Памёр беларускі паэт Алесь Разанаў. Мы яшчэ доўга будзем асвойваць і асэнсоўваць плён ягонай творчасці
У Мінску на 74-м годзе жыцця памёр беларускі паэт Алесь Разанаў, паведамляе «Свабода».

«Памёр вялікі чалавек, гарачы патрыёт, геніяльны паэт і філосаф, імя якога ўжо ўпісана залатымі літарамі ў нашу гісторыю. Гэта каласальная страта для Беларусі. Мы яшчэ доўга будзем асвойваць і асэнсоўваць плён ягонай творчасці. Спадчына, якую ён пакінуў, — гэта наш нацыянальны набытак», — напісана з нагоды смерці паэта на старонцы выдавецтва «Тэхналогія» ў Facebook.
Доктар філалагічных навук Ганна Кісліцына так адгукнулася на смерць паэта:
«Памёр Алесь Разанаў. Для мяне не толькі герой маёй першай дысертацыі, але і чалавек, з якім звязана шмат асабістага. Здаецца, я ўжо ўсё сказала і ў кнізе, і ў артыкулах пра яго.
Чарговая дзірка ў душы.
Разанаў — гэта сапраўдны чалавек Адраджэння, бо ён не толькі паэт, але і мастак, і філосаф. Але чым бы ён не займаўся, ён заўсёды на галаву апярэджваў сваіх сучаснікаў. Калі тыя апявалі парадак, ён займаўся паэзіяй чыстай красы, калі малявалі правадыроў, ён ствараў загадкавыя «Яйкаквадраты», а калі рабілі са слова служку, то ён пісаў у вечнасць філасафемы.
На мой погляд, Разанаў — гэта самы велічны праект беларускай культуры. Праект не ў сучасным значэнні гэтага слова, якое стала атаясамлівацца з фінансамі, а ў першасным. Я ўжо не раз казала, што гэтае слова перакладаецца як «кіданне наперад». Дык вось мне здаецца, што Разанаў — ён таксама закінуты наперадзе свайго часу, і тыя, што жывуць цяпер, не зусім разумеюць веліч чалавека, які знаходзіцца побач з імі».