Віктар Шалкевіч: добрыя творы робяцца назаўсёды

Днямі, адзначыўшы сваё 50-годдзе, гарадзенскі бард, актор, літаратар Віктар Шалкевіч заўважыў: «Мне неяк няёмка, што мне ўжо столькі год!» І сапраўды, як песні, так і жыццёва-сцэнічны вобраз Віктара, поўныя энергіі і гумару, успрымаюцца як увасабленне маладосці.



060ad92489947d410d897474079c1477.jpg

Днямі, адзначыўшы сваё 50-годдзе, гарадзенскі бард, актор, літаратар Віктар Шалкевіч заўважыў: «Мне неяк няёмка, што мне ўжо столькі год!» І сапраўды, як песні, так і жыццёва-сцэнічны вобраз Віктара, поўныя энергіі і гумару, успрымаюцца як увасабленне маладосці.
Выхаванец Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута, ён спраўдзіўся ў жыцці не толькі працай у Гарадзенскім абласным тэатры лялек, якому застаецца верным цягам апошніх 19 год свайго жыцця. Працаваў у Гарадзенскім абласным драматычным тэатры (1980–1987), выкладаў рэжысуру і майстэрства акцёра ў культпрасветвучэльні (1987–1990).
Ён сапраўды шматаблічны — з яго песнямі сталее ўжо не першае пакаленне беларусаў, з задавальненнем разумеючы: класічны беларус зусім не абавязкова «ціхі і рахманы». Ён іранічны і разумны, лірычны і вясёлы. Самадастатковы. Як Віктар Шалкевіч у сваім штодзённым жыцці. Цяжка ўявіць лепшага вядоўцу на вечарыне, прысвечанай прэзентацыі новай кнігі. Або аўкцыяніста на мастацкім аўкцыёне. Ён выпусціў ужо шэсць альбомаў: «Правiнцыя», «Смутны беларускi блюз», «Балады i рамансы», «Добрай ранiцы», «За сто крокаў пекла Вострае Брамы», «Гарадзенец прызямлiўся ў Менску».
Юбілейны канцэрт Шалкевіча невыпадкова сабраў 15 лютага ў сталіцы поўную залю Палаца прафсаюзаў. Гэта таксама паказчык якасці — не кожны выканаўца атрымлівае ў Мінску аншлаг і захоплены прыём інтэлектуальнай эліты. Па заканчэнні канцэрта, прыняўшы віншаванні нашай газеты з юбілеем і чарговым поспехам на сцэне, Віктар Шалкевіч адказаў на нашы пытанні.
— Цікава, каго з літаратараў чытае слынны беларускі бард і актор, якую музыку ён слухае?
— Зараз я чытаю такога новага аўтара, магчыма, не ўсім яшчэ добра вядомага — Валера Казакова. Піша ён па-руску, але вельмі добра разумее беларушчыну. Ёсць і пераклады на беларускую, у тым ліку зробленыя ім самім. А з музыкі слухаю класіку. Не, сур’ёзна, не сябе — Баха, апошнім часам запаў на Гендэля. Класічная музыка — для душы. З рок-музыкаў — тых, хто арыентуецца на музыку і спадчыну стылю барока. Гэта Мэцю Фішэр і іншыя.
— Добра, а з беларускіх музыкаў — ці ёсць, на тваю думку, вартыя выканаўцы ў нашай краіне?
— І ёсць, і былі раней. Так, напрыклад, я захапляюся ранняй творчасцю Канстанціна Герашчанкі, мне даспадобы слухаць спевы Мельнікава і Бартосіка, падабаюцца пэўныя творы Алеся Камоцкага. А ўвогуле я лічу, што музычныя густы не трэба мяняць, як споднюю бялізну — добрыя творы робяцца назаўсёды і мусяць назаўсёды заставацца, як класіка, што западае ў сэрца на ўсё жыццё. Так было ў «Чырвоных гітар», Марэка Грыхуты, у «Песняроў». «Явар з калінаю» — гэта ж шэдэўральны твор! А зараз, складаецца такое ўражанне, публіка займаецца як бы шчурынымі бягамі — патрабуе хутчэй, болей — і на яе запатрабаванне героі папсовай сцэны кляпаюць шлягеры… Я да такой творчасці стаўлюся скептычна.
— Віктар, у адным з апошніх інтэрв’ю прагучала твая сентэнцыя наконт сталіцы: маўляў, ты любіш Гародню і ў Мінск ніколі б жыць не паехаў. Чаму? У Гародні нейкая асаблівая культурная аўра?
— Не, да Мінску я стаўлюся вельмі добра, сюды я прыязджаю працаваць. У Гародні я «сплю». А жыву там, дзе выпадае. Вось на свой дзень нараджэння быў у Вільні, а палове сёмай раніцы праходзіў пад Востраю Брамай, і — зняў шапку. Я б хацеў, каб такое адчуванне, як ля Вострай Брамы, можна было б перажываць і ў нашых гарадах. Каб вуліцы не былі залітыя нейкім свалачным асфальтам, а была брукаванка. Каб стаялі чалавечыя дамкі, а не індустрыяльныя гмахі. Каб жывой была прастора культуры.
Зрэшты, жыццё складаецца з нейкіх знакавых з’яў у кожнай сферы. Скажу ў гэтай сувязі камплімент вашай газеце: «Новы час» — нармальна чытаецца, у нашай сям’і, я б сказаў, яна карыстаецца вельмі акрэсленай папулярнасцю. Пажадаў бы вам яе шырэй распаўсюджваць (зразумела, у Беларусі гэта не толькі ад вас залежыць). І прадавайце даражэй — добрае не павінна быць амаль бясплатным. Поспехаў вам!