнасці — у розных сэнсах. Вось задумаўся зараз, што краязнаўцы — асаблівая «каста» людзей. Не прыгадаю, каб хтосьці з дзяцей краязнаўцаў працягваў бы справу бацькоў: «дынастыі» не з’яўляюцца. Вельмі мала маладых краязнаўцаў — людзі з малых мясцовасцяў выязджаюць у горад або ўвогуле за мяжу і ўрэшце там і застаюцца.
Іншая праблема — і магчыма сур’ёзная — краязнаўцы не маюць выхаду на шырокую «сцэну». Іх амаль не пускаюць на сустрэчы ў бібліятэкі, не запрашаюць у школы, я ўжо не кажу, каб друкавалі і выдавалі. Кніжкі краязнаўцы выдаюць за свае сціплыя сродкі альбо за грошы сяброў. Адпаведна, калі няма выхаду на шырокія колы — няма папулярызацыі. Раней шмат краязнаўцаў было ў школах, там яны стваралі адметныя музейчыкі. Цяпер тая плеяда ўжо на пенсіі, а некаторых маладзейшых, погляды якіх не адпавядаюць «правільнаму курсу», адхілілі ад педагагічнай працы.
Вельмі мала стала і адукаваных мясцовых кіраўнікоў. Нават у савецкі час разумных людзей ва ўладзе, якія спрыялі краязнаўцам, было значна больш.
Але ж я веру, што наш энтузіязм не пойдзе пылам, напісанае застанецца, а новыя рупліўцы лакальнай гісторыі скарыстаюцца напрацаваным да іх досведам і зробяць шмат карыснага для Бацькаўшчыны.