Нашчадкі Прарока рэвалюцыі

Чарговая гадавіна забойства сталінскім агентам Льва Троцкага, якая прыпадае на 20 жніўня, — някепская нагода, каб пазнаёміцца з сучаснымі беларускімі трацкістамі. Суразмоўца «Новага Часу» — Павел Катаржэўскі, студэнт юрфака БДУ, напэўна, самы актыўны сёння прапагандыст вучэння Троцкага ў Беларусі.

Павел Катаржэўскі

Павел Катаржэўскі


— Агент НКУС 20 жніўня 1938 года забіў альпенштокам Льва Троцкага — аднаго з лідараў Кастрычніцкай рэвалюцыі, стваральніка Чырвонай Арміі, «Прарока рэвалюцыі», як яго называлі ў прэсе. Нягледзячы на важную ролю нябожчыка ў дзейнасці антысталінскай левай апазіцыі, усё ж узнікае пытанне — навошта? Нашто забіваць палітыка, які жыве ў мексіканскай правінцы? Інтэрнэту тады не было, і наўрад ці Троцкі нейкім чынам сапраўды пагражаў рэжыму Сталіна?

— Што да забойства Троцкага, то я, як марксіст, усё ж не стаў бы пераацэньваць чалавечы фактар. Вядома, нейкая асабістая непрыязнасць у Сталіна да Троцкага, безумоўна, была. Але, нягледзячы на ўяўную бяскрыўднасць выгнанага прарока рэвалюцыі, галоўнай прычынай я ўсё ж лічу тое, што, па-першае, Леў Давідавіч не змірыўся з гегемоніяй сталінізму як у СССР, так і за яго межамі. Ён быў фактычна надзеяй і пуцяводнай зоркай левай апазіцыі, чаго бюракратыя, якая спарадзіла Сталіна, дапусціць ніяк не магла. «Царкам», якія пасля фактычнай паразы левай апазіцыі ўзурпавалі ўладу ў СССР, было неабходна дэмаралізаваць тых, хто застаўся на марксісцкіх пазіцыях.

Па-другое, сам па сабе стары рэвалюцыянер, вядома, небяспекі не ўяўляў, але рэвалюцыйная тэорыя, якая выходзіла з-пад пяра Троцкага, уяўляла сабой рэальную альтэрнатыву фактычна контррэвалюцыйнаму сталінізму, і створаны ім Чацвёрты Інтэрнацыянал пачаў прыцягваць да сябе камуністаў. Гэтага Масква дараваць Троцкаму адназначна не магла. Увогуле, тады быў знішчаны не толькі Троцкі, але і іншыя бальшавікі. Ішоў курс на планамернае знішчэнне ўсіх, хто рабіў Кастрычніцкую рэвалюцыю і разумеў, што яна паўстала зусім не за тое, што пасля рэалізоўваў Сталін.

— Троцкі загінуў напярэдадні Другой сусветнай вайны. Наколькі б яе ход змяніўся, калі б заснавальнік Чацвёртага Інтэрнацыяналу застаўся жывы?

— Не думаю, што нешта значна памянялася б. Чацвёрты Інтэрнацыянал, на мой погляд, уяўляў сабой адну з самых прагрэсіўных з’яваў марксісцкай думкі ў той час, але нешматлікасць яго сяброў і фактычная дэзарганізаванасць не далі адыграць яму той ролі, якую ён бы мог.

Як бы выглядаў СССР, калі б у супрацьстаянні «Сталін — Троцкі» рэй узяў апошні? Якая была б ступень аўтаноміі БССР у складзе Савецкага Саюза?

— Гісторыя не мае ўмоўнага ладу, і цяпер адказаць, «што здарылася б, калі…», вельмі складана. Мы атрымалі тое, што атрымалі. І на дадзены момант варта думаць пра тое, як змагацца з наступствамі сталінізму, а не разводзіць вільготныя мары пра тое, што адбылося б, калі б быў ва ўладзе Троцкі. Што тычыцца погляду Троцкага на нацыянальнае пытанне, то ён выступаў за пашырэнне правоў савецкіх рэспублік аж да іх фармальнага права на выхад са складу СССР. Прынамсі, ён дапускаў незалежнасць савецкай Украіны.

— Ці былі ў БССР паслядоўнікі Троцкага?

— Наколькі мне вядома, левая апазіцыя мела ўплыў паўсюдна, і гэта былі не толькі трацкісты, але і, да прыкладу, левыя камуністы. Што тычыцца нейкіх яркіх асоб, якія прадстаўлялі б трацкісцкую традыцыю марксізму ў БССР, то адразу прыгадаць такіх я не магу. Але ў існаванні асобных груп камуністычнай апазіцыі ў Беларусі ўпэўнены.

— Напярэдадні 25-й гадавіны жнівеньскага путчу нельга не пацікавіцца — як чвэрць стагоддзя таму трацкісты ўспрынялі фінал савецкага эксперыменту?

— Развал СССР для трацкістаў быў прадказанай з’явай, паколькі Троцкі ў адной са сваіх прац пісаў, што партыйная бюракратыя ў канчатковым выніку пойдзе на рэстаўрацыю капіталізму. Гэты аналіз быў дадзены задоўга да падзення СССР і іншых краін сацыялістычнага лагеру. Праўда, варта адзначыць: нягледзячы на гэта, нават зламаны і вывернуты навыварат сацыялізм у СССР Леў Давідавіч ўсё ж лічыў адносна прагрэсіўным.

— Што прадстаўляе беларускі трацкізм сёння? Чым ён адрозніваецца ад мадэляў у іншых краінах СНД? Якія ў яго перспектывы?

— Збольшага сацыяльны склад нашага руху — студэнты і маладыя рабочыя, чым мы выгадна адрозніваемся ад пячорных сталіністаў, якія ніяк не звязаныя з навакольнай рэчаіснасцю і жывуць у сваёй мёртвай утопіі. Мы не хочам, як некаторыя сучасныя «трацкісты», кідацца ў адкрыты дагматызм і прыкрываць сваю фактычную бяздзейнасць і бурную імітацыю неіснуючай дзейнасці покрывам рэвалюцыйнага фразёрства. Урэшце, мы дыялектыкі, і ідэі Маркса, Энгельса, Троцкага і іншых для нас — не ляжачы камень без прыкметаў жыцця, а жывое вучэнне, якое патрабуе развіцця. Таму на парадку дня стаіць актыўная тэарэтычная барацьба з рэвізіянізмам, сталінізмам, імперыялізмам, і з так званым «левым постмадэрнізмам», які, на нашу думку, адводзіць марксістаў ад сутнасці таго, што адбываецца. Што тычыцца перспектыў, то тут варта казаць пра беларускую агульналевую перспектыву, а не толькі пра перспектывы трацкізму ў прыватнасці.