«У дзень нашай Перамогі мы здзівімся: бо ўсё пачыналася быццам учора». Сёння — Дзень нараджэння Максіма Вінярскага

Сёння Дзень нараджэння палітвязня Максіма Вінярскага. Яго сястра Алена Церашкова размясціла ў сваім Фэйсбуку ліст Вінярскага сябрам да свайго Дня нараджэння.

Максім Вінярскі

Максім Вінярскі


Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі нарадзіўся 28 ліпеня 1981 года. Быў затрыманы 22 студзеня 2021-га і цяпер знаходзіцца ў магілёўскай турме. Спачатку Максім быў актывістам «Маладога фронта», браў удзел у абароне Курапатаў яшчэ ў пачатку 2000-х, потым далучыўся да арганізацыі «Зубр».

Рэдкая акцыя апазіцыі ў Мінску праходзіла без Максіма Вінярскага.

«Дзякуй, што прыйшлі павіншаваць мяне са святам, — піша Максім Вінярскі. — Так, я не магу паціснуць вашы рукі, але ваша падтрымка праходзіць і праз пруты клеткі. Я надзвычай удзячны ўсім вам, я ганаруся нашым знаёмствам і спадзяюся, што гэта ўзаемна. І, раз ужо вы чытаеце гэты ліст, значыць, вы ў мяне ў гасцях. Дык дазвольце юбіляру прамову.

Гэта не трагедыя, калі дыктатар лічыць грамадзяніна рабом. Трагедыя — калі грамадзянін з гэтым згодны. Я ганаруся тым, што сярод маіх сяброў рабоў няма. Затое сярод іх ёсць журналісты, праваабаронцы, людзі мастацтва — залаты фонд нацыі, разрабаваць і знішчыць які ворагі Беларусі не змогуць. А разам з імі — мільёны неабыякавых людзей, якія прымерылі воляю лёсу ролю праваабаронцаў, журналістаў, блогераў, якія сталі творчай сілай пратэстаў.

У тых абвінавачаннях, якія прад’яўляюць мне, маім сябрам, сотням і тысячам беларусаў, дзясяткі тамоў прысвечаныя менавіта інфармацыйным рэсурсам і паблікам. Нас судзяць за свабоду слова, свабоду меркаванняў і перакананняў і канстытуцыйнае права атрымліваць, збіраць і распаўсюджваць грамадска важную інфармацыю, за праўду пра тое, што адбылося ў 2020 годзе і працягвае адбывацца цяпер. Таму што праўда паліць распаленым жалезам, пачынаючы з адзінага парыву — "Сыходзь!" — і заканчваючы свабоднымі выбарамі свабодных людзей, якія самі вырашаюць, як і ў якой краіне яны будуць жыць.

Я не здзіўлены тым, што пракуроры ў судах толькі прагортваюць гэтыя тамы, зачытваюць выбарачна фразы, вырваныя з кантэксту. На старонках паблікаў жыве і дыхае найноўшая гісторыя майго народа — гісторыя соцень тысяч людзей, іх галасы, іх творчасць, іх выбар і іх жыццё. Гэта акіян думак, ідэй, якія, пераплятаючыся з учынкамі, і сталі жывой гісторыяй. І сёння ніякія намаганні рэжыму не могуць асушыць гэты акіян. Нафтавая плёнка рэпрэсій, задача якой — задушыць усё жывое, рана ці позна ўспыхне ў пажар народнага гневу, а што не згарыць — знікне ў шторме.

Сёння кожнаму нялёгка. Але за нашымі спінамі тыя, хто не сышоў з акопаў. Дзмітрый Завадскі, Алег Бябенін, Павел Шарамет, якія сталі ўвасабленнем сапраўднай журналістыкі, ажываюць у нашых стрымах і рэпартажах. Валерый Шчукін, Крысціна Шацікава, Яна Палякова ўстаюць у шэрагах праваабаронцаў і валанцёраў. Трывожыць сумленне афіцэраў-сілавікоў генерал Юрый Захаранка, які адмовіўся падняць зброю супраць мірных людзей. Бясстрашны Віктар Івашкевіч стаіць на плошчы, і ў кожнай руцэ ў яго — сцяг, а побач — Раман Бандарэнка, Аляксандр Тарайкоўскі, дзясяткі і сотні тых, хто загінуў — але не здаўся. Ні ў светлае свята, ні ў дзень смутку мы не забудзем пра іх.

Я хацеў бы паціснуць руку кожнаму з вас. На жаль, не сёння. Але вы ж ведаеце, як хутка ляціць час. І ў дзень нашай Перамогі мы здзівімся: бо ўсё пачыналася быццам учора.

Да сустрэчы, сябры!»

Пісаць лісты можна на адрас: 212011, Магілёў, вул. Крупскай 99а, СІЗА-4, Вінярскаму Максіму Аляксандравічу.