Тры сустрэчы з паэтам
Сёння ў Мінску ў Музеі Максіма
Багдановіча адбудзецца прэзентацыя кнігі «Перадусім
Беларусь. Згадваючы Генадзя Бураўкіна», выдадзеную да яго 80-годдзя Саюзам беларускіх
пісьменнікаў. Прапануем вам адзін з успамінаў, які прадстаўлены ў зборніку.
Наша блізкае знаёмства адбылося, калі я здала на «Тэлефільм» нарыс «Бабы» — партрэт трох сталых вясковых жанчын: адна распавядала пра мужа, які не вярнуўся з вайны, у другой была тэма жыццёвай мудрасці, яна гаварыла пра старасць… Рознымі былі самі гэтыя жанчыны, рознымі былі іх аповеды. На «Тэлефільме» заяўку хоць і прынялі, але потым сказалі, што тэма не своечасовая.
Прычына адмовы была мне зразумелай: пад своечасовасцю разумелася адлюстраванне савецкай рэальнасці, так бы мовіць, забабаноў тых часоў: трэба было казаць пра перадавых камбайнёраў ды кіруючую ролю партыі, а гэтыя жанчыны распавядалі зусім пра іншае — яны гаварылі пра жыццё…
Мусіць, незразумелай падалася і сама мая манера размовы — я ніколі не раблю інтэрв’ю ў чыстым выглядзе, бо тады існуе небяспека звузіць чалавека, нанізаць пэўныя тэмы на загадзя зададзены сюжэт. Калі ж гаворыш проста пра жыццё, партрэт чалавека атрымліваецца паўнакроўным.
Вядома, я не магла пагадзіцца з такой фармулёўкай — тэма не своечасовая, гэтыя старыя нікому не цікавыя, — і, папрасіўшы вярнуць мне заяўку, пайшла да Генадзя Бураўкіна.
Будучы кіраўніком Беларускага тэлебачання і радыё, ён не мог пазбегнуць уплыву тых часоў і тых стэрэатыпаў, агульнапрынятых уяўленняў пра тое, якім павінен быць начальнік. Гэта было, відаць, у ягонай нават не свядомасці — у падсвядомасці… Дасюль памятаю тую дыстанцыю, якую трымаў Бураўкін, калі толькі ўвайшла ў яго кабінет. Аднак калі пачала гаварыць, ужо праз пяць хвілін зразумела, што паміж намі ўсталявалася сувязь, што мы апынуліся на адной хвалі. Праз пяць хвілін я, абсалютная дзяўчынка, якая толькі-толькі скончыла журфак, была ўжо ў гасцях у паэта…
Мне здаецца, ён заўсёды такі быў, нягледзячы на свой пэўны чынавенскі выгляд, які быў асабліва прыкметны за савецкім часам — гэтая глянцавасць чыноўнікоў, у якіх былі крыху лепшыя касцюмы і машыны, на якіх яны ездзілі. Думаю, каб я прыйшла не да Бураўкіна, а да якога-небудзь іншага чыноўніка, ён наўпрост не зразумеў бы мяне. Я ж пабачыла гэтых начальнікаў у сваім жыцці… Дасюль памятаю размову з сакратаром ЦК КПБ па ідэалогіі Савеліем Паўлавым. Я працавала ў часопісе «Неман» і дазваляла сабе нейкія «свабадалюбныя» выказванні. Мусіць, пра гэта і данеслі Паўлаву. Нагодай жа выкліку ў ЦК стаў мой нарыс «Я уехал из деревни…», які планаваўся да друку ў «Немане», але быў рассыпаны, яго нават у рэдакцыі часопіса «Новый мир» знялі з нумара… Паўлаў быў вельмі рашуча настроены, хоць нічога супраць мяне не прадпрыняў — нешта прымусіла яго тады адступіць.
Зрэшты, у мяне і не магло быць ніякага кантакту з падобнымі людзьмі. Іншая справа — Генадзь Бураўкін і яшчэ Пётр Лявонавіч Лебедзеў, першы сакратар райкама горада Бяроза, дзе я працавала ў раённай газеце пасля заканчэння ўніверсітэта. Лебедзеў вельмі добра да мяне ставіўся, хоць яму, канешне, таксама даносілі пра мае антысавецкія настроі. Памятаю, як ён смяяўся, калі нешта горача даказвала яму: «Маленькая ты яшчэ, нічога не разумееш…» Але ён нічога супраць мяне не прадпрымаў. І, вядома, «сістэма» нарэшце адрынула яго гэтак жа, як і шмат гадоў пазней — Бураўкіна…
«Вы пачытайце, — сказала я тады, падчас першай сустрэчы, Генадзю Мікалаевічу. — Не можа быць, каб вы, беларускі паэт, паставіліся да гэтага абыякава, каб паўтарылі тое, што мне ўжо сказалі, — што гэта нікому не патрэбна, што такіх людзей ніколі больш не будзе…» Не прыгадаю цяпер падрабязнасцей той размовы, але гаварылі мы і пра гэтых маіх старых, і пра вёску, што памірае… Бураўкін быў чалавекам беларускай ідэі, і адначасова гэта быў добра адукаваны інтэлігент. Было відавочна, што гэта не стандартны чалавек з шырокім кругаглядам. У ім вельмі ўдала спалучаліся беларускасць і еўрапейскасць.
І ўжо праз тыдзень мне паведамілі з «Тэлефільма», што фільм здымаць будуць, і рэжысёрам будзе Валерый Басаў, эмацыйна вельмі сімпатычны мне чалавек. Гэта было важна, бо здымаць такі фільм павінен быў добры, нават ласкавы чалавек, а не звычайны рэжысёр, які зрабіў бы чарговы фармальны фільм. Такім чынам, дзякуючы ўмяшальніцтву Бураўкіна фільм усё-ткі адбыўся.
Гэта і было першае маё сутыкненне з Генадзем Мікалаевічам. Потым я неаднойчы чула, што падобных учынкаў з яго боку было нямала. Ён трымаўся выразна беларускай лініі, наколькі гэта было магчыма ў той час, і падтрымліваў нейкія такія рэчы, пра якія іншы начальнік нават слухаць не пажадаў бы. Але Бураўкін быў не трывіяльным чыноўнікам — ён быў чыноўнік-паэт.
Другая сустрэча… У той раз я апынулася сам-насам не толькі з Бураўкіным, але і з Алесем Адамовічам. Трэба сказаць, што як чыноўні, Генадзь Мікалаевіч быў неймаверна вышэй за Адамовіча па рангу, але, сустрэўшы сапраўднага інтэлектуала, ён, здавалася, забыўся пра сябе і пра сваё самалюбства — было відавочна, што Адамовіч яму вельмі цікавы, Бураўкін літаральна растварыўся ў ім. «Саша, Саша…» — дасюль памятаю тую інтанацыю, з якой звяртаўся ён да Адамовіча… Гэта было цікавае назіранне. Я зразумела, што паэт заўсёды застаецца паэтам, у любых умовах. У яго іншыя рэцэптары працуюць, ён больш пластычны да жыцця…
А трэцяя сустрэча, якая засталася ў маёй памяці, адбылася за некалькі месяцаў да яго смерці. Генадзь Мікалаевіч патэлефанаў і сказаў, што Васіль Лявонаў, з якім яны сябравалі, хоча са мной сустрэцца. Між тым у мяне ўсё не знаходзілася вольнага часу, аднак Бураўкін быў настойлівы… І вось калі нарэшце мы сустрэліся, Генадзь Мікалаевіч вельмі спадабаўся мне — ён жартаваў, у яго былі нейкія планы і, галоўнае, жаданне нешта яшчэ зрабіць. Ніколі не магла б падумаць, што чалавек з такой дзіўнай энергетыкай так хутка сыдзе…
А гаварылі мы пра тое, у якім часе апынуліся, і чаму менавіта ў гэтым часе. І самае галоўнае — чаму аказаліся настолькі безабароннымі? Бо калі прыйшлі 1990-я гады, мы не здолелі з імі справіцца і ў выніку згубілі свой шанс. Першымі згрупіраваліся тыя, хто валодаў больш грубай унутранай арганізацыяй, — бандыты і людзі ўлады, якія ўмацавалі сваю ўладу цяпер яшчэ і капіталам… Мы гаварылі пра тое, што падобныя часы выштурхаюць на паверхню такія, здавалася б, незразумелыя фігуры, як той жа Лукашэнка, які за савецкім часам не здолеў бы стаць ні прэзідэнтам, ні першым сакратаром, — усё-ткі тады існавала шматузроўневая іерархія, якую трэба было яшчэ адолець…
Гэта была размова трох чалавек,
якія добра разумелі адзін аднаго, бо гэтую паразу перажылі ўсе мы, хоць,
вядома, у кожнага яна свая. Для Бураўкіна гэтая параза найперш звязана з
нацыянальным пытаннем — ён пастаянна гаварыў пра гэта, звяртаўся да мяне:
«Добра было б, Святлана, калі б вы пісалі па-беларуску». І я тлумачыла: «Я пішу
гісторыю ўтопіі, а ўтопія гаварыла на рускай мове. Гэты асаблівы тып чалавека
быў выведзены паўсюль: і ў Таджыкістане, і ў Казахстане, і на Украіне — усюды
гаварылі па-руску. Гэта цяпер, калі ўсе “разбегліся”, пачалося нацыянальнае
афармленне. Але мы і ў гэтым спазняемся…»
Лявонаў жа казаў: каб улада была ў нашых руках, усё можна было б змяніць. Я ў сваю чаргу прыгадвала, як некалі спрачалася з Зянонам Пазьняком, які гаварыў: найперш — мова, а потым ужо дэмакратыя. Я не пагаджалася: спачатку дэмакратыя і пасля ўсё астатняе, іначай прайграем… Так яно і аказалася. Усё-ткі разнамасны ў нас народ, вельмі многа рускага насельніцтва, да таго ж у падмурку свядомасці практычна ўсіх — руская культура. Ставіць жа праблему мовы паперадзе ўсяго было, мне падаецца, памылкай. У выніку мы згубілі час. Гэтыя пытанні можна было вырашыць, але пасля…
Лявонаў яшчэ распавядаў — і гэта было нечакана для мяне — пра арышт і пра тое, як ягоная жонка была перакананая, што ён памрэ ўжо праз месяц, бо быў цяжка хворы. Аднак здарылася дзіўнае: хваробы раптам адступілі. «Колькі я быў у турме, столькі не хварэў», — казаў Лявонаў. Адбылася мабілізацыя арганізма, як у час вайны, калі людзі таксама не хварэлі…
Абодва яны — і Бураўкін, і
Лявонаў — разважалі яшчэ пра тое, што магло выратаваць Беларусь. Але, канешне,
адчуваўся нейкі цяжар расчаравання ў абодвух… Іх ужо няма, яны не могуць мяне
паправіць… Наколькі помню, галоўная іх думка была: найвялікшая наша праблема —
гэта праблема асобы. І Лявонаў быў заклапочаны пошукамі такой асобы… Усё-ткі
Сталін выканаў сваю працу — эліта была амаль дашчэнту знішчана. Узнаўленне ж
эліты, яе рэгенерацыя адбываецца вельмі марудна. Тым больш што савецкі час, як
любы таталітарны час, вырошчваў асаблівы тып не толькі чалавека, але і эліты ў
тым ліку.
Савецкі чалавек — гэта, вядома, чалавек не свабодны, пра што і гаварыў Варлам Шаламаў: лагер разбэшчвае і ката, і ахвяру. І вось усё, што засталося пасля імперыі, пасля гэтай утопіі, — гэта разбэшчаны кат і разбэшчаная ахвяра. І патрэбны вялікі час і не меншая праца, каб кардынальна змяніць чалавека… Усё ж такі ў 1990-я гады мы былі рамантыкамі, і толькі цяпер зразумелі, што свабода — гэта доўгі шлях. Нельга выйсці з лагера і апынуцца за варотамі вольным чалавекам.
Калі Лявонаў знаходзіўся ў турме, я перадавала яму свае кнігі, і цяпер ён распавядаў пра тое, як яны па вечарах чыталі іх, і нейкі «прожжённый» крымінальнік плакаў. Лявонаў нават назваў фрагмент з кнігі, які так уразіў яго суседа…
Цяпер я думаю: можа, Лявонаў проста хацеў сустрэцца са мной? А можа… Усе мы апынуліся ў адзіноце, і ні ў кога з нас няма адказаў на гэтыя новыя пытанні: як быць і што рабіць? А жыць з пачуццём паразы цяжка. І ўсе шукаюць — шукаюць сяброў-аднадумцаў. І гэтая размова была размовай людзей, хоць і розных, але ўсё ж — аднадумцаў.
Мы гаварылі вельмі доўга… Помню, я вярталася дадмоу ў незвычайна добрым настроі. Я ішла і думала: як многа не зрабіў Лявонаў — яго, па сутнасці, з сядла выкінулі, на хаду… Як многа не зрабіў Бураўкін — яму не далі напоўніцу выкарыстаць яго велізарны патэнцыял. Але не дзіва — ён быў чужаком у гэтай сістэме. Наменклатура — гэта ўсё ж такі асаблівая кагорта. Гэта, як гаварыў Сталін, «орден меченосцев». Яны вельмі добра разумеюць адзін аднаго. Бураўкін жа быў там не толькі лішні — ён быў зусім іншы… Зрэшты, Лукашэнка, адбудаваўшы такую сістэму, вельмі многіх людзей выбіў з сядла. І ў пакалення Бураўкіна ўжо проста не засталося фізічнага часу. Часу на яшчэ адно жыццё ў яго не было.
…Потым, пасля той сустрэчы, я некуды з’ехала, а вярнуўшыся, даведалася, што Бураўкін знаходзіцца ў лечкамісіі ў вельмі цяжкім стане. Некалькі разоў у мяне ўзнікала думка патэлефанаваць яму… Кожнага разу здаецца, што час яшчэ ёсць, але яго, як потым высвятляецца, ужо не было — сышоў Генадзь Мікалаевіч вельмі хутка…
Я любіла, як ён глядзеў на свет. Гэта быў вельмі светлы чалавек, годны і чэсны. І — заўсёды малады.
Літаратурны
запіс і пераклад з расійскай мовы Сяргея Шапрана, lit-bel.org
У кнізе разам сабраныя ўспаміны і
эсэ сяброў і паплечнікаў Генадзя Бураўкіна: У. Арлова, З. Бандарэнкі, Р.
Барадуліна, В. Быкава, З. Вайцюшкевіча, А. Вярцінскага, Р. Гарэцкага, А. Жука,
С. Законнікава, В. Зуёнка, В. Іпатавай, М. Казінца, В. Казько, А. Макоўскай, А.
Марачкіна, І. і С. Навумчыкаў, У. Някляева, З. Пазьняка, С. Панізьніка, П.
Панчанкі М. Скоблы, А. Старыкевіча, А. Фядуты, К. Цвіркі, С. Шушкевіча і іншых.