Валянцін Тарас: Беларуская мова — мова першых прачытаных мною кніг
Ён перакладаў Рыгора Барадуліна і Габрыэля Гарсію Маркеса, пісаў песні для «Песняроў», і менавіта яго папрасіў Васіль Быкаў перастварыць па-руску апошнюю сваю кнігу — «Доўгую дарогу дадому». Валянціну Яфімавічу Тарасу 9 лютага было б 90 гадоў.
З нагоды сёлетніх юбілеяў у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры на гэтым тыдні адкрылася выстава «Валянцін Тарас і Рыгор Барадулін. На выспе ўспамінаў…»
Восень патрыярха
Памятаю, як напярэдадні 70-гадовага юбілею Валянцін Тарас падчас нашай з ім гутаркі задаўся пытаннем, ці не «порожняк» ён гнаў усе гэтыя гады, ці ёсць штосьці ў яго, умоўна кажучы, сямідзесяці вагонах? Бо, гаварыў, зразумела, што падарожжа заканчваецца і цягнік жыцця запавольвае хаду перад апошнім прыпынкам. Дык што паспеў зрабіць за сваё не такое ўжо малое жыццё Валянцін Тарас? Чым ён адметны і адрозны ад іншых?
Аўтар некалькіх зборнікаў паэзіі і прозы, а таксама сцэнарыяў дакументальных фільмаў і перакладаў беларускай і сусветнай паэзіі, прозы і драматургіі, ён быў найперш вядомы тым, што разам з паэтам уругвайскага паходжання Карласам Шэрманам пераклаў «Восень патрыярха» Маркеса. Ішоў 1977 год. Вялікім калумбійцам была ўжо напісаная «Восень патрыярха», і яе перакладам зацікавіўся беларускі часопіс «Нёман». Аднак Шэрман не ў дастатковай меры валодаў рускай мовай, таму падрыхтаваў толькі падрадкоўнік, мастацкі ж пераклад прапанаваў зрабіць свайму сябру Валянціну Тарасу. Але таго ахапіў жах, бо ён не разумеў, як жа павінен гучаць гэты вялікі раман па-руску… Доўгі час Валянцін Яфімавіч біўся як рыба аб лёд, пакуль не знайшоў выйсце: паехаў да Шэрмана і папрасіў чытаць раман па-іспанску. Шэрман чытаў гадзіну запар, тым часам Тарас занатоўваў свае ўражанні ў выглядзе «абракадабры»…
Калі «Восень патрыярха» была апублікаваная па-руску, маскоўскі рэцэнзент выдання напісала ў Мінск: «Ваш пераклад на доўгія гады застанецца адзіным, бо пераўзысці яго творча немагчыма». Сам жа Валянцін Яфімавіч і праз чвэрць стагоддзя прызнаваўся, што, гартаючы часам «Восень патрыярха», па-ранейшаму здзіўляўся: няўжо гэта ён зрабіў?!
«З Боскай дапамогай»
«Аднойчы ў мяне спыталі: кім я сябе лічу найперш — паэтам, празаікам, публіцыстам ці перакладчыкам? — гаварыў мне Валянцін Тарас. — Ужо не ведаю, які я паэт — хутчэй за ўсё сярэдненькі. Ну, крыху лепшы празаік і — маю права так сёння казаць — нядрэнны публіцыст. І яшчэ, паклаўшы руку на сэрца, магу сказаць, што я вельмі добры, нават выдатны перакладчык. Мне і сёння не сорамна за тое, што я зрабіў для беларускай паэзіі — ні за адзін радок не сорамна! А я ж перакладаў выдатных, бліскучых паэтаў! Напрыклад, Рыгора Барадуліна. І хоць мы звязаны з Грышам амаль саракагадовым сяброўствам, але зусім не па гэтай прычыне кажу, што Барадулін — гэта вялікі беларускі паэт. Часам паглядзіш на яго і падумаеш: божа, гэта я столькі гадоў побач з Рыгорам, а ён жа на самай справе вялікі паэт!..»
Зрэшты, не толькі Маркеса і Барадуліна перакладаў Тарас — яшчэ Францішка Багушэвіча і Янку Купалу, Кузьму Чорнага і Ларысу Геніюш, Янку Брыля і Міхася Стральцова. Апроч таго, асобная старонка ў яго біяграфіі — пераклад быкаўскай «Доўгай дарогі дадому».
Была вясна 2003 года. Васіль Уладзіміравіч, цяжка хворы, збіраўся класціся на аперацыю ў Празе, дзе тады жыў. Але перад тым папрасіў прыехаць Валянціна Тараса і ўжо тут, у Празе, запытаўся, ці слухаў ён па радыё «Свабода» яго кнігу? (Размова ішла пра «Доўгую дарогу дадому», фрагменты з якой Быкаў яшчэ перад выхадам кнігі чытаў у радыёэфіры.) Пачуўшы станоўчы адказ, Васіль Уладзіміравіч сказаў: «Прыйдзецца цяпер табе яшчэ i прачытаць. I не толькi прачытаць, але i перакласцi. У мяне хутчэй за ўсё часу на гэта ужо не будзе, а iншага перакладчыка я не бачу. Так што з Боскай дапамогай бярыся». І пасля так і падпісаў асобнік «Доўгай дарогі»: «Дарагому і даўняму сябру — Валюшаку — Валянціну Тарасу гэты рабочы экз., якi ён перастворыць у iншы выгляд».
Перакладам Валянцін Яфімавіч заняўся, калі Быкава ўжо не стала. «Гэта была праца на мяжы рыдання, — прызнаўся ён пасля. — Бо я ўвесь час чуў голас Васіля, і гэта выбівала мяне з каляіны…»
На мове дзяцінства
Рускамоўны літаратар, Валянцін Тарас у апошнія гады свайго жыцця нечакана пачаў пісаць па-беларуску. «Гэта вяртанне да самога сябе, да сваіх вытокаў, — тлумачыў ён, адказваючы на маё пытанне пра гэтую дзіўную метамарфозу. — Я памятаю час, калі Мінск называўся Менскам (як ён і павінен называцца), калі беларуская мова жыла паўнавартасным жыццём не толькі ў вёсцы, але і ў горадзе — гэта мова майго ранняга дзяцінства, мова першых прачытаных мною кніг, мова беларускіх цётак з вёсак партызанскай зоны, цётак, што кармілі мяне і шкадавалі, нібы маці. Апроч таго, беларуская мова стала для мяне прынцыпам. Даўно, гадоў дваццаць таму, я напісаў верш, які пачынаўся наступным чынам: «Дзве мовы ў мяне — дзве родныя дубровы, источники мои: крынiца и родник. Родная речь звучит, як рэха роднай мовы, i рэхам мовы роднай звучит родной язык». Аднак жыццё ўнесла жорсткую карэкціроўку ў гэтую маю дэкларацыю. Таму што беларуская мова ў бядзе. Менавіта беларуская, а не руская. Вось чаму, калі паўстала пытанне пра рэферэндум адносна мовы — пра тое, каб узаконіць дзяржаўнае двухмоўе, я выступіў адкрыта і публічна. Дзяржаўнае двухмоўе было б правамерна, калі б дзве мовы знаходзіліся ў роўным становішчы. Калі б адна з іх яшчэ ў часы савецкай імперыі не выракла на немату свайго сабрата. Такая пазіцыя запатрабавала ад мяне, каб і сам я загаварыў па-беларуску і стаў пісаць па-беларуску. Тым больш прынцыпова гэта сёння, калі Расія, якая зноў пакутуе на сваю былую імперскую веліч, гатовая нас праглынуць…»
Зрэшты, дадаваў Валянцін Яфімавіч, гэта не азначала, што ён адмаўляецца ад рускай мовы, ад рускай культуры, ад яе паэтаў і мысляроў, такіх як Герцэн ці Андрэй Сахараў. «Гэта было б глупства, — гаварыў ён. — Але я хачу, каб у маім родным доме мова суседа, хай і вялікага, не ставіла нашу мову ў становішча Папялушкі, і каб не хлусілі, што мы, маўляў, адзін народ, што ў нас адна гісторыя і мова, па сутнасці, таксама адна. Я хачу, каб наш сусед памятаў: у нас была свая гісторыя. І мова ў нас свая ўласная. Я гэта ведаю як перакладчык».
Насуперак міфам
Ён мог дазволіць сабе такую раскошу — быць смелым і рэзкім у выказваннях. Адбывалася гэта, відаць, не толькі з прычыны характару, але яшчэ і таму, што належаў ён да таго пакалення пісьменнікаў-франтавікоў, якое атрымала найменне «шасцідзясятнікаў». І не толькі Васіль Быкаў быў ягоным сябрам, але яшчэ і празаік Алесь Адамовіч, паэт Навум Кіслік, філосаф Мікалай Крукоўскі… «Нас аб’яднаў не ўзрост, а біяграфія, — гаварыў Тарас, які ў 13-гадовым узросце пайшоў у партызаны. — Усе мы зразумелі на вайне штосьці такое, што потым і дала магчымасць пераадолець савецкую ідэалогію. У гэтым сэнсе вайна з’явілася вялікім выхавацелем».
Ведаючы не па чутках, што такое вайна, ён сведчыў — у паказе партызанскага руху міфалогіі ў нас, вядома, хапае. Але, у той жа час, папярэджваў: не варта ўпадаць у іншую крайнасць — прыпадабняць партызан бандытам дый толькі ім. «Гэта таксама хлусня, — гаварыў Валянцін Тарас. — Бо партызаны не толькі забіралі ў сялян кароў і кабанчыкаў, каб пракарміцца, і не толькі абуваліся і апраналіся за кошт беларускай вёскі, — яны яшчэ і з немцамі ваявалі. А з гітлераўскім фашызмам трэба было біцца да смерці! Іншая справа, што партызанская вайна мела і адваротны бок: бруд, злачынствы, бяссудныя расправы, самавольства асобых аддзелаў, якiх, дарэчы, самі партызаны баяліся больш, чым гестапа… І я пісаў пра гэта, таму і магу ганарыцца: у сваіх партызанскіх апавяданнях я ніколі не хлусіў і міфатворчасцю не займаўся».
Праўда, менавіта з гэтай прычыны яго творы часам прыцягвалі ўвагу пільнай цэнзуры. Так, напрыклад, здарылася з апавяданнем «Апошняя карова», якое было знята з публікацыі ў часопісе «Нёман». Аднак пасля з’яўлення ў часопісе «Юность» яно было не толькі перакладзена на некалькі замежных моў, але і экранізавана на кіеўскай кінастудыі. Калі ж іншым разам, у дакументальным фільме «Пасля Перамогі», Тарас распавёў пра сваё партызанскае дзяцінства, ветэраны вайны пачалі патрабаваць ад генпракурора прыцягнення былога партызана да адказнасці за паклёп на партыю, на савецкіх партызан і слаўных чэкістаў.
З вышыні гадоў
Яшчэ адзін з грунтоўных вынікаў яго жыцця — мемуарная кніга «На высьпе ўспамінаў», пра якую сам ён неяк казаў: «Хоць пра некаторых, што яшчэ жывыя, я ў сваіх аповедах змаўчаў, але затое не схлусіў ні разу, ні ў адным слове. Пра сябе ж часам кажу такія рэчы, пра якія і распавядаць не прынята, а я — кажу!» Падпісваючы мне асобнік гэтай сваёй кнігі, ён тады адзначыў: «На добрую памяць пра старога Валянціна Тараса, які вельмі стараўся застацца з маладымі»…
Аднак ці адчуваў Валянцін Яфімавіч цяжар пражытых гадоў? Гаворачы пра сябе, пра сваё светаўспрыманне ў сталым узросце, ён вынаходзіў такое тлумачэнне: «20-гадовы Гётэ і 70-гадовы Гётэ — гэта адзін і той жа паэт. Толькі ў дваццаць гадоў гэта быў яшчэ, як мы любім цытаваць, «юнак з поглядам палымяным», а ў семдзесят — гэта паэт, мудры велізарным жыццёвым досведам. Вось і ўся розніца».
А яшчэ чытаў на памяць Пастарнака:
Но старость — это Рим, которыйВзамен турусов и колесНе читки требует с актера,А полной гибели всерьез…
І, гаворачы пра сённяшні час, пра тое, што яму цяпер служыць суцяшэннем, найперш называў праўнучку Верачку і тут жа следам з захапленнем адзначаў, якую велізарную радасць і па сёння прыносіць яму набыццё добрага хлеба: «Для мяне купля пахкага хлеба — заўсёды свята. Я гатовы расцалаваць гэты бохан! Ужо не кажу пра тую радасць, калі чакаеш старых сяброў і тады з велізарным задавальненнем ідзеш купляць пляшку гарэлкі. А ўсе гэтыя ханжаскія размовы, што алкаголь жудасны... Ды пайшлі яны, гэтыя маралісты! Чалавеку патрэбна добрая чарка для добрай гутаркі. Я заўсёды ўспамінаю замалёўку з нататніка Эфендзі Капіева: у паселішча да сябра спусціўся з гор пастух, і той пайшоў і прынёс бурдзюк віна. Пастух жа, пяшчотна пагладзіўшы бурдзюк, казаў: «Ай, колькі тут добрых размоў! На тры ночы хопіць!» Для мяне гэта важна дагэтуль — добрыя гутаркі...»
Такім ён і застаўся ў памяці — паэт і перакладчык Валянцін Яфімавіч Тарас. Чалавек, які вельмі стараўся застацца з маладымі.