Іна Кулей

Шчыра кажучы, гэты нарыс я хацеў пачаць інакш — статыстыкай навучання беларускай моладзі за мяжой, але сама Іна Кулей падказала другую ўверцюру. На суд над Алесем Бяляцкім яна прыйшла ў майцы з яго партрэтам і заклікам даць вядомаму праваабаронцу свабоду. За што адразу ж была выдалена з судовай залы з забаронай «не пускаць да канца працэсу». Чаму Іна Феліксаўна зрабіла менавіта так? На мой погляд, адзін з адказаў на гэтае пытанне ў назве іх арганізацыі — Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць».



832635d692f57778f906e5563b757187.jpg

Шчыра кажучы, гэты нарыс я хацеў пачаць інакш — статыстыкай навучання беларускай моладзі за мяжой, але сама Іна Кулей падказала другую ўверцюру. На суд над Алесем Бяляцкім яна прыйшла ў майцы з яго партрэтам і заклікам даць вядомаму праваабаронцу свабоду. За што адразу ж была выдалена з судовай залы з забаронай «не пускаць да канца працэсу». Чаму Іна Феліксаўна зрабіла менавіта так? На мой погляд, адзін з адказаў на гэтае пытанне ў назве іх арганізацыі — Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць».
Цень «жалезнага Фелікса»
Пачну з віншавання — 11.11.11 Іне Кулей споўніўся 51 год. Яна не хавае дату свайго нараджэння — 11 лістапада 1960 года. Месца нараджэння — в. Крукі Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. Знайсці гэту назву на мапе больш немагчыма — зараз там Чарнобыльская зона.
Не палічыце банальнасцю, але людскія лёсы даволі часта вызначаюцца цікавымі і цалкам аб’ектыўнымі складнікамі. Калі так, то ў адносінах да Іны Кулей гэты жыццёвы прынцып спраўдзіўся толькі напалову.
Яе маці, Яўгенія Васільеўна, атрымала педагагічную адукацыю. Тут Іна пайшла па яе следу. І логікай свайго лёсу не ўспрыняла выбар бацькі, Фелікса Іванавіча, які быў следчым пракуратуры. Наадварот, пачала займацца тым, што ў аўтарытарных грамадствах даволі часта з’яўляецца дыяметральна супрацьлеглым. Асабліва ў сучасных умовах, бо праваабаронцы і праваахоўнікі лічацца амаль антаганістамі.
Дарэчы, дзед Іван Несцеравіч таксама быў пракурорам, і сына свайго, па адной з версій, назваў у гонар «жалезнага Фелікса». Канешне, ён нават уявіць не мог, што ўнучка ў будучым пачне змагацца супраць ідэйных нашчадкаў заснавальніка галоўнай савецкай спецслужбы.
Цікава, што маці Іны Кулей родам з вёскі Старыя Галоўчыцы і даводзіцца далёкай сваячкай Міхаіла Марыніча. Таму дазволю сабе яшчэ адну банальнасць — у гэтым свеце вельмі цесна.
Шлях у жыццё
Калі Іне Кулей было толькі два з паловай гады, яе бацьку размеркавалі ў Ляхавічы. Неўзабаве сям’я пераехала ў Ганцавічы, дзе пражылі 23 гады. Менавіта адтуль яна паехала паступаць у сталічны педінстытут, які потым у сваёй назве азначэнне «імя Максіма Горкага» зменіць на «імя Максіма Танка». Але паступіла толькі з трэцяй спробы.
Справа ў тым, што па парадзе маці дзяўчына абрала факультэт дэфекталогіі, дзе традыцыйна былі вельмі малыя наборы. У былым СССР падобных вузаў існавала толькі пяць, таму конкурс дасягаў 25 чалавек на месца. Для таго, каб стаць студэнткай, Іне Кулей двойчы не хапіла літаральна сотых бала, а для «працоўнага стажу» давялося папрацаваць у бібліятэцы.
На чацвёртым курсе яна выйшла замуж, але прозвішча сваё не змяніла. Не буду пераказваць усе акалічнасці першага шлюбу, адзначу толькі, што ён быў непрацяглым. І яшчэ адно. Некалькі гадоў таму мне давялося пазнаёміцца з першай свякроўкай Іны Кулей. Моцна ўразіла тое, што паміж ёй і былой нявесткай захаваліся вельмі добразычлівыя адносіны. Выпадак, пагадзіцеся, даволі ўнікальны для сучаснага жыцця.
Пасля заканчэння педагагічнага інстытута Іна Кулей вярнулася ў Ганцавічы. Неўзабаве яе бацьку перавялі ў Брэст, а праз чатыры гады туды пераехала і маладая сям’я.
Шлях у трэці сектар
Як вядома, наша жыццё шлюбам не абмяжоўваецца, таму цалкам зразумела, што тады Іне (так параіў дэпартаваны з Беларусі свяшчэннік Збігнеў Караляк) моцна хацелася паспрабаваць сябе ў іншай галіне, якой і стала грамадская дзейнасць.
Спачатку Іна Кулей стварыла і ўзначаліла арганізацыю «Сям’я сем’яў», а потым пачала ўдзельнічаць у трэнінгах фонду «Каунтэрпарт». Падчас адной з такіх паездак (у Гродна) яна і пазнаёмілася з Аляксандрам Мілінкевічам. Было гэта ў 1997 годзе.
Тое, што адбылося потым, пакінем за дужкамі нарыса. Адзначу толькі: там, дзе ёсць «божая іскра» кахання, любыя шаблоны і догмы немагчымыя па вызначэнню. Паважаю. Адважыцца змяніць асабісты лад жыцця ў сталым ўзросце вельмі складана.
Іна Кулей і Аляксандр Мілінкевіч зрабілі гэты крок праз пяць гадоў пасля знаёмства.
Мінскі палітычны бамонд, канешне ж, іх ведаў і не вельмі хваляваўся наконт канкурэнцыі — правінцыя. Аднак з пераездам Кулей і Мілінкевіча ў Мінск ўсё істотна змянілася. Асабліва калі апошні пачаў змагацца (і перамог) за статус адзінага апазіцыйнага кандыдата на прэзідэнцкіх выбарах 2006 года.
Літаральна некалькі словаў пра «Вежу», бо гэтая арганізацыя была такой вядомай, што пісаць нейкія падрабязнасці тут няма ніякага сэнсу.
Фонд рэгіянальнага развіцця «Вежа» быў створаны ў пачатку 1990-х гадоў. Ён аб’ядноўваў грамадскія арганізацыі Брэсцкай вобласці. Зразумела, гэта не вельмі падабалася афіцыйным уладам, і ў першыя гады новага стагоддзя яны незалежную структуру «выціснулі» з прававога поля Беларусі. Як і многіх іншых…
«Жаночы ўплыў»
Уплыў Іны Кулей на Аляксандра Мілінкевіча — гэта тэма сёння амаль не гучыць, а пяць гадоў таму, і асабліва падчас прэзідэнцкіх выбараў–2006, была адной з самых папулярных. Менавіта тады я і задаў гэта пытанне Аляксандру і Іне.
І пачуў даволі аргументаваны адказ пра «міф патрыярхальнага грамадства». Маўляў, калі Аляксандр Мілінкевіч і не спяшаецца з нейкім дзеяннямі, то гэта сведчыць перш за ўсё пра тое, што ён не «рубіць з пляча», а падыходзіць да ўсяго вельмі сур’ёзна.
Тым больш, што раіцца ён не толькі з уласнай жонкай, але і з іншымі людзьмі. Аднак, калі пасля абмеркавання і дыскусій з вуснаў Аляксандра гучыць: «Я так думаю», то гэта аўтаматычна азначае канец любым спрэчкам і «ўплывам».
Дарэчы, ідэя стварэння «Вежы» належала менавіта яму, што было лагічна і працавала на ўзмацненне «трэцяга сектара». У Гродна ўжо дзейнічала «Ратуша», а ў Брэсце не было нічога падобнага.
Што ж датычыцца Камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць», то, як слушна заўважыла сама Іна Кулей, гэта частка руху «За свабоду», а не частка Аляксандра Мілінкевіча.
Асобнае «плаванне»
Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» з’явіўся 5 красавіка 2006 года, адразу ж пасля добра вядомых падзей Плошчы. Афіцыйнай жа рэгістрацыі арганізацыя дамаглася толькі 15 ліпеня 2011 года, падчас чарговай перадвыбарчай хвалі «лібералізацыі». Так супала — у дзень нараджэння Элаізы Пашкевіч і Грунвальдскай бітвы.
Ёсць сэнс назваць тут і другую дату — 30 сакавіка 2006 года. Менавіта тады ў Варшаўскім універсітэце старшынёй Рады Міністраў Польшчы К. Марцінкевічам, прадстаўніком аб’яднаных дэмакратычных сіл А. Мілінкевічам і прадстаўнікамі Канферэнцыі рэктараў польскіх універсітэтаў (KRUP) быў падпісаны «Ліст намераў». Так нарадзілася Праграма К. Каліноўскага.
Памятаю, як толькі яна ўзнікла, было шмат крытычных разважанняў наконт таго, што яна «вымые» з Беларусі палітычна актыўную моладзь, і тая больш ніколі не вернецца на радзіму. Рэальнасць паказала, што гэта не так.
Больш за тое, некаторыя ўдзельнікі гэтай самай праграмы амаль адразу ж аддалі перавагу не «цёпламу месцу» навучання ў бяспечнай еўрапейскай краіне, а суровым беларускім будням. Найбольш яскравы прыклад — мой калега Барыс Гарэцкі. Некалі юнак быў прэсавым сакратаром «Маладога фронту», адсядзеў «традыцыйныя» для Беларусі 15 сутак, працуе на радыё «Рацыя». Не многія ведаюць, што ён меў магчымасць атрымаць дыплом беластоцкага ўніверсітэта, аднак замест гэтага вярнуўся ў Беларусь, як кажуць, па добрай волі...
Падобных прыкладаў можна прывесці яшчэ багата, як і тых, якія наглядна адлюстроўваюць адсутнасць тэндэнцыі «зваліць на Захад», але сутнасць, на мой погляд, не ў гэтым. Галоўнае — у 2006 годзе ў моладзі з’явілася рэальная магчымасць атрымаць добрую адукацыю, альтэрнатыва «самому лучшему в мире образованию». Як і ў тых, над кім навісла рэальная пагроза трапіць пад рэпрэсіі, уратавацца за мяжой.
Трэба таксама звярнуць увагу і на тое, што Праграма К. Каліноўскага — не адзіная. Ёсць яшчэ аналагічныя праграмы чэшскага і эстонскага ўрадаў. Акрамя гэтага наша хлопцы і дзяўчаткі вучыліся і вучацца ў Галандыі, Румыніі, Славакіі, Украіне, Літве.
Да таго ж дзейнасць Камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідарнасць» не абмяжоўваецца толькі адукацыяй. Сярод іншых кірункаў — дапамога людзям, якія па палітычных матывах звольненыя з працы, медычная дапамога тым, хто пацярпеў падчас вулічных пратэстаў, акцый салідарнасці і г.д.
«Не бойцеся!»
Гэтыя словы Яна Паўла II не выпадкова з’яўляюцца галоўным лозунгам паплечнікаў Іны Кулей, бо яны не толькі пераадолелі асабісты страх, але і дапамагаюць гэта рабіць іншым, а майка з надпісам «Свабоду Алесю Бяляцкаму» — вельмі яскрава сімвалізуе рух да свабоды агульнай.
Не вельмі люблю газетны пафас, але адносна Іны Кулей, па майму перакананню, гэта той выпадак, калі людзям прапануюць не толькі прыгожыя тэорыі, але і дапамагаюць канкрэтна.