Барнукова: «Цяпер трэба выплачваць даволі вялікія сумы, а фінансавыя рынкі для нас закрытыя»

Як дзярждоўг Беларусі аказаўся вышэй за ўкраінскі, чым гэта пагражае і што будзе далей?

_hroszy___deficyt___infljacyja___fota_dzmitryeu_dzmitry_novy_czas_logo_1.jpg

Дзяржаўная запазычанасць Беларусі ў доларавым эквіваленце дасягнула свайго гістарычнага максімуму: і $ 22,995 млрд — чыстымі, і $ 26,126 млрд з улікам гарантаванай дзяржавай запазычанасці.

Здавалася б, дзяржаўны доўг Украіны ў 3,5 разы большы за дзярждоўг Беларусі, вось толькі насельніцтва Украіны таксама большае ў 4 разы. Адпаведна, на душу насельніцтва памер дзярждоўгу Украіны атрымліваецца меншым, чым у РБ.

Акадэмічны дырэктар Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Кацярына Барнукова патлумачыла “Филину”, як так атрымалася, а таксама распавяла, што можа чакаць беларускі дзярждоўг у агляднай будучыні.

— Аб чым наогул кажа той факт, што дзярждоўг Беларусі на душу насельніцтва ўжо вышэй за ўкраінскі?

— Гэты паказчык кажа не так ужо і шмат. З аднаго боку, ён выяўляе пазыковую нагрузку на кожнага грамадзяніна краіны, але на самай справе мае сэнс не столькі такая нагрузка, а наколькі грамадзяне здольныя яе выплаціць.

Гэта значыць, варта глядзець на суадносіны дзярждоўгу з ВУП. І тут таксама ёсць нюансы: лепш глядзець нават не проста на суадносіны дзярждоўгу з ВУП. Дзярждоўг можа быць вялікім, але досыць доўгатэрміновым, пад нізкі працэнт і гэтак далей. Важна глядзець на нагрузку, якую дзярждоўг уяўляе з сябе ў бягучы момант — гэта ў першую чаргу. А ў другую — адсочваць дынаміку яго росту, у якой валюце доўг намінаваны і пад які працэнт.

Дык вось у працэнтах ад ВУП мы выглядаем лепш за Украіну. Але пры гэтым ва Украіны дастатковая вялікая частка доўгу, больш лёгкага ў абслугоўванні: у іх ёсць частка доўгу ў выглядзе спецыяльных даўгавых інструментаў, прывязаных да росту ВУП. Гэта значыць, Украіна выплачвае па гэтых запазычанасцях, толькі калі расце ВУП: ударыў каронакрызіс — і частка нагрузкі па абслугоўванні доўгу аўтаматычна знялася.

У нас такіх умоў няма. Гэта першая праблема. Другая — тэмпы эканамічнага росту.

Апошнія 5 гадоў, у сярэднім, у нас яны досыць нізкія. А вось працэнты, якія мы плацім па запазычаннях, — даволі высокія. Атрымліваецца, наш эканамічны рост не кампенсуе ўзровень працэнтаў па дзярждоўгу, на жаль. Ва Украіны таксама не ўсё цудоўна ў гэтым аспекце, але крыху лепей.

Акрамя таго, у нас значна вышэйшы працэнт доўгу, які намінаваны ў замежных валютах, а ва Украіны значна больш доўгу, які з'яўляецца ўнутраным і намінаваны ў грыўні. У той час, як у Беларусі нават унутраны доўг намінуецца ў доларах. У гэтым плане ўкраінцам таксама лягчэй.

А самая вялікая надзённая праблема з дзярждоўгам Беларусі — гэта тое, што прама сёння і цяпер, сёлета і ў наступным годзе, трэба выплачваць досыць вялікія сумы, а фінансавыя рынкі для нас закрытыя.

— Найбольшы адносна ВУП узровень дзярждоўгу Беларусі фіксаваўся ў моманты дэвальвацыі беларускага рубля, калі долар рэзка даражэў. Ці можа ў найбліжэйшай будучыні дзяржаўны доўг паўплываць на дэвальвацыю рубля?

— Тут залежнасць, хутчэй, у другі бок. У нас у краіне звычайна ВУП лічыцца ў рублях, а дзярждоўг якраз большай часткай намінаваны ў доларах. І гэта прыводзіць да таго, што пры любой дэвальвацыі суадносіны дзярждоўгу і ВУП моцна растуць.

Я б сказала, што той факт, што дзярждоўг Беларусі трэба абслугоўваць у доларах, з'яўляецца якраз магутным фактарам для Нацбанка і ўрада пазбягаць дэвальвацыі любой цаной.

Напрыклад, без дзярждоўгу мы б маглі падумаць аб тым, каб з дапамогай дэвальвацыі стымуляваць экспарт. Але велізарная залежнасць дзярждоўгу ад валюты прыводзіць да таго, што ў сітуацыях, калі на рынку неспакойна, як у сакавіку ці жніўні мінулага года, Нацбанк вымушаны марнаваць вельмі вялікую колькасць рэзерваў на «тушэнне пажару», каб не дапусціць вялікай дэвальвацыі.

— Што далей будзе адбывацца з нашым дзярждоўгам?

— Дзярждоўг будзе расці, па ўсёй бачнасці, таму што ў нас дэфіцыт дзяржбюджэту і па планах ён нікуды не знікне. Ён звязаны з тым, што эканоміка знаходзілася і знаходзіцца ў крызісе, а каронавірус прывёў да зніжэння даходаў і павышэння выдаткаў бюджэту. З пункту гледжання прамога ўплыву на эканоміку, каронакрызісу ўжо амаль няма, але досыць высокія выдаткі на медыцыну застаюцца.

Плюс у нас ёсць такія структурныя фактары дэфіцыту бюджэту, як наша дэмаграфія. Па сутнасці, гэта больш не пра бюджэт, а пра фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, які атрымлівае апошнія гады субвенцыі з бюджэту, таму што інакш фонд быў бы дэфіцытным з-за старэння насельніцтва. А гэта ўжо нікуды не дзенецца.

Таму, хутчэй за ўсё, дэфіцыт будзе заставацца, проста, можа быць, не такі вялікі, як у гэтым годзе. І дзярждоўг вымушаны будзе расці.

Паводле gazetaby.media
Пераклад НЧ