Калі я дарасту, мне ўспомніцца Алесь Разанаў
Пра Паэта можна гаварыць шмат. Але Паэт быў — і ён застаецца. Сёння мне хочацца сказаць пра чалавека. Пра чалавека, чый зямны шлях, на вялікі жаль, скончыўся.
Наша свядомасць уладкаваная так, што мы жывём, не адчуваючы часу. Руціна — звыклы стан душы, і засяроджанасць на моманце, на імгненні — талент асобных, асаблівых людзей: пісьменнікаў і паэтаў, мастакоў і скульптараў, музыкаў, — людзей творчых, здольных размаўляць з самім Часам на адным ім зразумелай мове.
У шэрасці будняў яны не заўважаюцца, іх прысутнасць побач — нешта звыклае, тое, што мы маем як дадзенасць, час ад часу толькі гледзячы на іх тым самым адзіўленнем, якое прыдумаў Шклоўскі, каб мы маглі спыняцца і заўважаць сябе ў моманце. Яны і сыходзяць большасцю сваёй незаўважна, але, калі гэта здараецца, пустэча іх месцаў адчуваецца з асаблівай тугою.
Я не ведала Алеся Сцяпанавіча. Напэўна, мала хто ўвогуле можа гэтым пахваліцца — сапраўдным веданнем Паэта. Я не ведала і яго тэкстаў — так, каб магла сказаць, што разумею іх. Мне не хапае глыбіні, мудрасці і жыццёвага шляху, каб ахапіць розумам і, што яшчэ больш важна, душою яго паэзію. Але, як гэта часта здараецца з няўмелым чытачом, яна кранае — чапляе нешта невядомае мне пакуль унутры, тое, што яшчэ вырасце, і аформіцца, і назавецца звыклымі ці не вельмі словамі, і, можа быць, у тую самую хвіліну, калі я дарасту, мне ўспомніцца Алесь Разанаў.
Пра Паэта можна гаварыць шмат. Але Паэт быў — і ён застаецца. Сёння мне хочацца сказаць пра чалавека. Пра чалавека, чый зямны шлях, на вялікі жаль, скончыўся.
Мы не цэнім тое, што маем, і пачынаем разумець сапраўды кошт рэчаў, з’яў, людзей, толькі калі страчваем іх. Я не была знаёмая з Алесем Сцяпанавічам, але ўпэўненая, што сёння мы страцілі ўнікальнага чалавека — чалавека, які, як ніхто іншы, адчуваў словы і ведаў цану кожнаму з іх, ведаў іх сілу, валодаў ёю і мог ёю кіраваць. Яго талент быў настолькі рэдкім, што, падазраю, калі Алесь Сцяпанавіч і меў спадзеў на разуменне, то толькі тут — у адзінай кропцы зямнога шару пад назвай Беларусь.
Сёння ў лепшы свет сышоў чалавек, дзякуючы якому наша мова назаўжды застанецца помнікам беларускай душы.
Светлая памяць Алесю Сцяпанавічу.
Спарышы
Бы дрэва, што мае адно карэнне, а дзве паставы, я — спарышы.
Той свет i гэты з’ядноўваюцца ўва мне, знаходзяць смерць i жыццё ўва мне ўвасабленне.
З дня ў дзень, з году ў год, з веку ў век збіраюся з тайнаю моцай, каб калі-небудзь абвергнуць сваё існаванне, адолець дваістасць i стаць насампраўдзе сабой.
На запытанні «Чаму?» i «Навошта?», з якімі скіроўваюся ўвышыню, вяртаецца мой адгалосак — рэха і, доўга вандруючы ў пространі між спарышоў, знікае.
Я ведаю: гэтак, як ёсць, не павінна быць.
Але гэтак ё с ц ь.
Палёт
Дакуль мне яшчэ трываць?
Птах, з якім я лячу праз імглістую бездань часу, з няволі — у вызваленне, са скрухі — у радасць, з цемры — у светлыню, паварочвае да мяне галаву i кажа:
датуль, пакуль хопіць часу,
датуль, пакуль хопіць цябе самога,
датуль, пакуль хопіць нас...
Я кармлю птаха сваім целам,
паю сваёю крывёю
i перастаю ўжо адрозніваць, дзе ён, а дзе я, а дзе час...
Усё загойваецца на мне мае цела,
усё аджывае ўва мне мая кроў,
усё патрабуе птах сабе новай ежы,
i ўсё доўжыцца праз стагоддзі наш нерухомы палёт.
Сляпы мастак
Трымаючыся за платы, спатыкаючыся аб
каменне, правальваючыся ў свежа насыпаныя
магілы сваіх сяброў, ён ідзе ў той даўні, далёкі,
вясновы сад, што некалі цвіў ад зямлі да неба i
прысвячаў яго ў неўміручасць i ў якім ён, яму
здаецца, нешта забыў.
З таго, што ён маляваў, паўставалі карціны,
што мелі свае памеры, попыт i кошт, аднак ён сам
маляваў не ix, а тое, што запыняла ўвагу i
падавала голас i чаго ён дарэшты не мог убачыць
i зразумець.
Белае бегла ў свет i вабіла за сабою, чорнае
моўчкі малілася каля сцяны, чырвонае ўрушва-
лася ва ўчынкі, жоўтае жала з'яву, зялёнае слу-
хала казку, блакітнае абяцала, сіняе спраўджвала
сны.
I хоць ніколі потым ён больш не быў у садзе,
сад незаўважна заўсёды стаяў у яго за вачамі,
нібы ён сам быў адно адмысловай прыладай, як
пэндзаль ці фарбы, a маляваў насампраўдзе сад.
Ён ідзе тым, што здзейснілася, i невідуш-
часць знаходзіць дарогу, што скончылася, а
прыйдзе — паўстане між дрэў, i дрэвы абступяць
яго, як сябры, i нейчыя рукі спагадна ў рукі яму
давацьмуць спелыя, пахкія, шчодрыя падарункі -
плады.
Надзея, якая не мае патрэбы ў абгрунтаванні
Мусім тлумачыць усім i сабе таксама, што азначаюць нашыя словы, i прыкладаць ix да нейкай, схаванай у памяці, меркі, каб ім вярнуць першаісны змест.
Мы на паверхні з'яваў: усё, чым былі мы істотныя, засталося ў пластах глыбіні, i хоць мы не вандроўнікі, мы ўсё адно ў выгнанні, i забароны кіруюць намі, з дня ў дзень прывучаючы нас зразумець ізасвоіць, што дазваляецца нам, што — не...
Цьмяныя нашы мэты, і, асягаючы ix, пярэчым шчырым сваім памкненням: усё-ткі мы трацім усякі раз болей, чым здольны набыць.
Мы ў спрэчцы з сабой.
Але, быццам багіня кранае рукой за касмык валасоў, незаўважна для ўсіх астатніх, угневанага Ахіла, нас раптам кранае спакой —
i мы пазіраем з надзеяй, якая не мае патрэбы ў абгрунтаванні, у тое, што мае быць.