Барыс Кіт: легенда касмічнага маштабу
Пра жыццё гэтага чалавека можна смела здымаць кіно. Вялікі эпічны фільм з галівудскім размахам. Самы сталы беларус у свеце, навуковец з сусветным імем, Барыс Кіт святкуе 6 красавіка свой 107-мы Дзень народзінаў.
![az_1696bw_800x538.jpg az_1696bw_800x538.jpg](/img/v1/news/full/az_1696bw_800x538.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Барыс Кіт
Кінастужка атрымалася б вялікая – на цэлы корпус серыяў, кожная з якіх была б прысвечаная асобнаму перыяду жыцця галоўнага героя. Як “Хронікі маладога Індыяны Джонса”,
у якіх на фоне жыцця вядомага навукоўца-археолага паказаныя пераломныя моманты ў жыцці цэлых народаў. Але герой Джорджа Лукаса – персанаж выдуманы, зборны вобраз, які ўвабраў у сябе
найлепшае з амерыканскіх прыгодніцкіх тэлесерыялаў. Мы ж маем справу з рэальным чалавекам, хто скарыў Амерыку і ёсць не проста сведкам стагоддзя, але і непасрэдным удзельнікам многіх
вызначальных падзей для беларускага народа ў прыватнасці і для чалавецтва ў цэлым.
Барыс Кіт нарадзіўся ў колішняй сталіцы Расійскай імперыі ў 1910 годзе. Дзяцінства і юнацтва правёў на Наваградчыне. Скончыў народную школу ў Карэлічах, Навагрудскую беларускую гімназію, фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта.
![budzma.by__wp_content_uplo_4a2d95a35d1b4e2849083c9eb0ebce70.jpeg budzma.by__wp_content_uplo_4a2d95a35d1b4e2849083c9eb0ebce70.jpeg](/img/v1/images/budzma.by__wp_content_uplo_4a2d95a35d1b4e2849083c9eb0ebce70.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Барыс Кіт у дзяцінстве
У 1930-я Барыс Кіт працаваў выкладчыкам у легендарнай Віленскай беларускай гімназіі і нават паспеў стаць яе дырэктарам у 1939 годзе. У той час гэта была не проста навучальная установа, а сапраўдная кузня кадраў, дзе гартавалася будучая нацыянальная эліта. Калі пачаць пералічваць усіх, хто ў ёй вучыўся і выкладаў, то атрымаецца асобны тэкст з вялікім спісам персаналій. Трыццатыя гады для Заходняй Беларусі, як вядома, былі часам неспакойным. І вось наш герой быў у самым цэнтры гэтага вірлівага жыцця.
Яшчэ з маладых гадоў Барыс Кіт захапляўся паэзіяй, нават стварыў гурток падчас навучання ў Наваградскай гімназіі. Відаць, менавіта таму свае заняткі ўжо ў якасці выкладчыка ў Віленскай беларускай гімназіі ён пачынаў з вершаў. Чытаў вучням Хведара Ільяшэвіча, Сяргея Хмару, Максіма Танка, Наталлю Арсенневу ды іншых.
![budzma.by__wp_content_uplo_52aa18b5d1814202a086b8e1fa9cec9d.jpeg budzma.by__wp_content_uplo_52aa18b5d1814202a086b8e1fa9cec9d.jpeg](/img/v1/images/budzma.by__wp_content_uplo_52aa18b5d1814202a086b8e1fa9cec9d.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Пасведчанне настаўніка матэматыкі дзяржаўнай гімназіі ў Вільні, 1935 год
Разам з выкладчыцкай дзейнасцю не забываўся спадар Барыс і пра беларускую справу – актыўна займаўся развіццём беларускай школы ў Заходняй Беларусі. Двойчы ён быў арыштаваны польскімі ўладамі і сядзеў у турме: першы раз у Наваградку за дачыненні з “Грамадой” Браніслава Тарашкевіча, другі раз у Віленскай турме на Лукішках па справе Таварыства беларускай школы. Сядзеў, дарэчы, разам з вядомым беларускім дзеячам Рыгорам Шырмай.
З прыходам савецкай улады Барыс Кіт застаецца ў адукацыйнай сферы – працуе школьным інспектарам у Баранавіцкай вобласці, займаецца арганізацыяй беларускіх школ, выкладае матэматыку.
Падчас нямецкай акупацыі ён будзе дырэктарам у Беларускай настаўніцкай семінарыі ў Маладзечне, а пасля ў Паставах. Таксама будзе ачольваць Адміністрацыйна-гандлёвы інстытут у Маладзечне. За немцамі, як і за палякамі, яго зноў арыштоўваюць і кідаюць за краты. Гэтым разам яго нават ледзь не расстралялі – ад смерці ў Вілейскім СД выратавалі колішнія яго вучні з Віленскай беларускай гімназіі.
У 1944 годзе, калі Чырвоная Армія наступала па ўсіх франтах, Барыс Кіт разам з іншымі вядомымі беларускімі дзеячамі культуры і навукі выязджае на Захад, спачатку ў Германію, а затым у Амерыку. Усе яны добра разумелі, што іх чакае па вяртанні савецкай улады, таму выбралі жыццё на чужыне. Беларусь недалічылася шматлікіх спецыялістаў, якія б маглі паслужыць на карысць Бацькаўшчыне. Нездарма вядомы беларускі гісторык, доктар гістарычных навук, прафесар Леанід Лыч называе масавы паваенны ад’езд беларусаў найвялікшай нацыянальнай трагедыяй для беларускага народа.
![budzma.by__wp_content_uplo_6f2b3226eb3f521505bbb2c8329903fe.jpeg budzma.by__wp_content_uplo_6f2b3226eb3f521505bbb2c8329903fe.jpeg](/img/v1/images/budzma.by__wp_content_uplo_6f2b3226eb3f521505bbb2c8329903fe.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
На чужыне Барыс Кіт няспынна вучыцца. У Амерыцы пачынае займаецца касмічнымі распрацоўкамі. Ён адзін з тых, дзякуючы каму адбылася рэвалюцыйная для ўсяго чалавецтва падзея – высадка чалавека на Месяц. Справа ў тым, што менавіта спадар Барыс – вынаходнік інавацыйнага віду паліва, вадкага вадароду, якое выкарыстоўвалася для запускаў у космас. Акрамя гэтага, ён займаецца развіццём сувязі паміж Зямлёй і Месяцам. Дзякуючы навуковым распрацоўкам Барыса Кіта мы можам цяпер глядзець фота і відэа са спадарожніка. Ён жа напісаў і выдаў першы ў гісторыі чалавецтва падручнік па астранаўтыцы.
У 1972 годзе Барыс Кіт вяртаецца ў Германію, у горад Франкфурт-на-Майне, дзе займаецца універсітэцкімі даследаваннямі і выкладчыцкай дзейнасцю. Зразумела, што і тут ён дасягае поспеху.
![budzma.by__wp_content_uplo_fd3595d36b9d5a095500edaa03bb89ab.jpeg budzma.by__wp_content_uplo_fd3595d36b9d5a095500edaa03bb89ab.jpeg](/img/v1/images/budzma.by__wp_content_uplo_fd3595d36b9d5a095500edaa03bb89ab.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Барыс Кіт – прафесар Вашынгтонскага Мэрылендскага ўніверсітэта, 1983 год
Не забываўся Барыс Кіт і на сукрэвічаў – дзякуючы яго намаганням ў штаце Нью-Джэрсі паўстала найбуйнейшая калонія беларусаў у ЗША. Там атабарылася болей за 300 беларускіх сямей. Таксама наш герой з’яўляўся фундатарам для многіх беларускіх эміграцыйных арганізацый.
Не буду пералічваць ўсе рэгаліі спадара Барыса – ахвочыя без цяжкасцяў знойдуць усё ў сеціве. Адзначу толькі, што мова, а наш герой вольна валодае 6 мовамі, а таксама жаданне вучыцца робяць фенаменальныя рэчы!
На прыкладзе Барыса Кіта можна не толькі здымаць гістарычнае кіно, але і пісаць матывацыйныя кнігі. Яго жыццё – яркі доказ таго, што беларус можа дасягнуць поспеху не толькі на Радзіме, але і па-за яе межамі, не забываючыся пры гэтым на родную старонку.
![budzma.by__wp_content_uplo_ee3da2643aec6bded19d2decbb9a0b7d.jpeg budzma.by__wp_content_uplo_ee3da2643aec6bded19d2decbb9a0b7d.jpeg](/img/v1/images/budzma.by__wp_content_uplo_ee3da2643aec6bded19d2decbb9a0b7d.jpeg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Нядзіўна, што імя Барыса Кіта было закладзенае ў «капсулу часу» разам з імёнамі найлепшых навукоўцаў сусветнай касманаўтыкі, якая замураваная ў сцяну амерыканскага Капітолія. Нашчадкі і праз 500 гадоў, калі яе ўскрыюць, будуць ведаць сваіх герояў.
Мы ж павінныя і цяпер ганарыцца нашай легендай касмічнага маштабу – Барысам Кітом.
Віншуем юбіляра!
Канстанцін Касяк, на замову МГА “Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”
Фота з кнігі “Зорны шлях”, укладальнік Лідзія Савік, “Кнігазбор”, 2011