Аборты — міна пад Амерыку. Дасье ў карыкатурах

ЗША ахапілі шматтысячныя пратэсты пасля адмены Вярхоўным судом канстытуцыйнага права жанчын на аборт. Вердыкт не толькі ўзмоцніць раскол у грамадстве, але і, хутчэй за ўсё, паўплывае на знешнюю палітычную актыўнасць Штатаў.

1_575.jpg


Літаральна да ўчора аборты ў Амерыцы былі легальныя. Іх афіцыйна дазволілі ў 1973 годзе, калі Вярхоўны суд прыняў рашэнне ў справе «Роў супраць Уэйда». Жанчына пад псеўданімам «Джэйн Роў» судзілася з акруговым пракурорам Тэхаса Генры Уэйдам за сваё права перапыніць цяжарнасць. Справа дайшла да вышэйшай судовай інстанцыі. У выніку права на аборты рашэннем суддзяў атрымала не толькі пазоўніца, але і ўсе амерыканскія жанчыны. Пры гэтым працэс справакаваў вялізную канфрантацыю сярод амерыканцаў, што ахвотна ілюстравалі мастакі. На адным з тагачасных малюнкаў апаненты выяўлены ў выглядзе баранаў. Адзін абараняе пазіцыю «За выбар» (лозунг прыхільнікаў абортаў), а другі — «За жыццё» (лозунг рэтраградаў).
Натуральна кансерватыўная Амерыка заўжды марыла аб рэваншы. І праз амаль 50 гадоў свайго дабілася. 24 чэрвеня Вярхоўны суд вырашыў, што паколькі Канстытуцыя не змяшчае спасылак на аборты, і такое права не абаронена імпліцытна якім-небудзь канстытуцыйным палажэннем, то права на аборты будзе вырашацца на ўзроўні парламентаў штатаў. Тры ліберальныя суддзі Вярхоўнага суда не пагадзіліся з гэтым вердыктам, але аказаліся ў меншасці. Што тычыцца большасці суддзяў, то яны тут жа сталі аб'ектам атак прагрэсіўнай часткі грамадства, уключаючы карыкатурыстаў. На адным з малюнкаў судзі перафразуюць лозунг феміністак «Маё цела — мой выбар» і кажуць кабеце «Тваё цела — наш выбар».

2_534.jpg


На першы погляд, рашэнне суддзяў кампраміснае, паколькі парламенты штатаў могуць таксама дазваляць аборты. Так, напэўна, будзе ў штатах, дзе пры ўладзе дэмакраты. Аднак прыкладна ў 24-26 штатах (амаль палова суб'ектаў федэрацыі) руляць рэспубліканцы. Іх адміністрацыі ўжо пачалі штампаваць законы аб забароне абортаў. А некаторыя ўжо нават абмяркоўваюць пытанне аб судовым пераследзе жанчын, якія спрабуюць зрабіць аборт, у адпаведнасці з законамі аб забойствах.
Чакаецца, што строгія абмежаванні прымусяць пацыентак, якія жадаюць прайсці працэдуру, пераадольваць сотні міль або рабіць аборты самастойна дома. Увогуле забароны, верагодна, закрануць 41% жанчын рэпрадуктыўнага ўзросту ў ЗША. Таму шмат хто, уключаючы мастакоў, крытыкуе ідэю рэспубліканцаў перадаць штатам права самім упарадкоўваць гэту сферу. На малюнку слон (знак партыі рэспубліканцаў) кажа, што «падтрымлівае правы жанчыны на выбар — выбар штата, дзе яна хоча жыць».

3_474.jpg


Затое на вуліцы кансерватараў свята. Адпаведна святкуе перамогу і іхняя прэса, друкуючы тэматычныя карыкатуры. Так, на гэтым малюнку зародак ва ўлонні маці радуецца апошнім навінам.

4_440.jpg

Не застаўся ў баку галоўны палітычны супернік Байдэна, экс-прэзідэнт Дональд Трамп, які падчас свайго знаходжання на пасадзе прызначаў у Вярхоўны суд кансерватыўных суддзяў, што выступаюць за адмену абортаў. «Сённяшняе рашэнне стала магчымым толькі дзякуючы таму, што я зрабіў усё абяцанае, уключаючы намініраванне і ўключэнне трох вельмі паважаных і моцных абаронцаў канстытуцыі ў Вярхоўны суд ЗША», — сказаў лідар рэспубліканцаў. З гэтым цяжка не пагадзіцца. Не выпадкова адзін з графікаў намаляваў суддзяў-кансерватараў у кепках з лога MAGA, якія любяць насіць фанаты Трампа.

5_407.jpg


Між тым ходзяць чуткі, што самі дэмакраты маглі справакаваць суддзяў на забарону абортаў. Справа ў тым, што Дэмакратычная партыя знаходзіцца на шляху да грандыёзнага правалу на прамежкавых выбарах, якія адбудуцца ў лістападзе. Сацыяльна-эканамічная статыстыка і свежая сацыялогія фіксуюць пагаршэнне сітуацыі ў краіне і нарастанне незадаволенасці камандай Байдэна. Аборты ў сілу прынцыповай значнасці тэмы для амерыканцаў з'яўляюцца пытаннем, якое здольнае мабілізаваць людзей у падтрымку дэмакратаў. Так гэта ці не — цяжка сказаць. Аднак СМІ, блізкія да дэмакратаў, сапраўды педалююць тэму. Не засталіся ў баку і карыкатурысты. Адзін з іх параўнаў адмену «Роў супраць Уэйда» з дэмантажом Статуі свабоды — сімвала амерыканскай дэмакратыі.

6_295.jpg


Так ці інакш, зараз прагрэсіўная Амерыка бунтуе. Буйныя шэсці, дэманстрацыі і акцыі адбыліся ў многіх кутках краіны. Сярод амерыканцаў ёсць асцярогі, што Вярхоўны суд не спыніцца і ў будучыні пачне абмяжоўваць іншыя правы, у тым ліку роўнасць у шлюбе. У любым выпадку, шмат што будзе вырашацца ў лістападзе на прамежкавых выбарах у кангрэс. Не выпадкова адзін з карыкатурыстаў адлюстраваў выбарчую кабінку на лістападаўскіх выбарах як месца, дзе будзе вырашацца лёс скандальнай пастановы.

7_206.jpg