Багданкевіч: Заробкі могуць знізіцца да ўзроўню пачатку 1990-х
Нават 6 мільярдаў крэдытаў, якія афіцыйны Мінск просіць у Расіі і МВФ, не здольныя выправіць сітуацыю ў эканоміцы, яны дазволілі б толькі захаваць статус-кво.
Сярэдні заробак у снежні 2015 года склаў 7 мільёнаў 424 тысячы рублёў, ці 412 долараў. Фактычна снежаньскі заробак параўнальны з зарплатай на студзень 2015 года. Аднак з улікам студзеньскай дэвальвацыі, сярэдняя зарплата за снежань 2015 года ўжо ўсохла да 344 долараў.
Параўнаем з тым, што было год таму: у снежні 2014 года сярэдняя зарплата ў Беларусі склала 6 мільёнаў 805,9 тысячы рублёў, або амаль 619 долараў. Фактычна за год сярэднестатыстычны беларус страціў амаль 207 долараў.
Чаму сярэдні заробак абваліўся за адзін толькі год на 200 долараў? Якія перспектывы чакаюць беларускія заробкі ў 2016 годзе? Сваім меркаваннем з чытачамі НЧ падзяліўся экс-старшыня Нацыянальнага банка Станіслаў Багданкевіч.
— Прычыны падзення заробкаў агульнавядомыя. Эканоміка падае: на 4% упаў валавы ўнутраны прадукт, па афіцыйных звестках, упала прамысловасць на 7%, упала вытворчасць сельскай гаспадаркі амаль на 3%, упала прадукцыйнасць працы. Ідзе эканамічны абвал, выкліканы нерэфармаванасцю эканомікі, працай на склад, стратнай дзейнасцю флагманаў беларускай прамысловасці: МАЗ, МТЗ, БМЗ…
Агульны ўпадак эканомікі, калі ўлады не робяць высноў, палітычнага абнаўлення кіроўнага апарату не адбываецца, а прэзідэнт каторы раз кажа, што не дапусціць ніякіх рэформ, адмова ад якіх і прывяла да ўсеагульнага збяднення насельніцтва.
— Беларускі рубель увайшоў у топ–9 найбольш нявыгадных валют для інвестыцыяў па выніках 2015 года. Паводле падлікаў «Bloomberg», нашы грошы за год
абясцэніліся на 42%. Як інфляцыя адлюстравалася на заробках?
— Рубель абясцэніўся не на 42%, а на 57% паводле афіцыйных звестак. На абясцэньванне рубля паўплывала многа фактараў. Адзін з іх — сёння Нацбанк не мае магчымасці манеўру з-за адсутнасці золатавалютных рэзерваў. Чыстыя золатавалютныя рэзервы (чыстыя валютныя запасы) складаюць сёння толькі два мільярды долараў, а толькі дзяржаўныя плацяжы сёлета — тры з лішнім мільярды. А калі дадаць сюды яшчэ плацяжы банкаў на пагашэнне сваіх запазычанняў, то доўг даходзіць да сямі мільярдаў. Рэзерваў няма, эканоміка падае, дык і валютны курс таксама мусіць падаць. Нават ва ўмовах, калі ён вызначаецца попытам і прапановай. Знешнегандлёвы баланс нібыта амаль збалансаваны, але не збалансаваны плацежны баланс — трэба плаціць даўгі.
Улады просяць 6 мільярдаў знешніх крэдытаў: 3 — ад Расіі і 3 — ад МВФ. У выпадку атрымання грошай сітуацыю палепшыць не ўдалося б, але захавалі б статус-кво. Але без рэформаў (Лукашэнка зноў паўтарыў, што не дапусціць ні палітычных, ні эканамічных рэформаў) нам не даюць крэдыты ні на ўсходзе, ні на захадзе. А значыць, мы асуджаныя на падзенне ўзроўню жыцця.
Я гляджу па сабе: пенсія не расце, а цэны на медыкаменты нават па афіцыйных звестках павялічыліся ледзь не на траціну, цэны на спажывецкім рынку растуць пастаянна. Аб’яўлена, што ва ўмовах падзення сусветных коштаў на энергарэсурсы ў Беларусі растуць кошты для грамадзян, спажыўцоў: на электраэнергію — на 20%, на газ — на 20%, камунальныя паслугі — на 30%. Ідзе паступовае, але няўхільнае збядненне людзей.
Спадзяюся, што, нягледзячы на малапісьменныя заявы пра недапушчэнне рэформаў, улады ўсё ж пачнуць шавяліцца. Але ў гэтых умовах пагаршэнне ўзроўню жыцця людзей будзе працягвацца. І валютны складнік таксама будзе падаць, але наколькі — цяжка прагназаваць.
Хацелася б спадзявацца, што нарэшце будзе прынята рашэнне пра структурныя пераўтварэнні, звязаныя найперш з палітычным складнікам. Улада мусіць трымаць справаздачу перад выбаршчыкамі. А значыць, адбудзецца кадравае абнаўленне ўраду, дырэктарскага корпусу: кадры ёсць, толькі сістэма застыла, яна грунтуецца на ўчорашнім дні — атрымліваць разам з Расіяй даходы ад завышаных цэнаў на нафту і газ.
— Але цяпер, напэўна, цяжка прагназаваць верагоднае дно падзення заробкаў?
— Безумоўна, заробкі можна давесці да ўзроўню 1991–1995 гадоў. Але тады разваліўся Савецкі Саюз, і кіраўніцтва, у тым ліку і я, дэ-факта мусілі рабіць структурную перабудову вытворчасці. У 1991 годзе 40% беларускай прамысловасці працавала па заказах Міністэрства абароны СССР. СССР ляснуўся — і заводы спыніліся. Але тагачасны абвал быў выкліканы аб’ектыўнымі фактарамі, а зараз абвал ідзе па суб’ектыўных фактарах: улада не разумее, што адбываецца ні ў свеце, ні ў беларускай эканоміцы.