Таксі «Выдатнае» — з беларускай мовай і вышыванкамі
Стваральнікі новага гродзенскага таксі «Выдатнае» звярнуліся да нацыянальных матываў: аўтамабілі абклееныя ўзорамі з вышыванак, а дыспетчары размаўляюць на беларускай мове
![Арнамент, які азначае «багацце» Арнамент, які азначае «багацце»](/img/v1/images/vudatnae_07_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Арнамент, які азначае «багацце»
Усе аўтамабілі перавозчыка абклееныя рознымі арнаментамі. Кожны арнамент нясе ў сабе сэнс. Да прыкладу, знак на фота азначае «багацце», паведамляе Autogrodno.by.
Гэтыя машыны раней працавалі ў іншай буйной гродзенскай фірме таксі, ды і ўладальнік «Выдатнага» Аляксей Белакурскі на гэтым рынку з 2012 года.
![vudatnae_02_1.jpg vudatnae_02_1.jpg](/img/v1/images/vudatnae_02_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
— З нас ужо жартуюць, што ў багажніку мы возім бульбу, а пасажыраў частуем дранікамі. Магчыма, так і будзе. А пакуль імкнемся падтрымліваць гутаркі з пасажырамі на беларускай мове, калі кліент не супраць, вядома, — распавядае Аляксей.
![vudatnae_16.jpg vudatnae_16.jpg](/img/v1/images/vudatnae_16.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дыспетчаркі ў службе — беларускамоўныя.
— Перад наборам дзяўчат для працы ў дыспетчарскай, мы ўсіх жадаючых папярэджвалі, што размаўляць трэба будзе на роднай мове. Мы прыемна здзіўлены, дзяўчыны пазітыўна ўспрынялі наша пажаданне, — кажа Аляксей.
![vudatnae_28_1.jpg vudatnae_28_1.jpg](/img/v1/images/vudatnae_28_1.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Дыспетчар Юлія распавяла, што калі пачала прымаць заказы на беларускай мове, некаторыя гродзенцы ад нечаканасці пачыналі пасмейвацца і казаць, як гэта выдатна. Былі выпадкі, калі людзі пачыналі размаўляць на рускай, а потым мімаволі пераходзілі на беларускую і працягвалі так, як быццам размаўляюць на роднай мове штодня. Але часцей размова з таго боку тэлефона адбываецца на рускай, толькі ў канцы гродзенцы дадаюць «Дзякуй», альбо «Чакаю».
— За гэты тыдзень толькі адна жанчына папрасіла размаўляць на рускай, а адзін хлопец не зразумеў, што значыць «Чакайце 5-7 хвiлiн». Але наогул, рэакцыя пазітыўная і прэтэнзій не было. Ствараецца ўражанне, што гродзенцам падабаецца. Часам нават вадзіцелі паведамляюць, што падчас паездкі пасажыры размаўлялі з імі на беларускай мове. Мы стараемся ўдасканальваць мову нашых вадзіцеляў. Па рацыі гаворым з імі на беларускай, — патлумачыла Юлія.
![vudatnae_10.jpg vudatnae_10.jpg](/img/v1/images/vudatnae_10.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)