Вячку Целешу — 80!

Сёлета 25 верасня спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння выдатнага беларускага мастака, краязнаўца, пісьменніка, філакартыста, сябра Саюзу мастакоў Беларусі і Латвіі Вячаславу (Вячку) Міхайлавічу Целешу.

vjaczka_celesz........jpg


З творамі гэтага выдатнага мастака мінчукі і госці сталіцы маглі азнаёміцца ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі ў часы вельмі непрацяглага Адраджэння ў 1992 годзе. З таго часу з-за беларускасці мастака сённяшняя ўлада больш не выказвала жадання ладзіць яго выставы.
Нарадзіўся Вячка Целеш у пасёлку Краснасельскі Ваўкавыскага раёну , і ўжо больш за паўстагоддзе жыве ў сталіцы Латвіі — Рызе. Бацька яго, Міхал Антонавіч, працаваў спачатку ў капальні, а затым на цаментным заводзе бондарам. Маці, Настасся Іванаўна, усё сваё жыццё аддала сям’і.
Любоў да малявання ў мастака прабудзілася з ранніх гадоў. У 1961 годзе Вячка Целеш вучыўся ў мастацкай студыі, а ў 1975 годзе скончыў жывапісна-педагагічнае аддзяленне Латвійскай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў імя Т.Залькальна. Мастака ведаюць не толькі ў Беларусі і Латвіі, але і далёка за мяжой. Яго карціны знаходзяцца ў музеях і прыватных зборах Беларусі, ЗША, Канады, Францыі, Кітая, Расіі, Ізраіля, Чэхіі, і ў іншых краінах. Яго імя ўнесена ў Міжнародныя каталогі экслібрысу, а таксама ў «Сусветную энцыклапедыю мастакоў усіх часоў і народаў». Вячка Целеш дасканала валодае беларускай, латышскай і рускай мовамі. І карыстаецца ў Латвіі глыбокай павагай: у 2006 годзе ён быў узнагароджаны вышэйшай узнагародай Латвійскай рэспублікі — Ордэнам Трох Зорак.
Наш зямляк вядомы і асветніцкай працай: ён быў першым дырэктарам беларускай школы ў Рызе, з’яўляецца старшынёй Аб’яднання мастакоў-беларусаў Балтыі «Маю гонар». Сваю шматгранную творчасць Вячка Целеш прысвяціў Беларусі і Латвіі, гісторыі гэтых краін і знакамітым асобам: Францыску Скарыне, Максіму Багдановічу, Вінцэнту Дуніну- Марцінкевічу, Янку Купалу, Янісу Райнісу. Ім была створана серыя экслібрысаў выдатных дзеячоў беларускай культуры і гісторыі, сярод якіх Зоська Верас, Уладзімір Караткевіч, Адам Мальдзіс. Вячка Целеш сябраваў і ліставаўся з выдатнай беларускай паэткай Ларысай Геніюш, якая ў кожным сваім пісьме называла яго «Дарагі Слава».
Цёплае, магічнае прыцягненне Бацькаўшчыны адчуваецца ў многіх творах мастака, які ўдзельнічаў ва ўсіх З’ездах беларусаў свету. Чытачам Беларусі і Латвіі знаёмыя кнігі пісьменніка Вячкі — «Гарады Беларусі на старых паштоўках», «Мінск на старых паштоўках», «Рыга на старых паштоўках», «Адсюль наш род, тут мой прычал».
Упершыню я сустрэўся з Вячкам Целешам у Мінску, на плошчы Незалежнасці, дзе вялікая колькасць народу радасна вітала абвяшчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Другая сустрэча адбылася, калі я адпачываў непадалёк ад Рыгі, у адным з санаторыяў Юрмалы. Праз даведачнае бюро я знайшоў яго нумар тэлефона, і Вячка Целеш запрасіў мяне да сябе ў госці. У яго мастацкай майстэрні, за кубачкам кавы мы высвятлялі, ці не з’яўляемся сваякамі. Атрымалася, што мы толькі цёзкі па прозвішчы.
У ліпені 2008 года ў мінскім фальварку «Добрыя мыслі», дзе гаспадыняй у той час была вядомая беларуская мастацтвазнаўца Таццяна Гаранская, адбылася выстава графики Вячкі Целеша «Шляхами Бацькаўшчыны», прысвечаная яго 70-годдзю. На адкрыцці выставы, дзе прысутнічала шмат вядомых беларускіх дзеячоў мастацтва і літаратуры, мастак прамовіў: «Я шчаслівы, што ў той час, калі Беларусь была пад бел-чырвона-белым сцягам, усе мы жылі сапраўднай ідэяй».
Выстава работ Вячкі Целеша, прысвечаная яго юбілею, адкрылася нядаўна ў Рызе, і працягнецца да канца верасня. Жывучы ў Латвіі, выдатны, сусветна вядомы мастак Вячка Целеш застаецца шчырым патрыётам сваёй Беларусі.
Веру, што прыйдзе час, калі адна з вуліц Мінска будзе насіць не імя Ландэра ці Кнорына, а імя выдатнага беларуса, мастака, пісьменніка, краязнаўца Вячкі (Вячаслава) Целеша. Доўгі гадоў жыцця табе, наш шаноўны зямляк, поспехах у тваёй творчасці!
«Новы час» далучаецца да віншаванняў і шчыра зычыць Вячку Целешу моцнага здароўя, натхнення і здзяйснення мараў!