Шэры кардынал беларускай паэзіі. Памяці Алеся Разанава

26 жніўня 2021 года не стала Алеся Разанава. Геніяльны беларускі паэт. Мысляр і эксперыментатар. Яго сыход — найвялікшая страта для нацыянальнай літаратуры і культуры.

Алесь Разанаў, фота Dirk Skiba, dirk-skiba-fotografie.de

Алесь Разанаў, фота Dirk Skiba, dirk-skiba-fotografie.de

Калі ў 2014 годзе адзін за адным гэты свет пакінулі Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Анатоль Кудравец, у 2016-м Ніл Гілевіч, мы, маладзейшыя пісьменнікі, адгараваўшы, працягвалі рабіць сваю справу і думаць: «У нас яшчэ застаўся паэт, які дэбютаваў у 1961 годзе, у нас яшчэ ёсць так званыя шасцідзясятнікі, нам ёсць у каго спытаць парады, у каго павучыцца цвяроза мысліць. Мы яшчэ маем сваё карэнне».

Што ж мы скажам цяпер, калі Саюз беларускіх пісьменнікаў знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі Вярхоўным судом, Беларускага ПЭН-цэнтра ўжо няма, а нас, беларускіх творцаў, рассеяла па ўсім свеце? Якія карані мы будзем адрошчваць у тых краінах, дзе апынуліся, на што мы можам абаперціся, дзе знайсці крыніцу нацыянальнай ідэі? Па-ранейшаму — у творчасці старэйшын, самых аўтарытэтных і самых мудрых.

Алесь Сцяпанавіч быў даволі замкнуты і непублічны чалавек, рэдка выступаў. Як быццам бы не хацеў растрачваць той каштоўны час, які насамрэч можна прысвяціць распрацоўцы новых паэтычных жанраў і форм, мастацкіх канцэпцый і ідэйных ракурсаў, пад якімі мысляр глядзеў на Беларусь. Кожнае яго слова — і ў жыцці, і ў вершах — было важкім, як камень, і добра прадуманым. Ён не любіў гаварыць дзеля проста прамаўлення. Калі казаць — то па справе. Часам ён уяўляўся мне Сізіфам, які коціць валуны сваіх вершаў на гару, імкнучыся знайсці ідэальную форму, ідэальны тэкст, і як быццам бы гэта атрымліваецца. А пасля з’яўляецца найноўшая эстэтычная знаходка, і шлях творцы няспынна працягваецца.

У выпадку Алеся Разанава і ён сам, і яго лірычны герой — маналітныя. Менавіта так яны ўяўляліся мне як паэту-пачаткоўцу, чытачцы, і цягам доўгіх гадоў знаёмства, калі мы перыядычна сустракаліся па справах Саюза беларускіх пісьменнікаў, гэтае ўражанне засталося нязменным. Так Алесь Сцяпанавіч і пісаў у адным з вершаў:
<…>Нiбы раздарожжа, я паказваю ўсiм, кудыiсьцi, а сам застаюся на месцы —на гэтай зямлi, пад гэтым небам,занадта лёгкi для глыбiнi,занадта цяжкi для вышынi,занадта цэласны, каб падаваццаў якi-небудзь бок...
(«На гэтай зямлі», «Дзеяслоў», 2013)
Камень, гліна, дрэвы, дарогі… Сіла зямлі. Відавочна, як творца Алесь Разанаў адчуваў ментальную повязь з продкамі. У яго тэкстах адчуваецца язычніцтва, якога зусім не варта баяцца, яно аўтэнтычнае, тутэйшае, жыццядайнае. І не ўяўляецца магчымым, што Алесь калі-небудзь, нават калі і пісаў на замежнай мове (у прыватнасці, на нямецкай, на якой у яго выходзіла не адна кніга), усё адно моцна абапіраўся на сваё адчуванне беларускасці. Ён несумненна, прынцыпова нацыянальны паэт. І пачатак яго творчага шляху, калі ён з аднадумцамі быў выключаны з універсітэта за адстойванне беларускай мовы, таму пацверджанне. Ён не здрадзіў гэтай пазіцыі да канца сваіх дзён.

Нягледзячы на тое, што Алесь Разанаў быў, так бы мовіць, «рэччу ў сабе», і публічнасць яго была хутчэй выключэннем, чым правілам, творчасць пісьменніка і перакладчыка была прыцягальнай і для старэйшых школьнікаў, якія вывучаюць сучасную беларускую літаратуру, і для даследчыкаў, і проста для аматараў глыбокай паэзіі, інтэлектуалаў. Кожны яго выхад на сцэну — гэта падзея. Выступаў рэдка, але метка — гэта пра яго. Прынамсі, такім я запомніла Алеся Сцяпанавіча.   

Алесь Разанаў чытае верш «На гэтай зямлі». Відэа Алены Казловай

Уплыў творчасці Алеся Разанава на фарміраванне паэтычнага пакалення 30-гадовых у нашай літаратуры несумненны. У нас юных былі два асноўныя ўзоры для пераймання: з расійскай паэзіі Іосіф Бродскі, а з беларускай — Алесь Разанаў. І няхай мае равеснікі і калегі закідаюць мяне словамі-камянямі, калі гэта не так. Алесь Сцяпанавіч быў, ёсць і застанецца аўтарытэтам для нас. Мы ўдзячныя яму і ўсім нашым старэйшым пісьменнікам за тое, што яны былі побач, дапамагалі нам знайсці свой шлях, за тое, што ім можна было патэлефанаваць у любы час, каб проста паразмаўляць або параіцца і пра творчасць, і пра жыццё. Я не ведаю, як яны там, у іншасвеце, ставяцца да сённяшніх падзей у Беларусі, але дакладна ўпэўнена: яны стаяць за нашымі спінамі і падтрымліваюць нас, каб мы не спатыкнуліся і не ўпалі на шляху да сапраўднай нашай свабоды.

Светлая памяць, Алесь Сцяпанавіч. Сёння на беларускім небе запаліцца Ваша зорка.


Нашым старэйшынам

А. Разанаву, Р. Барадуліну, Г. Бураўкіну, Н. Гілевічу
Я ступаю ў вашы сляды, я вас помню. Вы чуеце, як душа народа вашага стогне. Вы старшыя, вы карані, а мы галіны вашага дрэва. Вы свае, тутэйшыя, свойскія, крэўныя. Вы заўсёды за роўнасць і роднасць, а не за здраду і рэўнасць. Мы ведаем, што вы ёсць, вы зоры на беларускім небе, вы падземныя крыніцы ў глебе, вы ў зерні і ў хлебе. Ахініце нас, абараніце нас, калі чуеце, дайце нам знаць. Мы больш не нямыя, мы абяцаем больш не маўчаць.
Віка Трэнас