Талочынец, які стаў «бацькам і маці» амерыканскай музыкі
У наш час усеагульнага доступу да інфармацыі шмат хто чуў галоўную патрыятычную песню Злучаных Штатаў Амерыкі «Божа, дабраславі Амерыку». Часам яе нават называюць неафіцыйным гімнам ЗША. Але мала хто ведае, што яе аўтарам, а ў дадатак яшчэ вялікай колькасці песняў, якія цяпер лічацца выключна амерыканскімі, з’яўляецца чалавек, які нарадзіўся ў Беларусі.
Вітай мяне, новы дом
23 верасня 1893 года, пасля дзесяцідзённага пераходу праз Атлантыку з Антвэрпэна, карабель Rhynland, нарэшце, прайшоў праз воды нью-ёркскай гавані. На шляху ён абмінуў Статую Свабоды, знакаміты на ўвесь свет помнік, якому тады было менш за дзесяць год. На востраве Эліс лайнер выгрузіў разнастайны чалавечы груз. Сярод стомленых, бедных і змучаных доўгай дарогай людзей была сям'я Бейлінаў, бедных беларускіх габрэяў з Талочына, што на Віцебшчыне. Сям’я складалася з двух дарослых і сямі дзетак. Самаму малодшаму нядаўна споўнілася пяць. Стоячы на прычале, гэты маленькі хлопчык быў адначасова напалоханы і збянтэжаны знаёмствам з яго новым домам: усё вакол здавалася жудасна гучным і хуткім. Хлопчыка звалі Ізраэль Бейлін.
Бейліны пасяліліся ў раёне Іст-Сайд, традыцыйным месцы жыхарства нью-ёркскіх мігрантаў. Яго бацька, не здолеўшы знайсці працу кантора ў Нью-Ёрку, каб пракарміць сям'ю, уладкаваўся на рынак кашэрнага мяса і часам падзарабляў урокамі іўрыта. З’яўляючыся ўжо даволі немаладым чалавекам, Майсей Бейлін памёр, калі Ізраэлю было ўсяго толькі 13 год. Гэта моцна падарвала фінансавае становішча сям’і, таму будучы знакаміты кампазітар быў вымушаны ісці шукаць працу замест таго, каб хадзіць у школу.
Нямоцны ад прыроды, ён хутка зразумеў, што фізічная праца для яго выключана. Дый не ляжала ў яго душа да цяжкай штодзённай працы, што была нормай для абсалютнай большасці з новапрыбыўшых. З дзяцінства ён марыў спяваць. Ён далучыўся да некалькіх такіх жа творчых маладых людзей, якія хадзілі з кафэ ў кафэ і спявалі для кліентаў за невялікія грошы. Такія вандроўныя спевакі былі звычайнай з'явай у тагачасным Нью-Ёрку. Крыху пазней ён уладкаваўся афіцыянтам у кафэ Pelham у Чайнатаўне. У вольны ад працы час Ізраэль вучыўся іграць на фартэпіяна. Не маючы сродкаў, каб браць урокі ігры, пасля таго як бар зачыняўся на ноч, ён садзіўся за піяніна і пачынаў імправізаваць мелодыі.
Хутка ён ужо спрабуе пісаць уласныя песні і ў 1907 годзе публікуе першую з іх — «Марыя з сонечнай Італіі». Дарэчы, сусветна вядомы псеўданім з’явіўся дзякуючы менавіта ёй. Песня аказалася настолькі паспяховай, што была неадкладна апублікавана. Наборшчык у друкарні не быў уважлівым чалавекам і пазначыў імя аўтара як І. Берлін. Пазней гэтае «І» перарабілася на Ірвінг. Будучы музыкантам-самавукам, Берлін распрацаваў унікальны музычны стыль, іграючы толькі на чорных клавішах. Таму большасць яго ранніх песень былі напісаны ў танальнасці фа-дыез. Толькі значна пазней, выкарыстоўваючы транспануючы рычаг на піяніна, ён змог пісаць у розных танальнасцях.
Надыход славы
У Нью-Ёрку тых гадоў мала што так дэзарыентавала, як яго музыка. Яна зыходзіла з кожнага кутка і з усіх бакоў адразу. Гэта было ўсё што заўгодна: рэлігійныя гімны ўсіх канфесій; дурныя і сентыментальныя песні ад камерцыйных аўтараў; баявыя маршы ад духавых аркестраў; этнічныя песні мігрантаў. Гэта была гукавая какафонія з усяго на свеце.
Спачатку Берлін зарабляе выпадковымі заробкамі ў раёне, які стаў вядомы як Tin Pan Alley, а затым уладкаваўся аўтарам у музычную выдавецкую фірму Waterson & Snyder. Выдавецтва знаходзілася паміж 6-м авеню і знакамітым Брадвеем. Менавіта апошні быў галоўнай мэтай Берліна. У 1911 годзе ён стварае песню «Alexander's Ragtime Band», якая імгненна становіцца нацыянальным хітом і адразу ж прыносіць яму тытул «Кароль Tin Pan Alley».
У 1912 годзе Берлін ажаніўся з Дораці Гетц. Іх шлюб працягнуўся нядоўга. Яна памерла праз некалькі месяцаў пасля іх мядовага месяца, заразіўшыся брушным тыфам. Кампазітар адгукнуўся на гэту трагедыю сумнай баладай «Калі я страціў цябе».
Але трэба было жыць і тварыць далей. Разам са сваім сябрам Віктарам Гербертам Берлін стаў адным з заснавальнікаў «Амерыканскага таварыства кампазітараў, аўтараў і выдаўцоў» у 1914 годзе. А ў 1919 годзе ён заснаваў ужо сваю асабістую кампанію «Irving Berlin Music Corporation», якая дала яму поўны кантроль над яго аўтарскімі правамі.
Да 1920-х гадоў Берлін стаў адным з самых паспяховых аўтараў песень у краіне, нягледзячы на адсутнасць у яго фармальнай музычнай адукацыі. Адкрыўшы ў 1921 годзе з Джозэфам Н. Шэнкам і Сэмам Харысам тэатр «Музычная шкатулка», Берлін пачаў ставіць уласныя рэвю і музычныя камедыі.
У 1925 годзе ён закахаўся ў Элін Макей. Яе бацька быў супраць гэтых адносінаў, таму адправіў Элін у Еўропу. За гэты час Берлін напісаў выдатныя мелодыі, поўныя смутку аб страчанай каханай. Сярод іх былі такія вядомыя песні як «Што я буду рабіць» і «Заўсёды». Пасля яе вяртання ў Штаты пара збегла. У іх будзе чацвёра дзяцей, і яны будуць жанатыя шмат гадоў, аж да самай смерці Элін у 1988 годзе.
Калі ў 1929 годзе ў Злучаных штатах пачалася Вялікая дэпрэсія, Берлін, як і многія іншыя, страціў амаль усе свае грошы. Але яго няшчасці доўжыліся нядоўга, і ён вярнуўся ў 1932 годзе ў тэатр са спектаклем «Музыка тварам».
Добра ўладкаваўшыся на брадвейскай сцэне, Берлін перанёс свае музычныя таленты ў Галівуд, напісаўшы музыку да такіх папулярных музычных фільмаў, як «Top Hat» (1935) і «Holiday inn» (1942). Песня з «Holiday inn», «White Christmas», да гэтага часу застаецца самай прадавальнай песняй з калі-небудзь запісаных. Існуе легенда яе ўзнікнення. Быццам аднойчы, прыйшоўшы ў свой офіс, Берлін сказаў свайму музычнаму асістэнту: «Бяры аловак і пішы. Я толькі што напісаў сваю лепшую песню. Хоць не, я толькі што напісаў лепшую песню з усіх калі-небудзь напісаных». Ён стварыў яе падчас Другой сусветнай вайны, у якой таксама ўдзельнічалі Злучаныя Штаты, і яна змагла стаць для стомленых ад вайны людзей эмацыянальнай аддушынай, нагадала ім пра больш ранні, больш шчаслівы час.
У 1946 годзе яго брадвейскі мюзікл «Эні, даставай сваю стрэльбу» з Этэль Мерман у галоўнай ролі атрымаў каласальную папулярнасць у краіне і дапамог Берліну аднавіць свой фінансавы стан. У гэтым мюзікле быў прадстаўлены неабвешчаны гімн амерыканскага шоу-бізнесу таго часу «Няма бізнесу лепш за шоу-бізнес».
Музыка патрыётаў
Але Берлін пісаў свае песні не толькі дзеля забавы. Яны таксама служылі для згуртавання амерыканскай нацыі падчас дзвюх сусветных войнаў. Калі ён служыў у арміі ў часы Першай сусветнай вайны, Берлін напісаў патрыятычныя песні для шоў «Іп, Іп Яфанк». У 1942-м, падчас ужо Другой сусветнай, ён напіша музыку і тэкст для рэвю «Гэта армія». Даходы ад яе выканання склалі больш за 10 мільёнаў долараў і былі перададзены ў Фонд дапамогі арміі. Самым вядомым патрыятычным творам Берліна была і застаецца песня «Божа, дабраславі Амерыку», першапачаткова напісаная падчас Першай сусветнай вайны, але ўпершыню выкананая Кейт Сміт публічна ў 1938 годзе.
Яго дзеянні на музычна-патрыятычным фронце былі адзначаны такімі ўзнагародамі, як вайсковы медаль за заслугі ад прэзідэнта Трумэна ў 1945 годзе, залаты медаль Кангрэса з рук прэзідэнта Эйзенхаўэра ў 1955 годзе і медаль свабоды ад прэзідэнта Форда ў 1977 годзе.
«Ён і ёсць амерыканская музыка»
На працягу свайго творчага шляху Ірвінг Берлін напісаў мноства балад, танцавальных нумароў і песняў пра каханне, якія вызначалі амерыканскую папулярную музыку на працягу большай часткі стагоддзя.
Ён аднолькава добра адчуваў сябе і пісаў як для Брадвея, так для і Галівуда. Ён напісаў 19 поўных партытур для брадвейскіх мюзіклаў і зрабіў матэрыял для яшчэ шасці. Стварыў музыку для 18 паўнаметражных галівудскіх фільмаў.
За шэсць дзесяцігоддзяў Берлін поўнасцю змяніў амерыканскую папулярную песню. Многія іншыя таленавітыя аўтары прыклалі свае таленты да напісання музыкі для тэатра і кіно. Але, як яны прызнаваліся самі, Берлін узвышаўся над імі ўсімі. Ён ператвараў песні ў прыгожыя букеты пачуццяў, якія адлюстроўвалі ўсе віды чалавечых эмоцый. Ён пісаў гэтыя песні так, што яны адразу набывалі папулярнасць, усталёваючы рэкорды поспеху, якія існуюць і дагэтуль.
Ірвінг Берлін памёр 22 верасня 1989 года ва ўзросце 101 год у сваім доме ў Нью-Ёрку, толькі на год перажыўшы сваю жонку. Яго доўгае, выдатнае жыццё, здавалася, прадэманстравала, што Амерыканская мара дасягальная для любога, хто ў яе верыць. Ён стаў іконай амерыканскай папулярнай музыкі, багатым і паспяховым. Ён дапамог сфарміраваць гэты жанр, выкарыстоўваючы і адаптуючы розныя стылі, нягледзячы на поўную адсутнасць хаця нават мінімальнай музычнай адукацыі. Многія з яго твораў сталі неад'емнай часткай габелену амерыканскага жыцця, суправаджаючы шматлікія сцэны ў тэатры і кіно. І не важна, што гэта было, прыгожы свет элегантных танцаў Фрэда Астэра і Джынджэр Роджэрс ці сцэны сціплых сямейных Калядаў ля каміна.
Вечная заслуга Берліна ў тым, што ён знайшоў спосаб выказаць найглыбейшыя спадзяванні і мары абсалютна розных людзей, людзей, якія змаглі быць аб'яднаны і ўзвышаны — прынамсі, хаця б на некалькі меладычных хвіліны — словамі і музыкай Ірвінга Берліна.
Як сказаў аб ім іншы славуты амерыканскі кампазітар Джэром Дэвід Кейн: «Ірвінгу Берліну няма месца ў амерыканскай музыцы — ён і ёсць амерыканская музыка».