Запаленыя свечкі

Бэла Розэнфельд-Шагал нарадзілася 2 снежня 1889 года ў Віцебску. Жонка мастака Марка Шагала. Вучылася ў Маскве на Вышэйшых жаночых курсах. Цікавілася літаратурай, тэатрам. Яе рысы пазнавальныя ў тварах амаль усіх намаляваных Шагалам жанчын. Памерла ў амерыканскім шпіталі 2 верасня 1944 года.

szahal_i_bela.jpg


Лазня

Для мяне шабат пачынаецца ўжо ў чацвер вечарам.

Мама паспешліва выходзіць з крамы — яна нібы хоча вырвацца з будзённай мітусні. Я чую яе голас:

— Башка, ты дзе? Мы ідзём у лазню! Саша, ты падрыхтавала ручнікі? Хутчэй, хутчэй, няма часу!

Служанка загортвае ручнікі ў пакунак і так туга сцягвае яго, што папера рвецца. Яна надзяе на мяне паліто, галёшы і моцна завязвае капюшон, ад чаго мне робіцца цяжка дыхаць.

— Не румзай, дурнічка, — кажа яна і выцірае мне слёзы. — На дварэ траскучы мароз. Ты можаш, барані Бог, прастудзіцца. Толькі гэтага мне яшчэ не хапала!

Мы з мамай амаль употай крадземся да парадных дзвярэй, быццам ужо субота і крама зачыненая.

Маме было б няёмка ісці праз краму з ручнікамі пад пахай, няхай і запакаванымі. Там заўсёды столькі людзей — хто ведае, магчыма, давялося б затрымацца. А мы спяшаемся, бо ўжо позна. Мама цягнула да апошняга моманту.

На дварэ стаяць сані, на якіх мы паедзем. Возчык, заўсёды адзін і той жа, чакае насупраць дома: ён ведае, што мама ездзіць у лазню кожны чацвер у адзін і той жа час.

Як толькі мы аказваемся вонкі, нас, нібыта вільготнай прасціной, агортвае сцюдзёным вечаровым снегам. Па тым, як мама трымае мяне пад зношаным футравым пакрывалам, каб я, крый Божа, не вывалілася, я адчуваю, што яна ўжо забыла пра мітусню і беганіну ў краме. Сані быццам выхапілі яе адтуль у іншае, чысцейшае, паветра, і ўнутры яе ўжо загучалі святыя малітвы, якія яна з Божай дапамогай будзе казаць увечары перад шабатам.

Ехаць недалёка. Возчык зразае дарогу і вязе нас на бераг маленькай рэчкі Віцьбы, дзе знаходзіцца габрэйская лазня. Санкі шпарка слізгочуць праз паветра, якое дрыжыць ад марозу. Бачна, як наверсе, на іншым стромым беразе, мігцяць аганькі Падола — маленькай базарнай плошчы.

bela_szahal.jpg

Марк і Бэла Шагал.

Я добра яе ведаю — гандляроў, крамы, асабліва малочныя скляпкі. Перад тым, як спускацца ў тыя крамкі па лесвіцы, па мокрых і слізкіх прыступках, трэба паклікаць Бога на дапамогу. І холадна там, нібы ў магіле. Па шэрых сценах сцякае вада. У вялікім склепе гарыць адзіная лямпа з закопчаным шклом, яе святло ледзь сягае жоўтых кавалкаў масла і шырокіх міс са смятанай і амаль зусім не прабіваецца да кута, дзе раскладзеныя падобныя на дзіцячыя галоўкі гомельскія сыры.

Добра бачныя толькі высокія вагі, якія тронам узвышаюцца пасярод склепа. Іх жалезныя ланцугі доўгімі чорнымі косамі гайдаюцца ў паветры, а медныя чашы з такім гонарам прымаюць убогі харч, нібыта вяршаць правасуддзе.

Гандляры ў доўгіх засаленых уборах з грубай тканіны дзелавіта расхаджваюць па склепе. Пальцамі, якія вытыркаюцца з абрэзаных рукавіц, яны адшчыкваюць кавалачкі ад вялізных галоў масла, наліваюць малако ў збаны, кідаюць адно аднаму кругі сыру, быццам гуляюць у снежкі, і пры гэтым крычаць так, нібыта іх б’юць. Магчыма, яны так саграваюцца. Час ад часу ў задушлівым паветры чутна грубая лаянка, полымя праклёнаў успыхвае і кідаецца ад аднаго прылаўка да іншага.

— Халера на цябе! Твой тавар смярдзіць!

— Няхай я заўтрашняга дня не дачакаюся, калі хлушу!

Гандляркі пішчаць, нібы мышы ў норах. Праклёны ўспаланяюць душы, і гандляры загараюцца ад гневу, зусім як жароўні на вуліцы, каля якіх скурчыліся заматаныя ў доўгія хусткі прадаўшчыцы смажанага бобу.

Гандляры лаюцца так палка і шчыра, што робіцца нават крыху весела.

Калі мы едзем у лазню, увесь гэты гвалт сустракае нас здалёк. Вецер даносіць да нас моцнае слоўца, якое вісіць у паветры, пакуль завея не прыцісне яго да зямлі і не засыпле снегам.

Вось мы і прыехалі.

— Забярэш нас адсюль, Бог дасць, праз дзве гадзіны, — кажа мама возчыку, хаця ён ужо колькі гадоў робіць гэта і ведае, калі везці нас назад.

На ўваходзе сядзіць білецёрка, якая ва ўсіх сваіх адзежынах нагадвае стос тканіны. Спачатку яна не варушыцца. Бачныя толькі яе нос і кончыкі пальцаў. На стале побач з білетамі ляжыць марожаная садавіна: яблыкі, грушы. У бутэльцы пеніцца шызаваты квас — мабыць, замерз.

Падобна, што нашае дыханне адаграе заледзянелыя вусны білецёркі: яны павольна расціскаюцца і расцягваюцца ў стылую ўсмешку:

— Задубееш тут сядзець цэлы дзень, — кажа яна і паціху адтае, — дзьме адусюль. Можна акалець, пакуль дачакаешся хоць якую чалавечую істоту.

Мама спачувальна падбадзёрвае яе і купляе мне яблык і грушу.

Мы адчыняем нізкія дзверы, якія вядуць у лазню. Бразганне засаўкі ўспуджвае з лавак дзвюх ці трох голых цётак, прыкрытых хусцінамі. Цяпер яны раяцца вакол нас і гудуць, нібы мухі:

— Вечар добры, Альташка, вечар добры! Што так позна? Як маешся, Альта? Дзеткі не хварэюць? А ты як, Башынька? — яны ласкава паляпваюць мяне з усіх бакоў. — Ды ты расцеш як на дражджах, цьфу-цьфу, беражыся нядобрага вока!

Яны недарма чакалі, яны зноў бадзёрыя. Хусціны цёмнымі крыламі ападаюць долу, і я дзіўлюся на іх белыя целы. Усё вакол робіцца святлейшым і чысцейшым

У гэтым гарачым прылазніку, дзе вільготнае паветра змешваецца са скразняком звонку, я ледзь пазнаю лазеншчыц, хаця яны заўсёды адны і тыя ж. Кожны наступны чацвер яны здаюцца мне ўсё больш старымі і брыдкімі.

Маладзейшая абхоплівае мяне кашчавымі рукамі, ад яе пахне спляснелай хусцінай.

— Холадна, так? Тады пачнём. Расшпілі сукенку, кінем яе ў куфар. Давай, падымі нагу! — яна гаворыць са мной як з канём.

Не паспяваю азірнуцца, як мае боты разам са скручанымі панчохамі ляцяць у чорную скрыню, якая ўжо пада мной. Седзячы на вечку, я так хутка ўздымаюся і падаю разам з ім, што не паспяваю заўважыць, што робіцца ў скрыні, куды, нібы ў змрочную яму, правальваюцца мае апранахі.

Праз шчыліны ў пакрытых ледзянымі ўзорамі, залепленых снегам вокнах дзьме вецер. Я трасуся ад холаду. Лазеншчыца бярэ прасціну і загортвае мяне.

— Пачакай жа трошкі. Ціха, ціха, зараз будзе цяплей. Усё, хадзі ў лазню.

Я агаломшаная. Нібы асуджаную на смерць курыцу, яна валачэ мяне да дзвярэй, сціснуўшы жалезнымі абцугамі рук.

— Глядзі толькі не ўпадзі, Божа ж ты мой! Асцярожна, Башынька, тут слізка.

Ля дзвярэй лазні ў мяне займае дыханне. Амаль непрытомную, мяне запіхваюць усярэдзіну. Скрозь гарачую пару я амаль нічога не бачу. На кручку над дзвярыма вісіць невялікая бляшаная лямпа. Шкло ў ёй не падыходзіць да рамкі, хістаецца і звініць, калі дзверы адчыняюць.

Я спыняюся і баюся паварушыцца. Падлога мокрая і гладкая, вада крапае на ногі, крапае са столі, са сцен, быццам увесь пакой абліваецца потам.

Лазеншчыца бярэ цэбар з вадой і аблівае лаўку, каб я магла на яе сесці. Ёй няма калі сказаць мне нават слова. Яе бліскучая худая спіна круціцца каля мяне і выгінаецца, як кашэчы хвост.

У цэбрах побач са мной булькоча вар, гарачая пара пячэ мне твар. Але цёплая лаўка супакойвае мяне, і я асцярожна апускаю ступні ў цэбар з цеплаватай вадой. Лазеншчыца падыходзіць да мяне ўшчыльную. Абвіслыя шары яе грудзей боўтаюцца перад маімі вачыма, надзьмуты барабанам жывот упіраецца ў мой нос.

Цяпер я сяджу, заціснутая паміж ёй і цэбрамі. Немагчыма нават павярнуцца.

Жанчына запускае шурпатыя пальцы ў мае доўгія валасы. Бярэ кавалак жукаўскага мыла і пачынае церці ім маю галаву, водзіць ім туды-сюды, быццам хоча яе адпрасаваць. Мокрыя валасы аблепліваюць мяне. У галаве круціцца... Я не магу заплакаць, глытаю слёзы і змываю, змываю куслівую мыльную пену, якая выядае вочы, лезе ў вушы і рот. Аслеплая, я абмакваю пальцы ў халоднай вадзе ў цэбры побач са мной. Толькі пасля таго, як валасы спалоскваюць, я адраджаюся. Пяшчотныя кроплі чыстай вады супакойваюць вочы. Я пераводжу дух, набіраюся смеласці і расплюшчваю іх.

Тут я чую, што рыпяць дзверы, і на парозе з’яўляецца мама — голая і белая.

Яна адразу ж знікае ў воблаку гарачай пары. Дзве лазеншчыцы падтрымліваюць яе з бакоў. На грудзях і жыватах жанчын праступае пот. Па закладзеных за вушы валасах сцякаюць кропелькі.

Мама ціха і сарамліва спыняецца каля дзвярэй. Лазеншчыцы кідаюцца да цэбраў, на ўсю моц адкрываюць краны і абмываюць для яе лаву.

Мама спакойна сядае, і яе поўнае цела займае лаву цалкам.

Я настолькі знясіленая мыццём і расціраннем, што амаль не бачу маму. Яна саромеецца мяне і хавае позірк, калі я гляджу на яе валасы. Замест звычайнага шчыльна завітага парыка бачныя яе ўласныя рэдкія валасы. Яны паступова павыпадалі — гадамі без паветра, прыдушаныя цяжкім парыком. Мне робіцца зусім сумна, сілы пакідаюць мяне, і я без супраціўлення дазваляю мыць сябе далей.

9_szahal.jpg


Лазеншчыца нібыта завалодвае не толькі маім целам, але і душой. Яна кладзе мяне на лаву як кавалак цеста, месіць і шчыпае, быццам фармуе з мяне бохан хлеба.

Я пераварочваюся на жывот. Раптам яна так моцна пляскае мне па спіне, што я падскокваю.

— Ну што, Башынька, як табе? Добра, га? — да лазеншчыцы раптам вяртаецца здольнасць гаварыць. — Глядзі, як пачырванела! Адно задавальненне ўшчыкнуць такую!

Замучаная да паўсмерці, я толькі і чакаю, калі яна адчэпіцца. Тут мяне скаланула: ззаду, з-за плячэй, на мяне абрынаецца вадаспад. Я цалкам знікаю ў струменях вады, яны падхопліваюць мяне і кудысьці нясуць. Лазеншчыца вылівае на мяне цэбар, мне робіцца зусім горача, і я з прыемнасцю адчуваю, што таю, бы мяккі воск.

— Во-о-ось та-ак! — лазеншчыца з палёгкай уздыхае і мокрай рукой выцірае сабе нос. — Цяпер ты блішчыш не горш за брыльянт, Башынька. На здароўе, маё дзіцятка!

Яна аглядвае мяне сваім шкляным, размытым вадой позіркам і хуценька заварочвае ў цёплую прасціну. Ёй, канечне ж, і самой хочацца выцерціся, але яна павольна абхоплівае мяне абедзвюмя рукамі, быццам я шабатняя свечка, якую яна мусіць блаславіць.

Я здаля назіраю за тым, што адбываецца з мамай. Безумоўна, яе таксама намылілі і надраілі, і, вядома, яна таксама парадавалася цёпламу абліванню. Але з ёй усё не так хутка, як са мной. Пасля мыцця лазеншчыца падсоўвае маме нізкі ўслончык і прысаджваецца ля яе ног. Яна ставіць маленькі латунны падсвечнік на скрынку, запальвае аганёк, падпраўляе кнот і пачынае плакацца маме на цяжкае жыццё. Яе спіна згінаецца так нізка, быццам усе турботы леглі на яе і прыціскаюць галаву да маміных ступняў.

— Няхай Усёмагутны злітуецца і пазбавіць нас турбот, — кажа яна і ўздымае галаву. — Хай будзе так, Гасподзь у небе.

І, нібыта каб забыць пра нягоды, яна пачынае калупацца з мамінымі пальцамі. Пасля кожнага блаславення, якое яна мармыча перад тым, як зрэзаць пазногаць, свечка, здаецца, успыхвае ярчэй, а душа лазеншчыцы трошкі яснее. Мама назірае, што яна робіць з яе пальцамі, і цярпліва слухае балбатню. Святло свечкі перад імі ясным арэолам выхоплівае абедзвюх жанчын са змроку. Два схіленыя адзін да аднаго белыя твары свецяцца, нібыта падрыхтаваныя да святога дзейства.

Апрацаваўшы маміны пазногці, старая лазеншчыца ўздымае галаву і ціха прамаўляе:

— Альта, цяпер пойдзем у мікву.

У мамы перахоплівае дыханне, быццам старая прагаварылася пра нейкую таямніцу. Абедзве жанчыны павольна ўздымаюцца, выпростваюцца і цяжка ўздыхаюць, нібыта мусяць увайсці ў святая святых. Абрысы іх белых постацяў размываюцца ў цемры. Я заўсёды пабойваюся дарогі да міквы. Трэба мінуць парылку, дзе на доўгіх лавах пакутуюць няшчасныя істоты. Іх хвошчуць бліскучымі бярозавымі венікамі, яны стогнуць, быццам іх смажаць на распаленых вуглях. Жар забіраецца мне ў рот, сціскае сэрца. «Гэта пекла для тых, хто шмат грашыў», — кажу я сабе і хуценька бягу за мамай у па-турэмнаму цёмны пакой, дзе знаходзіцца міква.

4_szahal.jpg


Старая лазеншчыца стаіць на маленькіх сходах, трымае запаленую свечку і льняную прасціну.

Мама — мне страшна за яе — моўчкі спускаецца па слізкіх прыступках усё глыбей у ваду, пакуль тая не даходзіць да шыі.

Калі старая кажа блаславенне, мама ўздрыгвае, нібы ад прысуду. Яна заплюшчвае вочы, затыкае нос і, быццам назаўсёды, знікае пад вадой. Божа, беражы!

— Ко-о-ошэр! — прароцкім голасам выкрыквае старая.

Мяне перасмыкае як ад удару маланкі, я дрыжу і чакаю. Вось зараз з-пад чорных столевых балак блісне і ўсіх нас заб’е. А можа, з каменных сцен пальецца вада, і мы ўсе захлынёмся ў патопе.

— Ко-о-ошэр! — другі раз крычыць старая. Дзе ж мама? Я больш не чую ніводнага ўсплёску.

Тут раптам вада расступаецца, і з глыбіні паказваецца маміна галава. З мамы цячэ, яна абтрасаецца, быццам узнялася з марскога дна. Не магу дачакацца, калі старая скончыць крычаць, каб ёй больш не трэба было ныраць. Яна ж ужо даўно стамілася. З яе валасоў, з вушэй збягае вада.

— На здароўе і жывіце доўга, Альта.

Цяпер ужо і старая лазеншчыца ўсміхаецца. Яе сухарлявыя рукі высока ўздымаюць льняную прасціну. Мама загортваецца ў яе, нібы ў беласнежныя крылы, і ўсміхаецца, як анёл.

Ад мяне, апранутай, яшчэ ідзе пара. Я чакаю маму і жую яблык, які паспеў раскіснуць.

Яна ўваходзіць і адразу пачынае мяне прыспешваць, нібыта толькі цяпер успомніла, што яшчэ працоўны дзень і крама адчыненая.

Святасць і цяпло лазні злятаюць з мамы, і яна нецярпліва апранаецца.

Жанчыны падаю́ць ёй адну адзежыну за адной, потым боты, і ўвесь час расказваюць пра сваю нядолю, быццам баяцца, што мама сыйдзе да наступнага чацвярга, а яны не паспеюць аблегчыць душу. Дрыготкімі рукамі яны загортваюць бялізну ў паперу, пасля запакоўваюць і мяне. Апухлая ад гарачыні, я ледзь магу паварушыцца.

9_bela_25_logo_1.jpg


Мама раздае чаявыя і зноў выслухоўвае доўгія пажаданні дабра, з якімі нас выпраўляюць дадому.

— На здароўе, Альта! Бог дасць, да наступнага чацвярга. Шчаслівай дарогі! Будзь здаровая, Башынька, бывай!

Яны перакрыкваюць адна адну і таропка абмотваюцца хусткамі.

Дзверы быццам самі сабой адчыняюцца. На імгненне мы застываем на парозе. Божа мой, якая халадэча! З цёмнага неба падае снег. Сняжынкі блішчаць, як зоркі.

Можа, цяпер дзень, а не ноч? Перад вачыма — бялёсая мітусня, і я не адчуваю нічога, апроч холаду.

Возчык і ягоны каняка ператварыліся ў снежныя пагоркі. Яны замерзлі?

— Лёгкай пары! — кажа возчык і ўсміхаецца. Яго ніжняя губа аддзяляецца ад заледзянелых вусаў, а з кусцістых броваў падаюць камякі снегу. Конік таксама ажывае і ржэ.

— Шчасліва дабрацца! — усё яшчэ крычаць нам з дзвярэй лазні.

Санкі рушацца з месца. «Гоп, гоп!» — гаркае возчык і сцябае лядашчага каня бізуном.

Дабраўшыся дамоў, мама прабягае скрозь дзверы яшчэ хутчэй, чым пры ад’ездзе, і адразу адкладае пакунак з бялізнай. Пахі дому, крамы б’юць нам у твар.

— Бог ведае, што тут без мяне нарабілі! — з вінаватым выглядам мама спалосквае расчырванелы твар і спяшаецца ў краму.

Цяпер мне шкада, што гарачая лазня так хутка скончылася.

 

szahal_bela.jpg

Настаўнік

Стары настаўнік, які прыхо­дзіць нас вучыць, ценем шмыгае праз двор. У мяне ёкае сэрца.

Худы і мізэрны, ён прыціскаецца да сцен, быццам баіцца кагосьці зачапіць. Зношаны цемнавата-зялёны палітон ледзьве прыкрывае ягоныя плечы, рэдкая казліная бародка панура звісае.

— Ну што, Башынька? — выціскае ён з сябе ўсмешку. ¬— Ты добра вывучыла алфавіт? Ідзі, пакліч Абрамеле. Сёння мы старанна папрацуем, праўда ж?

Я бягу ў дом і крычу:

— Абраша, Абраша, настаўнік прыйшоў!

Мой брат, мабыць, убачыў настаўніка раней за мяне. З пакойчыка, у якім заўсёды зачыняецца, калі ў нас пачынаюцца заняткі, ён шэпча:

— Давай занясі яму шклянку чаю і варэнне!

— Але ж ты прыйдзеш? — ціха кажу я ў замочную шчыліну. Я не магу ўвесь час сядзець сам-насам з настаўнікам.

— Ідзі ўжо, хутка прыйду. Скажы, што ў мяне баліць жывот.

Настаўнік сядае за стол. Ён пазяхае, працірае акуляры, смаркаецца і бярэ панюшку табакі. Потым раскрывае кнігу, якую заўсёды носіць з сабой.

— Дзе ж вы, дзеткі? — ён азіраецца, трымаючы палец у кнізе.

— Я тут! Можа, хочаце шклянку чаю? — я стаўлю побач з кнігай варэнне і гарачы чай.

Ад яго ўздымаецца воблачка пары і затуманьвае акуляры настаўніка, пах вішнёвага варэння казыча яму нос. Настаўнік робіць глыток, другі. Яму робіцца горача, але ён не ставіць шклянку, пакуль не выпівае ўсё.

— Хочаце яшчэ чаю? — не дачакаўшыся адказу, я хапаю шклянку і выбягаю з пакоя.

— Дык дзе Абрамеле? Яго няма дома? — і настаўнік просіць мяне больш не насіць чай.

— Добра, рэбе. Я паклічу яго. Ён казаў, што зараз прыйдзе.

— Абраша! — я стукаю ў дзверы. — Настаўнік чакае! Ідзі ж урэшце!

— Ты давала яму чай з варэннем?

— Так, ужо некалькі шклянак, і варэнне яму абрыдла. Мне страшна. Зараз жа выходзь!

— Не магу. Цяпер у мяне праўда разбалеўся жывот. Я не вінаваты.

Я ведаю, што Абраша маніць. У яго зусім нічога не баліць, проста ён хоча схавацца ад заняткаў.

szahal_2.jpg


Я зноў іду да настаўніка. Ён бездапаможна сядзіць над пустой шклянкай.

— Рэбе, можа, жадаеце яшчэ шклянку чаю? Толькі што зноў разагрэлі самавар, — і, перш чым ён паспявае адказаць, я выхопліваю шклянку з ягонай рукі. Мне сорамна зноў несці яму чай, сорамна глядзець яму ў вочы.

Гарачая пара ўздымаецца да яго твара, ягоныя вочы пачынаюць міргаць.

І тут мне робіцца па-сапраўднаму страшна, што рэбе ад гарачыні страціць прытомнасць. Зусім зняможаны, ён сядзіць, заплюшчыўшы вочы і звесіўшы галаву.

Я гляджу на яго і не пазнаю — так ён пастарэў. Ягонае цела амаль цалкам заслоненае сталом, бачная адно маленькая галава з казлінай бародкай.

Толькі цяпер я заўважаю, наколькі змучаны ягоны твар, якая танюткая шыя, такая ж жоўтая, як старонкі малітоўніка на стале. Ягоныя вусы і кончыкі пальцаў таксама жоўтыя — ад нюхальнай табакі.

Няўжо ён і праўда такі стары? Нават ад ягонай вопраткі патыхае старасцю. «А што, калі рэбе не зможа сам дабрацца дадому? — думаю я. — Можа, папрасіць каго з ягонай сям’і, каб прыйшлі па яго? Дзе рэбе ўвогуле жыве? Ці ёсць у яго дзеці? Яны такія ж свавольнікі, як мы?» Тут мне прыходзіць да галавы, што ў яго нікога няма, і маё сэрца сціскаецца. «Ён зусім адзін у свеце, як былінка ў полі…»

І я радая, што стары спіць, што не бачыць, як я пачырванела. Мне здаецца, ён заснуў не ад гарачага чаю, а ад засмучэння, што мы так кепска вучымся. Ён зусім ціхмяны, яму хочацца навучыць нас алфавіту, каб мы змаглі прачытаць хаця б старонку з Бібліі, як ён звычайна кажа.

Чаму ён баіцца быць з намі строгім? Ён мусіў бы насварыцца на нас, гэта было б нашмат лепш! Мы ж не бацькі, не ягонае «начальства», як ён кажа.

Мы кепскія. Мы спачуваем яму толькі калі ён спіць.

Мне хочацца сказаць яму, што ад сёння я буду добра вучыцца і магу паклясціся ў гэтым усім святым. Я не буду больш насіць яму чай шклянку за шклянкай. Я пужаюся: мой шэпт занадта гучны, ён можа разбудзіць рэбе. Я сяджу на сваім месцы зусім ціха.

«О, — думаю я, — а што, калі Абраша забяжыць сюды і разбудзіць настаўніка? Няхай у нас ён прынамсі выспіцца. Пэўна ж, ён усю ноч вывучае Тору і не спіць».

Тут у пакой праз адчыненае акно прасочваецца водар шакаладу. Пах такі моцны, што я міжвольна пазіраю на настаўніка: ці не прачнуўся ён?

Салодкі водар воблакам лунае над маёй галавой, казыча язык, прабіраецца ў нос. Я п’янею.

Як крыўдна, што менавіта ў гэты момант я не на дварэ! Я ведаю, што на кухні кандытарскай «Жан Альбер» вараць шакаладную глазуру і намазваюць яе на торты. Калі б цяпер я была там, пекары паклікалі б мяне і далі аблізаць вялікую драўляную лыжку, якой перамешваюць шакалад. Стары пекар, якога я пабойваюся, калі ён выходзіць на двор, у гарачай пякарні выглядае саладзейшым за выпечку, якую ён па-майстэрску вырабляе. Ён прыязна ўсміхаецца, так што бачныя чорныя, папсаваныя цукрам зубы, яго фартух заляпаны шматкаляровай глазурай, якой ён упрыгожвае торты.

Я ўяўляю, як пекар падносіць да рота доўгі ражок і дзьме ў яго. Адтуль выпаўзае тлустая каляровая маса, а на торце з’яўляецца чырвоная кветка ці зялёны лісток.

Тады ён бярэ іншы ражок, дзьме, і на пірог выскоквае анёлак з крылцамі. Драўлянай лапаткай пекар разгладжвае анёла і ўсе няроўнасці на торце. Салодкія крошкі падаюць долу.

Пекар ведае, што я гляджу на яго як на чараўніка.

— Што, прыгожа? Хочаш рэштачак?

Ён усміхаецца і насыпае мне поўныя прыгаршчы салодкіх крошак.

Я гляджу на далонь — у ёй нічога няма, азіраюся — перада мной спіць настаўнік.

Ах, калі ж ён нарэшце выспіцца? Я прапушчу салодкія крошкі. Калі я спазнюся, у пякарні будзе цёмна, яе зачыняць…

Можа, хуценька збегаць туды? А калі настаўнік прачнецца?

«Ш-ш-ш!» — я чую ціхі шолах. Што гэта — вецер? Ці гэта настаўнік пасопвае ў сне?

Я высоўваюся з акна, ледзь не вывальваюся з яго. Зверху, з кватэры фатографа, падаюць маленькія белыя лісткі. Памятыя, скамечаныя, яны, нібы белыя галубы, ляцяць праз двор, падаюць на прыступкі.

Я выцягваю рукі, спрабую злавіць лісткі. Я ведаю, што гэта карткі, якія выкідвае фатограф. Пажоўклыя, палінялыя. Тут праколатае вока, там праціснутая шчака — твар амаль непазнавальны.

Вось дзяўчына шырока раскрыла вочы, яна быццам задыхаецца ў сваім высокім каўняры. Вунь стаіць салдат з доўгімі вусамі. Ён выглядае вельмі спалоханым, нібыта ўбачыў генерала, які зараз на яго накрычыць.

Я схапіла яшчэ адну картку, разглядваю яе. Дзякуй Богу, што я яе злавіла! На белай хусціне ляжыць голенькае немаўля. Няхай яно і пухлае, нібы парсючок, але ўсё роўна пабіла б галоўку, калі б упала на зямлю.

«Пагуляй са мной, давай, усміхніся!» — і дзіця сапраўды смяецца.

Я лаўлю яшчэ адну фатаграфію. На ёй ажно цэлая сям’я. Як фатографу хапіла духу яе выкінуць? Уся сям’я на адной картцы! Дзядуля з бабуляй, яшчэ адна бабуля, дзядзькі, цёткі, бацька, маці, сыны, дочкі, жанатыя і нежанатыя, маленькія дзеткі… Крэслаў хапіла не ўсім, таму, мабыць, тыя, што стаяць ззаду, выглядаюць такімі незадаволенымі. Дзеці сядзяць спераду на падлозе…

6szahal.jpg


Аднойчы я доўга разглядала такую ж сямейную картку і не стрымалася. Пайшла да мамы і спытала, ці не можам мы таксама так сфатаграфавацца.

— Фатограф жыве ў нашым доме, — сказала я, — і мы маглі б бачыць сябе ў ягонай вітрыне.

Мама кідае на мяне знішчальны позірк:

— Ты звар’яцела? Ці проста без мазгоў? Табе нічога лепшага ў галаву не прыйшло? Пайсці ды сфатаграфавацца, як нейкія дзеўкі са сваімі салдатамі!

Чаму мама на мяне налаялася? Дзядуля ж таксама адзін раз фатаграфаваўся! Ну так, яго падманулі: калі ён спакойна стаяў за прылаўкам, яму сказалі не рухацца, бо трэба памераць краму. Дык фатограф мог бы прыйсці да нас нібыта памераць краму і ўсіх нас сфатаграфаваць…

— Башка! — крычыць Абраша, які нарэшце выходзіць са свайго пакоя. — Настаўнік пайшоў ужо.

— Тсс! — я спалохана махаю яму абедзвюма рукамі. — Ціха! Ён спіць!

Але вокліч Абрашы разбудзіў настаўніка.

Дзякуй Богу, сон яго падбадзёрыў. Ён адразу агоўтаўся, глядзіць на нас і бярэцца за кнігу, быццам зусім і не спаў.

— Так, дзеці, на чым мы спыніліся? Паўтарайце: алеф, бэт…

— Гімель, далет! — гучна крычу я і радуюся, што настаўнік на нас не злуецца.

— Хе, вав! — перакрыквае мяне Абраша.

Упершыню мы паўтараем алфавіт ад пачатку і да канца. Настаўнік ззяе ад задавальнення.

— Вы не стаміліся, дзеткі? Сёння вы слаўна папрацавалі. Можа, тады хопіць?

Ён надзявае свой стары палітон і ціха сыходзіць.

 

Пераклад паводле выдання: Bella Chagall. Brennende Lichter. Rowohlt, 1990.

Пераклад з нямецкай Ігара Крэбса, prajdzisvet.org