Вазнясенскі: «Я назаўжды палюбіў Беларусь»

Пра Аляксандра Вазнясенскага ёсць толькі згадка ў Беларускай энцыклапедыі. А між тым, ён унёс значны ўклад у літаратуразнаўства і тэатральнае мастацтва, хаця пражыў у Беларусі толькі 10 гадоў.   



foto_vozniesienskoho_1_11.jpg

Сустрэча з Янкам Купалам

Нарадзіўся Аляксандр Вазнясенскі (Узнясенскі, Узнесянскі) у Сімбірскай губерні ў Расіі. Пасля заканчэння ў 1913 годзе славяна-рускага аддзялення гісторыка-філалагічнага факультэта Варшаўскага ўніверсітэта атрымаў там магчымасць навуковай падрыхтоўкі да прафесарскага звання. Але Першая сусветная вайна прымусіла памяняць месца жыхарства, а таксама ўсе свае жыццёвыя планы. Спачатку працаваў асістэнтам, прыват-дацэнтам гісторыка-філалагічнага факультэта Растоўскага ўніверсітэта, а ў 1921 годзе па запрашэнні першага рэктара толькі што адкрытага Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, прыехаў у Мінск. Дацэнт, а з 1927 года прафесар БДУ.

Хутка вывучыў беларускую мову, шмат чытаў твораў беларускіх аўтараў, з многімі літаратарамі быў знаёмы асабіста, сябраваў. Вясной 1926 года, калі пачаў вывучаць творчасць Янкі Купалы, быў запрошаны песняром да сябе на кватэру на Кастрычніцкай вуліцы. «Я быў у яго каля дзвюх гадзін, — згадвае Вазнясенскі ў зборніку «Янка Купала». — Увесь час быў запоўнены ажыўленай размовай на літаратурныя тэмы. Гутарка пачалася з Лермантава, выданне якога (пад рэдакцыяй В.В. Калаша) ляжала на стале разам з другімі кнігамі ў некаторым, як кажуць, «лірычным» непарадку. Іван Дамінікавіч адразу пачаў гутарку аб рускім паэце. Ён выказаў захапленне ім, звярнуўшы ўвагу на станоўчыя здабыткі яго творчасці... Купала адзначыў пратэстуючы пачатак у паэзіі Лермантава і, гаворачы аб гэтым, закрануў у той жа сувязі Пушкіна і Някрасава. Затым размова перайшла да класікаў сусветнай літаратуры. Былі закрануты імёны Шэкспіра, Шылера, Гётэ, Байрана, Беранжэ, Міцкевіча і шмат іншых. Я выйшаў ад беларускага паэта і быў здзіўлены яго надзвычай шырокім літаратурным даляглядам, яго глыбокім веданнем літаратуры, яго ўменнем разумець сутнасць і значэнне кожнага мастака. Маё наведванне засталося незабыўным».

У 1920-х гадах Аляксандр Вазнясенскі шмат пісаў і друкаваўся. У часопісах «Полымя», «Узвышша», «Крывіч», «Маладняк», у «Працах БДУ». Ён аналізаваў творчасць Янкі Купалы, Максіма Багдановіча, Якуба Коласа, даючы параўнальна-тыпалагічную характарыстыку іх творчасці ў кантэксце еўрапейскіх літаратур. У часопісе «Полымя» за 1929 год апублікаваў сваё вялікае даследаванне «Ля вытокаў мастацкай прозы Якуба Коласа».

 

Захапленне беларускім тэатрам

Працуючы ў Белдзяржуніверсітэце, Аляксандр Вазнясенскі даследаваў гісторыю беларускага тэатра, а таксама беларускі тэатр 1920-х гадоў. Сам крытык прымаў актыўны ўдзел у рабоце тэатральнай падсекцыі Інбелкульта, добра ведаў тагачаснае тэатральнае жыццё. Як адбітак з часопіса «Узвышша», у 1927 годзе выйшла яго праца пра сучасны беларускі тэатр за 1921–1926 гады, а ў красавіку 1930 года «Маладняк» апублікаваў яго артыкул «Перспектывы сучаснага беларускага тэатра».

Чэрвеньскі нумар часопіса «Узвышша» за 1929 год вынес на суд чытачоў цікавае даследаванне Аляксандра Вазнясенскага «Другі Беларускі Драматычны Тэатр». Даследчык расказаў пра станаўлення калектыву БДТ, прааналізаваў яго рэпертуар, рэжысёрскае і акцёрскае майстэрства, сцэнаграфію, спыніўся на п’есах В. Шашалевіча «Апраметная», А. Глобы «Астап», М. Грамыкі «Каля тэрасы» і іншых драматургаў.

Высылка

У 1930 годзе прафесару Вазнясенскаму ДПУ БССР загадала пакінуць тэрыторыю Беларусі. Пакуль што гэта была высылка ў Маскву. У сталіцы Аляксандр Вазнясенскі ўладкаваўся на працу ў Маскоўскі гарадскі педагагічны інстытут, пасля працаваў у Маскоўскім інстытуце кінематаграфіі, у Народным камісарыяце цяжкай прамысловасці.

Але ў 1934 годзе ў Мінску арыштавалі прафесара Івана Замоціна, які не вытрымаў допытаў і даў паказанні пра міфічную арганізацыю «Рускай нацыянальнай партыі», да якой нібыта ён сам належаў і належалі іншыя навукоўцы, сярод якіх і Аляксандр Вазнясенскі.

Івана Замоціна хутка адпусцілі, а Вазнясенскага ў 1934 годзе арыштавалі. У сваіх паказаннях у 1956 годзе Вазнясенскі пісаў: «Когда я был арестован в 1934 году в Москве вместе с академиками Перетц и Сперанским, мне зачитали показания Замотина, который называл меня монархистом... После долгих истязаний, применяемых ко мне, я вынужден был дать показания на Замотина... Замотин пострадал благодаря своей слабохарактерности и трудности...» («Советская Белоруссия», 19 студзеня 2007).

Пасля арышту Вазнясенскага накіравалі ў Ташкент, дзе літаратуразнавец пражыў цэлых 5 гадоў. За гэты час ён паспеў наладзіць сувязь з беларускім крытыкам і літаратуразнаўцам Уладзіславам Чаржынскім, які ўжо некалькі гадоў жыў і працаваў у Казані, куды быў сасланы з Мінску. Магчыма, Чаржынскі дамовіўся з працаю і паклікаў Вазнясенскага з Ташкента ў Казань. Дый жылі яны пазней на адной вуліцы Дзяржынскага ў Казані: Чаржынскі — у доме № 15, кв. 8, Вазнясенскі — у доме № 11, кв. 54.

У 1939 годзе Аляксандр Вазнясенскі прыехаў у Казань і ўладкаваўся на працу ў Казанскі педагагічны інстытут. У 1943 годзе ён абараніў доктарскую дысертацыю на тэму «Даследаванні па гісторыі новай беларускай літаратуры». Дарэчы, яна не выдавалася і цяпер захоўваецца ў бібліятэцы Казанскага ўніверсітэта.

Пасля абароны доктарскай дысертацыі, Аляксандр Вазнясенскі некалькі гадоў кіраваў кафедрай рускай і замежнай літаратур. Шмат працаваў, арганізоўваў навуковыя сесіі і канферэнцыі па літаратурных праблемах, вёў навуковыя даследаванні па праблемах нацыянальнай спецыфікі літаратуразнаўства і метадалогіі літаратуры, у тым ліку і па беларускай, развіваў традыцыі акадэмічнага літаратуразнаўства. У 1943 годзе яго прызначылі дэканам гісторыка-філалагічнага факультэта Казанскага ўніверсітэта.

Недалёка ад Казані ў Печышчах (прыехаў сюды ў лістападзе 1941 года) жыў тады Янка Купала. У пачатку чэрвеня тут адбылася другая сустрэча Аляксандра Вазнясенскага з нашым песняром. 16 гадоў яны не бачыліся. Усю ноч гутарылі пра Беларусь, літаратуру, пра падзеі на фронце. Праз некалькі дзён Купала завітаў да Вазнясенскіх. Гэта была іх апошняя сустрэча...

 

Рэабілітацыя

Доктар філалагічных навук, прафесар, літаратуразнавец і крытык Аляксандр Вазнясенскі памёр у Казані ў 1966 годзе, дзе і пахаваны. Студэнты і выкладчыкі Казанскага ўніверсітэта памятаюць пра свайго выкладчыка. У музеі і архіве ўніверсітэта захоўваюцца яго дакументы, запісы, публікацыі, фотаздымкі, дзённікі, творы, афішы аб правядзенні розных навуковых сесій гісторыка-філалагічнага факультэта. Сярод дакументаў ёсць там і даведка № 58 КК РСФСР ад 1945 года аб зняцці з Вазнясенскага судзімасці, а таксама даведка аб рэабілітацыі, атрыманая з Маскоўскага гарадскога суда ў 1964 годзе за подпісам старшыні суда Асятрова.

У даведцы, дарэчы, сказана, што «дело по обвинению Вознесенского Александра Николаевича, до ареста профессор Московского областного педагогического института, пересмотрено Президиумом Московского городского суда 26 октября 1964 года. Постановление коллегии ОГПУ от 29 марта 1964 года отменено, а дело в отношении Вознесенского Александра Николаевича, 1888 года рождения, производством прекращено за отсутствием в его действиях преступления. Вознесенского Александра Николаевича по настоящему делу реабилитировать».

P.S.Калі жыў у Слоніме прафесар Алег Лойка, я ў яго неяк запытаўся пра Аляксандра Вазнясенскага. Алег Антонавіч тады сказаў: «Аляксандр Вазнясенскі, Уладзімір Пічэта і Іван Замоцін — выдатныя навукоўцы, якія ўнеслі вялікі ўклад у беларускую гісторыю і філалогію ў 20–30-х гадах ХХ стагоддзя. Гэта быў нялёгкі, супярэчлівы і жорсткі час для Беларусі. Але вучоныя ў сваіх творчых ацэнках кіраваліся эстэтычнымі крытэрыямі, а не вульгарна-сацыялагічнымі догмамі. Аляксандр Мікалаевіч Вазнясенскі быў настаўнікам майго настаўніка Юліяна Пшыркова. Калі я чытаў артыкулы Вазнясенскага, мне здавалася, нібыта гэта былі артыкулы Пшыркова. Таму што разуменне было аднолькавае. Якуба Коласа ў той час шальмавалі, але крытык Аляксандр Вазнясенскі на гэта не паддаўся. І пісалі Вазнясенскі, Замоцін і Пічэта па-беларуску. Дарэчы, Замоцін быў прафесарам Варшаўскага ўніверсітэта, Пічэта — рэктарам і прафесарам Белдзяржуніверсітэта, пасля — Маскоўскага ўніверсітэта, Вазнясенскі — прафесарам Казанскага ўніверсітэта. Гэта былі найвялікшыя асобы Беларусі ХХ стагоддзя».