Сваёю пуцявінай

Вяртаючыся памяццю ў маладосць, бачу пачатак самастойнай жыццёвай дарогі даволі памысным. Да часу заканчэння ўніверсітэта развітаўся з юначай марай, падказанай класікам, героем аповесці «У палескай глушы» Лабановічам — панастаўнічаць дзе-небудзь у беларускай глыбінцы. Гады навучання ў БДУ толькі прыадкрылі заслону над зманліва неабсяжным светам духоўнасці чалавецтва, яго культуры.

Мінск. На скрыжаванні вуліц Рэвалюцыйнай і Рэспубліканскай. Канец 1950-х
Пачуваўся душэўна ўтульна ў цішыні ўніверсітэцкага навуковага кабінета беларускай мовы, пры сцішаным перагортванні кніжных старонак у бібліятэках горада, улучна з цяперашняй нацыянальнай, якая тады была ў цэнтры, а не наводшыбе, як сёння.
Усцешна ўзрушвалі канцэрты-лекцыі ў філармоніі, калі ўведанае з вуснаў музыказнаўца пра жыццё і творы кампазітара раскрываў, даносіў аркестр. Асабліва калі ім дырыжыраваў Дуброўскі. Будзілі штось глыбей схаванае, роднае канцэрты акадэмічнай капэлы незабыўнага Рыгора Раманавіча Шырмы.
Аднойчы, якраз у час канцэрта, на хвалі духоўнага ўзвышэння раптам востра адчуў нашу беларускую абдзеленасць гістарычным лёсам. Выбрынула думка-ідэя «Песня прасілася ў свет» — слова пра апантанага фалькларыста-этнамузыколага Антона Грыневіча, расстралянага ў Салаўках, ахвярнага рупліўца з яго непатольнай марай пра беларускіх чайкоўскіх, шапэнаў, грыгаў.
Да слова сказаць, тады яшчэ не ўсведамляў, што менавіта багаццем, ведамі сусветнай культуры, літаратуры быў захінёны ад усеўладнай казёншчыны ў жыцці, якую адчуў рана і балюча востра. Ведаў, што па-за Мінскам усё гэта багацце духу будзе маладасяжнае, і пакідаць сталіцу не дужа хацелася. Думаў, каб павучыцца далей, і такая магчымасць надарылася.
Пакуль я самаўладкоўваўся на працу, мне на хатні адрас, да бацькоў у вёску, прыйшло кароткае паведамленне. Падпісана яно было выкладчыцай беларускай літаратуры на філалагічным факультэце В.В. Казловай. Прадпісвалася неадкладна з’явіцца ва ўніверсітэт.
Калі прыехаў, Вольга Васілеўна сказала, што ў Акадэміі навук аб’яўлены прыём у аспірантуру, у тым ліку па спецыяльнасці «фалькларыстыка», і кафедра літаратуры рэкамендуе мяне. Я выказаў згоду ды ўдзячнасць, а яна неяк усцешна весела дадала, маўляў, яшчэ аднаго падуладкавалі. Адразу не паспеў і задумацца, чаму менавіта на мяне выпаў выбар. Пазней падумалася, можа таму, што ў навуковым семінары выкладчыцы прачытаў-засвяціўся двума рэфератамі, — адным, прысвечаным пейзажу ў лірыцы Якуба Коласа, другім, дзе намагаўся асэнсаваць грамадзянскія матывы ў паэзіі Максіма Багдановіча. Гэта, мабыць, запомнілася маёй нечаканай апякунцы. Зрэшты, відаць, у той сітуацыі з аб’яўленай аспірантурай нешта заважыў мой дыплом «Народная песня ў творчасці Янкі Купалы». Праўда, пісаў яго пад кіраўніцтвам Івана Якаўлевіча Навуменкі...
Не сказаць, каб я быў захоплены фальклорам, звязваў з ім надзею на навуковую будучыню. Кароткі курс гэтага прадмета, прачытаны нам на філфаку адзіным знаным на 50-я гады беларускім фалькларыстам-этнографам Міхалам Грынблатам, прызнацца, мяне неяк не зачапіў. Праўда, няўзнак западалі ў душу матчыны песні. Пры нейкай лягчэйшай рабоце, пакалыхваючыся ў такт песні, яна часам ціха напявала сабе:
Ці свет, ці світае, ці на зоры займае...
Задумлівую:
«О, баравая зязюля, чаму ў бары не кукуеш,
Чаму ў бары не кукуеш, чаго ў наш сад прылятаеш?».
Або зажураную, восеньскую:
«Чаго, лосю, чаго сівенькі,
Так к сялу прылягаеш?
Ці ты, лосю, ці ты, сівенькі,
Блізкую зіму чуеш?.. »
У студэнцкія гады я запісаў ад маці з капу народных і літаратурнага паходжання беларускіх песняў, і той песеннай вязанкай можа нешта наканоўвалася пры смутным выбары жыццёвага занятку, будучыні.
Але тое было развагі, разважанні. А тым часам трэба было, не марудзячы, што называецца, сабрацца з духам ды здаць уступныя экзамены, да якіх заставалася нядоўга. Са сваімі ведамі па замежнай нямецкай мове я меў засцярогу што да поспеху. Але пашанцавала. Тэкст для перакладу, нешта з гэдээраўскай белетрыстыкі, адолеў я не да канца ды і перакладзенае выглядала каструбавата. На маё шчасце, у прыёмнай камісіі быў акадэмік Перцаў, германіст, даследчык сярэднявечнай Нямеччыны. Паважны Стары, нічога не сказаўшы, з-пад акуляраў паўглядаўся ў маладзёна, пацікавіўся, чым збіраюся заняцца ў аспірантуры, і нечакана запытаўся: «Вы чыталі Генрыха Гейнэ? Можа і ў арыгінале?» Так здаралася ў маім маладым жыцці, што пэўным цягам часу я захапляўся больш адным нейкім творцам, паэтам, празаікам, кампазітарам, потым, далей — нейкім іншым. На першым курсе — Тарасам Шаўчэнкам, Шандарам Пецёфі, на другім — Аляксандрам Блокам, на трэцім-чацвёртым — Рамэнам Раланам і Іванам Буніным. А на пятым — Генрыхам Гейнэ. Любіў яго «Германія — зімовая казка» за непрыняцце, дасціпнае высмейванне ўсяго фальшывага ў чалавеку і грамадстве. Пра палітыкаў, што «паціху цягнуць (смакуюць) віно, прапаведуючы ваду публічна». «Салаўі, я чую стукат вашых капытоў», — казаў паэт пра дэмагогаў ад практычнай палітыкі. Тое імпанавала юнаму студыёзусу.
Акадэмік-экзаменатар раптам стаў чытаць на памяць Гейнэ ў арыгінале. Я ж, беручы ладны том выбранага паэта ў рукі амаль што дзень перад тым, як легчы спаць, адразу здагадваўся, які гучаў верш, бо няблага ведаў тое ў рускім перакладзе і пераказваў нібы перакладаў пачутае.
Апошнім неардынарны экзаменатар кінуў мне па-нямецку ўлюблёны афарызм Фрыдрыха Энгельса: «Тэорыя, мой дружа, — шэрая. Вечна зелена дрэва жыцця».
Без помачы Гейнэ, адназначна, экзаменацыйнага бар’ера па нямецкай мове мне б не адолець.
Я мог радавацца. Хоць, па праўдзе, не выпадала рабіць гэта на фоне суцэльнай паразы брата-абітурыента: з 95-ці прэтэндэнтаў на месца ў аспірантуры прыблізна палова нашага брата экзамен па замежнай мове праваліла. І прычына была не ў завышаных патрабаваннях з боку акадэмічнай кафедры замежных моваў. Такі ўзровень быў аб’ектыўна абумоўлены нашымі рэальнымі ведамі прадмета.
Я спакойна адправіўся ў вёску да бацькоў. У чаканні выкліку на навучанне ў АН чытаў дзённікі Льва Талстога, упершыню даведаўся аб дзіўнаватым намаганні тытана пяра зрынуць з п’едэсталу тэатра Шэкспіра, поўнай негацыі ім опернага мастацтва, адмаўленні музыкі Шапэна, якая элегічна-мройліва азывалася ў маім сэрцы.
Тым часам мая прыкідка, план аб далейшым навучанні ўраз раскідваецца.
Прафесар Залескі, які месяц таму віншаваў мяне з паспяховай здачай экзамену, гаварыў аб маёй запатрабаванасці ў праектаваным у акадэмічнай сістэме Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, развёў рукамі. Толькі што выйшла новае распараджэнне аб правілах прыёму ў аспірантуру, дзе абазначана адназначна: паступіць у аспірантуру можна адно пры ўмове наяўнасці працоўнага стажу. Сказана катэгарычна, як у законе, інструкцыі. У маладосці ўдачы і няўдачы ўспрымаюцца, перажываюцца проста. І я з няўдачы не рабіў драмы. Трэба было шукаць працу. Не адкладваючы, зайшоў у Дом друку, балазе ён быў тут, побач з Акадэміяй.
Неацэненаму маладзёну, які не маючы не толькі вытворчай практыкі, а нават журналісцкай адукацыі, так папросту пастукаўся ў дзверы рэдактара рэспубліканскай газеты, нічога не заставалася, як падацца далей, можа нават вышэй.
Скіраваўся ў міністэрства культуры. Вядома, не наўпрост да самога міністра. Да такога нахабства яшчэ не дайшоў. Пастукаўся да загадчыка нейкага аддзела, на шыльдачцы дзвярэй якога прачытаў «Падбярэзкі». У непрасторным кабінеце, без сакратаркі, быў прыняты, здаецца, з разуменнем.
Пажылы, самавітага выгляду чалавек сядзеў не за сталом, а неяк збоку ад яго. Фактычна тануў у глыбокім фатэлі. Кіўнуў мне на крэсла непадалёк ад сябе. Пачаў сам з роспыту пра адукацыю, калі скончыў універсітэт, чаму без працы. Калі даведаўся, адкуль родам, сказаў, што Міністэрства плануе адкрыць у Кушлянах музей у сядзібе Францішка Багушэвіча. Але яшчэ не ўсё падрыхтавана. І рэальна музей будзе адчынены на лета. Мне такая перспектыва вельмі імпанавала. Але гэта трэба было чакаць, і то нямала. Ішоў снежань месяц 1956 года. Ужо цяпер будзе паўгода па заканчэнні ўніверсітэта, як я фланірую з ромбам на лацкане пінжака. А што далей?
На той час горад, праз які я выбіраўся ў свет, у тым ліку ў Мінск, меў статус абласнога цэнтра. У Маладзечна перш-наперш завітаў у аддзел культуры. Застаў старога знаёмца па ўніверсітэце Федзю Барысевіча. Ён год, можа, два, як закончыў гістфак і быў задаволены працай пры ўстанове культуры тут.
Ці я зрабіўся нахабны ў сваёй самастойнасці, але пэўна сцяміў: калі хадзіць па начальству ў нейкай справе, то трэба браць вышэй. Кажучы канкрэтна, я пастукаўся ў кабінет трэцяга сакратара Маладзечанскага абкама партыі. Прама сказаў, што не ўдалося паступіць у аспірантуру і таму запознена шукаю працу. Спадзяваўся, што адкрыецца музей Францішка Багушэвіча.
«Можа, месца літаратурнага супрацоўнікаў пры вашым жаданні вучыцца далей было б, відаць, дарэчы». Але яшчэ калі той музей адкрыецца, пройдзе нейкі час. А як вы, малады спецыяліст, будзеце без работы? Ураз гэты чарнявы, у самым прыгожым мужчынскім веку чалавек сагнаў са свайго твару хмурасць і кажа: «Ёсць месца... Папрацуеце два гады сакратаром у раённай газеце ў Відзах... А потым я Вас пашлю ў партыйную школу ў Маскву: нам трэба нацыянальныя кадры».
У маладзёна, якога таварыш трэці сакратар бачыў першы раз, на той час не было нават цьмянага ўяўлення, што такое кар’ера. Ну ніякага, зусім. А я што ж. Ну які з мяне газетчык, ды яшчэ сакратар, нешта як начштаба «раёнкі»? У мяне ж ні адпаведнай адукацыі, ніякага, нават зялёнага ўяўлення аб газетнай справе. Падзякаваў зычліваму гаспадару паважнага кабінета. Застаўся пры сваіх нічыіх. Пазней даведаўся, што прымаў мяне Аляксандр Хацкевіч, які неўзабаве сам сышоў з партработы ў навуку. Працаваў у Інстытуце гісторыі АН... У 90-я гады, адышоўшы ад прыярытэтных тэм савецкай гістарыяграфіі, нешта паспеў яшчэ апублікаваць з рэальнай палітычнай гісторыі Беларусі.
Прапанова гэтая магла ўразіць перспектывай, але не бянтэжыла, як тая, што быў атрымаў год таму, падчас выкліку ў ваенкамат. З’явіўся па павестцы як ваеннаабавязаны, лейтэнант запасу. Такое званне нам прысвойвалася пасля навучання на ваеннай кафедры Белдзяржуніверсітэта.
Ваенкам, асвядоміўшыся, хто прыйшоў, сказаў: «З вамі хоча пагаварыць чалавек, і адчыніў дзверы поруч з уласным кабінетам. Я не паспеў разгледзець таго, каму раптам спатрэбіўся, як пачуў: «Вы заканчваеце ўніверсітэт?» Паспеў адно пацвердзіць, што так, як пачуў: «Мы прапануем вам паехаць працаваць у газету пры воінскай часці ў ГДР, — і паспешліва дадаў: — Там вы будзеце атрымліваць заробак у нямецкіх марках, а тут вам будуць ісці грошы на кніжку». Мяне, маладога наіву, гэта адразу не ўразіла і не збянтэжыла. Не зарыентаваўшыся ў сітуацыі, адказаў адно, што я не журналіст па спецыяльнасці і ў мяне іншыя планы. Толькі праз нейкі час старэйшы мой сябра, які прайшоў вайну, партызаніў  растлумачыў мне, што ад мяне хацела саліднае ведамства, якое стаяла за такой неардынарнай прапановай.
Неяк нядаўна, ужо на старасці, я распавёў пра даўні гэты эпізод аднаму літаратару. Той узгарэўся: «Ах, каб мне такое прапаноўвалі, я б не задумваўся...» І мне стала сумна не ад вяртання думкаю ў маладосць і ўпушчаную, так бы мовіць, магчымасць, а ад яго старых гарачнасці, шкадавання, можа, марнай, вартай жалю зайздрасці.

У сваім расповедзе, успамінах я так далёка адышоў ад першага, юнацкіх часоў, пошуку працы, што ёсць рызыка страціць галоўную сюжэтную нітку, забыцца на асноўную задачу аповеду.
Уладкавацца на службу нарэшце мне хутка дапамагла нястрачаная сувязь з аднакурснікамі. Ужо і не ўспомніць дакладна, як Валодзя Лазоўскі, які пасля размеркавання выпускнікоў адразу паехаў настаўнічаць у Алашкі, пад Шаркоўшчынай, паведаміў мне — у Шаркоўшчынскім РАНА ад пачатку навучальнага года пустуе месца загадчыка педкабінета. Тут я ўжо не задумваўся, што педагагічнага стажу ў мяне роўна нуль. Набліжаўся Новы 1957 год, і я, cтэлефанаваўся з загадчыкам РАНА Феліксам Казіміравічам Бабскім, а назаўтра ж прыскочыў у Шаркоўшчыну. Мястэчка было тады раённым цэнтрам з наборам адпаведных яго статусу ўстаноў. Раённы аддзел асветы мясціўся на ўскраіне ў драўляным местачковым доме, пабудаваным за польскім часам.
Супрацоўнікі РАНА сустрэлі прыязна, дапамаглі знайсці кватэру, прапанавалі грашовую падтрымку да першай зарплаты.
Жыццё пацякло ў спакойным рэчышчы. А дзявятай я быў звычайна ў педкабінеце, дзе мог уаўтаноміцца на цэлы дзень. Зімой яшчэ не было выезду ў школы, і дзень мой праходзіў у малым клопаце. часам настукваў на друкарцы адну-другую паперчыну, якія скіроўваліся, так бы мовіць, па інстанцыі. Вечарамі я заставаўся ў большым пакоі, дзе за шклом у шафах вышахаваліся тамы «Большой Советской Энциклопедии». Брыў вачыма і ў думках па краінах ды персаналіях, лапідарна пададзеных у самавітым выданні.
Шэф у кагосьці з супрацоўнікаў спытаўся, чаму навічок вечаруе пасля працы, чым ён там займаецца, але мне заўвагі не зрабіў. Праўда, неўзабаве, відаць, распарадзіўся, каб дырэктар шаркоўшчынскай сярэдняй школы вылучыў мне некалькі гадзін урокаў па беларускай літаратуры ў 8-ым дзённай і ў 9-ым і 10-ым класах вячэрняй школы.
Не запомніўся мне самому мой першы ўрок. Не рабіў строгага плана выкладу, спадзяваўся на імправізацыю. Тэксты, літаратуру ў асобах Францішка Багушэвіча, Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча ў асноўным ведаў няблага, бо любіў. Зрэшты, яны мяне і вывелі на беларускую філалогію як спецыяльнасць. У літаратуразнаўчым, тэарэтычным плане быў падкаваны слаба. Па-першае, літаратуразнаўства беларускае на пачатак 50-х гадоў мінулага стагоддзя яшчэ не адышло ад пагрому, незлічоных страт 30-х гадоў, як і ўся беларуская гуманітарная навука і культура.
У мяне была толькі адна манаграфія Ю.С. Пшыркова пра творчасць Якуба Коласа. Пачуць лекцыі самога Пшыркова не ўдалося. чытаны ім курс літаратуры ў нас выкладалі іншыя педагогі. Лекцыі, у прынцыпе паважанага, Міхася Марчанкі я неяк, сорам прызнацца, злегкаважыў і не ўсе наведваў. Дазволіў сабе завядзёнку апускаць некаторыя лекцыі дзеля працы ў бібліятэцы.
На адзін з маіх урокаў у дзённай школе заглянуў дырэктар Мішкуцёнак, чалавек сталы і, пэўна, дасведчаны ў педагогіцы. Пасля ягоных адведзінаў мой ранаўскі шэф спытаўся ў мяне: «Што вы там гаварылі на ўроку? Дырэктар быў у недаўменні...» А казаў я вучням пра рэпрэсаваных і ўжо на той час у бальшыні сваёй рэабілітаваных пісьменнікаў, — сведчыў, якая багатая і вялікая ў нас літаратура. Фелікс Казіміравіч толькі ўсміхнуўся сваёй характэрнай усмешкай і нічога не сказаў. Відаць, палічыў ідэалагічную насцярогу дырэктара за нявартую ўвагі.
З вучнямі дзённага навучання ў мяне склаліся роўныя, мяркую, прыязныя адносіны. Праўда, на адным з першых урокаў яны спрабавалі, і пазней самі аб тым прызналіся, арганізаваць неаперанаму педагогу тэст на вытрымку. Як ад’язджаў вясною з Шаркоўшчыны, даведаліся і грамадой прыйшлі на станцыю праводзіць. А пазней, як ужо працаваў у Мінску, аднойчы прыслалі па радыё музычнае прывітанне. Усё ж неяк запомніўся дзецям.
Не сказаць, каб не склаліся адносіны з вячэрнікамі. У вячэрняй школе ў той час дабіралі веды на атэстат сталасці людзі, якім тое зрабіць у свой час перашкодзіла вайна. Акрамя некалькіх рабочых хлопцаў ды дзяўчат былі той-сёй і са службоўцаў. Запомніўся інструктар райкама камсамола Тарбенка. У абсалютнай бальшыні вучняў былі надта сціплыя веды па беларускай літаратуры. З яўна завышаных адзнак, выстаўленых вячэрнікам маёй папярэдніцай, настаўніцай Гатоўскай, давялося знізіць іх на два парадкі.
Мае падапечныя, да жорсткасці (нетактоўнасці?) маладога педагога паставіліся надзіва спакойна. Прынамсі, ніяк не выказаліся ўголас. Хіба за вочы. Ва ўсякім разе адносіны ў нас засталіся нармальныя. Што ж, людзі дарослыя і адсюль адпаведнае разуменне.
А ўвогуле, як пагляджу з аддалі часу на тыя даўнія свае пачаткі, дык знаходжу і тое, што былі нейкія праявы ва ўласным характары, якія ў прынцыпе лічу сабе неўласцівымі.
Напрыклад, чаго раптам неўзабаве па прыездзе ў гарадскі пасёлак закарцела выступіць у клубе з публічнай лекцыяй? Не лічыў сябе здольным прамаўляць перад сабранымі, не меў на тое жаднай практыкі. Не сказаць, каб хацелася проста паказаць сябе. глядзіце, які разумны, цікавы прыехаў да вас. Не здаў сабе справы з таго, што людзям будзе цікава тэма майго выступу. Чамусьці проста захацелася расказаць пра жыццё і паэзію беларускага класіка. Пэўна, я быў мала пераканаўчым у тым сваім выступленні, але ж палез на трыбуну.
А яшчэ было на голым месцы, што называецца, заканфліктаваў з сакратаром райкама камсамола Лазовікам. Наадрэз адмовіўся ісці ў актуальныя па тым часе дружыннікі. Як я, маўляў, педагог, на вачах вучняў буду ўціхамірваць, барукацца з п’янымі парушальнікамі парадку ў клубе ці на вуліцы?
На настаўніцкай канферэнцыі Лазовік асудзіў няправільныя паводзіны камсамольца Ліса. Педагагічная ж моладзь палічыла маё непадпарадкаванне сакратару за выклік і смеласць. Я ж у тым эпізодзе акрамя звычайнага парадку рэчаў, пэўнай сваёй рацыі нічога іншага не бачыў.
***
З вясной маё жыццё ў Шаркоўшчыне стала цікавейшым. Я збольшага здолеў агледзецца, зарыентавацца ў тутэйшых рэаліях. Не тое, што кідалася ў вочы, але проста было заўважна. педагагічны корпус у раёне, ды не толькі ў Шаркоўшчынскім, а, мусіць, па ўсёй Заходняй Беларусі, укамплектоўваўся ўраджэнцамі з Усходу, Савецкай Беларусі і Расіі.
Успаміналі, што шаркоўшчынскі РАНА да К.Ф. Бабскага ўзначальваў нехта Собалеў, былы партызан, выхадзец аж з Уралу. Казалі, яму моцна карцела было прыкрыць беларускія школы ўвогуле. мысліў таварыш Собалеў стратэгічна.
Успомнілася, што ў нашу Залескую сямігодку напрыканцы майго навучання ў ёй, зняўшы мясцовага, выпускніка Маладзечанскай семінарыі Івана Дудку, прыслалі дырэктарам Балаўнева. Новы дырэктар хадзіў у вайсковым афіцэрскім мундзіры. Такім і застаўся на памятку на здымку выпускнікоў Залескай сямігодкі 1947 года.
А загадчыкам смаргонскага РАНА ў нас адразу пасля вайны быў педагог з акружэнцаў, былы партызан, родам з Кубані Арэхаў. Гэты начальнік над школамі неяк асабліва застаўся ў памяці нашай радні. Мой хросны, за палякамі падпольшчык, паспяховы арганізатар камуністычных ячэек, за што зведаў арышты і турмы, удзельнік апошняй вайны, чалавек майстравіты, згадзіўся накрыць дах на Панізкай школе. А пры разліку за працу загадчык РАНА неяк умудрыўся скруціць з той аплатай. З падарваным у польскай турме ды ў акопах падчас вайны здароўем страхар Змітра Шульжыцкі на той страсе празябіўся. Паміраючы нестарым, строга наказваў жонцы: «Матка, скажы сынам, што праўды няма на свеце. Чуеш? Скажаш?»... Ці не была тая крыўда на партызана-асветніка апошняй кропляй цярпення простага чалавека пры ацэнцы ім, у цэлым, улады, за якую ахвярна змагаўся цягам жыцця?
Вясной адкрылася магчымасць пазнаёміцца з цэлым раёнам, наведаць школы ў раённым маштабе. У складзе калектыву РАНА было два інспектары. старэйшая русавед Левіна, родам з Полацку, і малодшая, матэматычка па спецыяльнасці Тамара Чмаркова, смалянка. Пры інспектаванні школ загадчык далучаў да іх і мяне, чалавека з абсалютна зялёным паняццем аб педагогіцы. Мяне прызначылі прыглядаць за выкладаннем замежнай, як правіла, нямецкай, і беларускай моваў. За мной жа пакінулі прэрагатыву апекі над выкладаннем гісторыі. Калі наведвалі ўрокі ў сямігодках, абмяркоўвалі, збольшага аналізавалі іх у настаўніцкіх калектывах. Я ж у некаторых выпадках спрабаваў зарыентаваць настаўніка-гісторыка на нейкія адметныя падзеі, постаці айчыннай гісторыі, якія практычна ў школьных праграмах абыходзіліся маўчаннем. Гісторыя Беларусі ў школах БССР як асобны прадмет не выкладалася. Некаторыя звесткі з гісторыі беларускага народа ўкрапваліся ў агульны курс «Гісторыі СССР».
Пры РАНА меўся транспарт, праўда, гужавы. Быў гэта проста воз, крышку падштукаваны пад брычку. Мы ўтраіх — жанчыны пасярэдзіне, я ў перадку — усаджваліся на ім і адпраўляліся ў вандроўку. Часам яна была даволі працяглай, і спадарыня Левіна, пульхнаватая постаццю, зычліва-ўсмешлівая, каб не здарожыліся, забаўляла кампанію расповедам якога-небудзь старога французскага ці англійскага рамана. Мела добрую памяць на сюжэтныя павароты, шматлікія гумарыстычныя эпізоды, дэталі. Прыехаўшы ў школу, мы ішлі на ўрокі або ўсе разам, або паасобку, паводле падзеленых загадзя міжсобку прадметаў. Аднойчы сядзім на ўроку ў класе пятым. Маладая настаўніца нармальна вядзе ўрок па рускай славеснасці і раптам перапыняе яго пытаннем: «Стасік, што ты яму сказаў?» Падняты для адказу хлопчык маўчыць. Пытанне паўтараецца ўжо крыху павышаным тонам. Зноў маўчанне. Тады пытанне настаўніцы пераадрасоўваецца суседу: «Чэсік, што ён табе сказаў?» Чэсік не прымушае сябе доўга чакаць,  адказвае з уласцівай тутэйшай вымове расцягнутай інтанацыяй, падвышанай у канцы сказа: «А ён сказаў, што Георгій Беніцыянавіч спіць...», «Кто спит, где спит?» — спалошана азваўся дырэктар, які сядзеў ззаду за намі, на апошняй парце. Выйшаў такі маленькі выдатак стараннасці педагога ў клопаце пра дысцыпліну на ўроку. Правяральшчыкі ціхенька рагатнулі таксама.
А ўвогуле яны, сельскія дзеці, вельмі мілыя ў сваёй непасрэднасці, шчырасці. Апранутыя на той час сціпла, часам экзатычна, яны падкуплялі ўсмешкай добрых карых, шэрых, блакітных сваіх вачанят. Іх спеўная мова, яшчэ не зазнаўшы стандартызацыі, аказёньвання, наталяла слых лагодай, пяшчотай адвечнага матчынага слова.
Здаралася, у далёкую, закінутую ў міжлессі пачатковую школку мне даводзілася адпраўляцца аднаму. Тады сядлаў ранаўскага каня, ехаў верхам. У дарозе не спяшаўся. аглядаў незнаёмыя краявіды, слухаў веснавое птушынае шматгалоссе, часам зацягваў песню.
Школка-чатырохгодка, куды гэтым разам паслаў мяне загадчык на праверку, была далёкая, у самай глухамані, адарванасці ад свету. Размяшчалася наводшыбе ад дарогі і бліжэйшага селішча. Кіраўніца яе і выкладчыца ў адной асобе прыходзіла на працу з суседняй вёскі, недзе кіламетры за два адгэтуль. Жанчына сярэдняга веку, запрацаваная, што відаць было з першага погляду, сустрэла ранаўскага візіцёра спакойна-абыякава. Можа, я і разумеў, як няпроста настаўніцы даглядзець дзяцей, мужа, хатнюю гаспадарку, затым няблізка ляцець да сваёй школьнай працы і паспець у ёй усё належна зрабіць... Ды даклаў, як мне і было загадана Феліксам Казіміравічам, пра неправераныя сшыткі вучняў з хатнімі заданнямі, з памылкамі напісанае на школьнай дошцы, пра агульную апушчанасць у школцы.
Па маім вяртанні шэф сказаў, што настаўніца ўжо асабліва і не трымаецца за сваё месца. Але мне стала не па сабе, калі праз нейкі час, выйшаўшы ад загадчыка РАНА, яна змерала мяне жорсткім позіркам. Толькі што пераступіўшы парог педкабінета на той момант, я быў гатовы вярнуцца назад, зачыніцца ў ім.
Працяг будзе