Сусветна вядомаму беларускаму навукоўцу Барысу Кіту — 105 гадоў

Сусветна вядомаму беларускаму навукоўцу Барысу Кіту — 105 гадоў



barys_kit.jpg

6 красавіка спаўняецца 105 гадоў Барысу Кіту — выбітнаму беларускаму педагогу і навукоўцу, які спрычыніўся нават да падрыхтоўкі палёта чалавека на Месяц. Але ж у Беларусі ён вядомы перадусім як актыўны дзеяч дыяспары і культурны мецэнат у эміграцыі.

Барыс Кіт (яго сапраўднае прозвішча — Кіта) нарадзіўся ў 1910 годзе ў беларускай сям’і ў Пецярбургу. Праз восем год сям’я вярнулася на радзіму. Ён скончыў Навагрудскую беларускую гімназію, фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта.

У 1930–1940-я гады Барыс Кіт займаўся пераважна выкладчыцкай, педагагічнай дзейнасцю. Спачатку ён меў непрыемнасці з польскімі ўладамі, а ў часе Другой сусветнай вайны трапляў у турму гестапа. У гады акупацыі ён ствараў беларускія школы, што дазваляла выратаваць моладзь ад адпраўкі ў Германію на прымусовыя працы.  

З лета 1944 года Барыс Кіт эміграваў у Германію. У 1945-48 гадах ён вывучаў медыцыну ў Мюнхенскім універсітэце, а ў 1948 годзе перабраўся ў ЗША. Тут ён стаў актыўным дзеячам дыяспары і дапамог болей як 300 сем’ям беларускіх палітуцекачоў трапіць у Злучаныя Штаты.

У ЗША ён спачатку рэалізаваў сваю хімічную адукацыю і працаваў у фармацэўтычных кампаніях. Але потым ён вярнуўся да фізікі і матэматыкі і ўвайшоў у склад навукоўцаў, якія займаліся праблемамі касманаўтыкі. Займаў пасады ў кампаніях і ведамствах аэракасмічнай галіны. Сярод іншага Барыс Кіт падрыхтаваў матэматычны разлік палётаў касмічных караблёў на Месяц і стаў аўтарам першага ў гісторыі падручніка па ракетнай тэхніцы і ракетным паліве Rocket Propellant Handbook (1960).

За ўнёсак у развіццё астранаўтыкі Кіт быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: лаўрэат залатога медаля Германа Оберта і Вернэра фон Браўна (ФРГ), сябар Залы славы Вашынгтонскага біяграфічнага інстытута (ЗША), уладальнік падзякі Федэрацыі касманаўтыкі Расіі. Імя Кіта сярод славутых навукоўцаў Амерыкі замуравана ў капсуле часу ў сцяну Капітолія.

У эміграцыі ён стаў мецэнатам беларускай культуры. У 1990-х гадах ён тройчы наведваў  Беларуь і спрабаваў закласці нацыянальны ўніверсітэт еўрапейскага кшталту.

Барыс Кіт — ганаровы жыхар Навагрудка, дзе адчынены яго музей (2008).

Фота: Budzma.org



euroradio.by