Беларуская прамысловасць: як выкараскацца з багны
Калі мне кажуць нешта кшталту «ахарактарызуй стан нашай прамысловасці», становіцца крыху няёмка. Якой прамысловасці? У нас прамысловасць розная. Машынабудаванне адрозніваецца ад лёгкай прамысловасці, а здабываючая прамысловасць — ад перапрацоўчай. Дый перапрацоўка ад перапрацоўкі адрозніваецца: адна справа — перапрацоўваць драўніну, якая ў Беларусі ёсць, а другая — нафту, якой у Беларусі амаль няма.
Аднак пры ўсіх гэтых адрозненнях праблемы ў галінах нашай прамысловасці назіраюцца аднолькавыя — практычна ва ўсіх. Гэта і буйная запазычанасць, якая перавысіла, па статыстычных дадзеных аб’ём планаванага ВУП краіны, і хранічная закрэдытаванасць, і праблемы са збытам, якія, з аднаго боку, цяпер злёгку суцішыліся на хвалі посткавіднага росту спажывання, а з іншага — яшчэ пакажуць сябе ва ўмовах заходніх санкцый.
Таму мы і вырашылі паразмаўляць пра тое, якой у будучыні павінна быць «агулам прамысловасць» у новай Беларусі з эканамістам, старэйшым навуковым супрацоўнікам даследчага цэнтру BEROC (Кіеў)Дзмітрыем Крукам. І найперш, канешне, паспрабавалі паставіць дыягназ таму, што адбываецца ў нашай прамысловасці. Бо без дыягназу не бывае лячэння.
Не катастрофа, але вельмі кепска
Дзіўна, але Дзмітрый Крук не лічыць асабліва важным паказчыкам запазычанасць памерам у ВУП нашых прамысловых прадпрыемстваў — лічбу, скажам так, найбольш уражвальную. Сапраўды, ці жарт, калі запазычанасць перавышае кошт усяго, што зроблена ў краіне за год?
— Супастаўленне агульнай запазычанасці і ВУП — гэта не зусім карэктна. У гэтым паказчыку не толькі даўгі, але і запазычанасць, у тым ліку па разліках. Таму наўпрост з гэтай лічбы не вынікае трагічнай сітуацыі на прадпрыемствах. Але ў цэлым па прамысловасці, калі даваць нейкія ацэнкі, можна сказаць, што яна развіваецца ў нас марудна і супярэчліва. Калі мы возьмем перыяд у 10-12 гадоў, мы пабачым, што ўзровень рэнтабельнасці зніжаецца, вельмі слабыя іншыя фінансавыя паказчыкі. І вось тут важную ролю адыгрывае даўгавы цяжар. Ён сфармаваўся ў перыяд так званай «мадэрнізацыі», калі прадпрыемствы набралі пазыкаў пад перааснашчэнне, пераабсталяванне, але не здолелі іх належным чынам выкарыстаць. І цяпер значная частка выручкі ідзе на выплату гэтых пазыкаў.
Калі глядзець канкрэтна на бягучы 2021 год, то сапраўды, ёсць прырост прамысловай вытворчасці дзякуючы таму, што ў нас называюць часцяком «знешнегандлёвым цудам». Але гэты рост я б назваў «узнаўляльным» — для нас гэта экстраардынарная сітуацыя, калі прамысловыя прадпрыемствы здолелі нарасціць выпуск прадукцыі. Гэта звязана, у першую чаргу, са спецыфічнай посткавіднай атмасферай і асяроддзем у свеце, і доўга гэтая сітуацыя не працягнецца. Доўгатэрміновых трэндаў гэта кардынальна не змяняе, хутчэй, гэта разавы ўсплёск.
Доўгатэрміновы трэнд — гэта стагнацыя прамысловасці. А у шмат якіх галінах фізічныя аб’ёмы выпуску прадукцыі значна ніжэй, чым нават 10 гадоў таму.
Проста цяпер я б, канешне, не казаў пра нейкую катастрафічную сітуацыю ў прамысловасці, але сітуацыя, скажам так, «стабільна нядобрая», нягледзячы на яе лакальнае паляпшэнне ў 2021 годзе. І чакаць нейкага пазітыўнага развіцця, на вялікі жаль, не даводзіцца.
Адмовіцца ад галіновага прынцыпу
— Што можна зрабіць з нашымі прадпрыемствамі ў новай Беларусі? Зразумела, што рэформы даўно наспелі…
— Выбудоўваць нейкую агульную стратэгію для ўсіх галінаў прамысловасці па галіновай прыкмеце, «зверху» казаць, што нейкія галіны для нас важныя, а нейкія — не, па-мойму, не слушна. Важны прынцып — жыццяздольнасць і эканамічная дзейнасць прадпрыемстваў не павінна падсілкоўвацца штучна. Чаму у нас шмат прадпрыемстваў у такім хранічна праблемным выглядзе працягваюць існаваць? Таму, што ім аказваецца наўпроставая і ускосная падтрымка, часцяком вельмі маштабная. І выбудоўваюцца такія складана фармалізуемыя схемы, вертыкальнай і гарызантальнай інтэграцыі, калі штучна вызначаюцца «цэнтры прыбытку» і «цэнтры стратаў», і гэта дае магчымасць у «ручным рэжыме» кіраваць эканомікай. Але з пункту гледжання развіцця — гэта бесперспектыўна.
Але гэта не азначае, што трэба кідацца ў іншую крайнасць, і казаць, што ўсё трэба адразу закрыць.
Прамысловасць — гэта вялікая доля выпуску, на яе завязана даволі багата змежных галінаў. Калі па змаўчэнні сыходзіць з таго, што далей павінны існаваць толькі на «цэнтры прыбытку», і адкінуць «цэнтры стратаў», то можа быць вельмі вялікі шок для эканомікі, бо гэта можа пацягнуць за сабой «ланцуговую рэакцыю», пацерпяць змежныя галіны.
Таму трэба знайсці баланс паміж дзвюма ўстаноўкамі. Адсюль першы зыходны крок — адмова ад усялякіх скажаючых практык, у тым ліку, дзяржаўных уліванняў, наўпроставых субсідый у выглядзе крэдытаў па стаўках ніжэй за рынкавыя, іншых формаў падтрымкі. Зразумела, што гэта паставіць на павестку дня пытанне пра жыццяздольнасць шматлікіх прадпрыемстваў, асабліва з улікам іх пазыковага цяжару. І тут ужо павінен прымяняцца селектыўны падыход: напрыклад, разбіць прадпрыемствы на тры-чатыры групы.
У тых прадпрыемстваў, у якіх бізнес-мадэль у прынцыпе заганная, і ў якіх рэструктурызацыя ў рынкавым асяроддзі практычна бесперспектыўная — трэба вызнаць, што такія прадпрыемствы не могуць існаваць, адмовіцца ад іх далейшай дзяржаўнай падтрымкі і запусціць працэдуру банкруцтва. Але добрая навіна ў тым, што такіх прадпрыемстваў не так шмат, як падаецца. Больш за тое, дапускаю, што якія-небудзь прадпрыемствы з гэтай групы ўрэшце акажуцца прывабнымі для інвестараў.
Другая група — гэта прадпрыемствы, якія могуць існаваць у рынкавай эканоміцы. Наўрад ці яны будуць суперрэнтабельнымі, але маюць перспектывы пры рэструктурызацыі і іншых захадах адаптацыі да рынкавых умоў. У адносінах да такіх прадпрыемстваў урад павінен выбраць формы зніжэння пазыковага цяжару. Гэта дасць ім шанец на далейшае існаванне і зробіць прывабнымі для інвестараў. Пасля гэтага практычна ў 100% выпадках наступны крок — прыватызацыя. То-бок, пусціць гэтыя прадпрыемствы ў свабоднае плаванне, захоўваючы галіновыя ўзаемасувязі.
Трэцяя — не скажу, што праблемная, але самая неадназначная група — гэта прадпрыемствы, якія прынята называць «горадаўтваральнымі», што маюць вялікую сацыяльную функцыю. Часцей за ўсё, гэта прадпрыемствы ў малых гарадах. Тут можа быць прынятае свядомае рашэнне ахвяраваць на нейкі час эканамічнай эфектыўнасцю на карысць захавання іх сацыяльнай функцыі. Канешне, узнікне пытанне, наколькі гэта можна сабе дазволіць эканамічна. Тут трэба ўсё ўзважваць: колькі ўтрыманне такіх прадпрыемстваў будзе каштаваць, ці пацягнуць гэта мясцовыя бюджэты…
Чацвёртая група — гэта буйныя натуральныя манаполіі і прадпрыемствы стратэгічнага характару, якія варта пакінуць у дзяржаўнай уласнасці. І там размова павінна ісці пра паляпшэнне практыкаў кіравання прадпрыемствам.
Такі падыход не прадугледжвае нейкага галіновага падыходу. Так, можа здарыцца, што прадпрыемствы нейкай галіны з большай верагоднасцю могуць аказацца ў ліку бесперспектыўных і стратных. І гэта ўскосна можа сведчыць пра тое, што менавіта з галіновым кірункам ёсць праблемы, але ўсё ж крытэр дэмаркацыі павінен быць фінансавым, на ўзроўні асобнага прадпрыемства. Калі прадпрыемствы нейкай падгаліны паміраюць — значыць, пэўна, гэта сведчанне таго, што галіна сябе зжыла.
Падкрэслю: калі нейкая група прадпрыемстваў памрэ і не здолее працягваць сваю дзейнасць, гэта, па-першае, далёка не трагічна па маштабах, і, па-другое, гэта нармальны і нават пажаданы працэс. Эканоміка так і функцыянуе, калі нейкія прадпрыемствы паміраюць, а на іх месцы з’яўляюцца новыя. Калі б такога не было, у нас бы дагэтуль былі вінакурні, мануфактуры ды скабяныя лаўкі.
Крытэр эфектыўнасці — наколькі прадпрыемства можа выжыць у рынкавых умовах, і суддзя тут — не меркаванне ўраду, а меркаванне рынкаў, контрагентаў, пакупнікоў. Як аналогія: падзяляць котак трэба не па колеру поўсці, — рудая яна ці шэрая, — а па тым, як яны ловяць мышэй, то-бок выконваюць сваю функцыю. Так і тут — калі прадпрыемства можа эфектыўна ствараць дададзеную вартасць, гэта добра. Калі на гэтым шляху ёсць часовыя праблемы — гэтыя праблемы трэба вырашыць. Калі гэтыя праблемы сістэмныя, і ў прадпрыемства няма перспектыў — значыць, так яно здарылася.
Беспрацоўя не будзе: спецыялістаў не хапае
— Адсюль новая праблема: пры рэструктурызацыі прадпрыемстваў, як нам заўсёды кажуць, пройдуць скарачэнні, і ў нас будзе шмат беспрацоўных, шмат «залішняй» працоўнай сілы…
— «Залішняя працоўная сіла» — гэта міт. У нас ужо практычна няма залішняй працоўнай сілы. Пра гэта можна было казаць год дзесяць таму. Гэта можа быць да сёння актуальна ў малых гарадах, дзе, мы казалі, існуе «горадаўтваральнае прадпрыемства», і, каб прадухіліць такі эфект, трэба будзе прымаць рашэнне, зыходзячы не толькі з эканамічных паказчыкаў.
У пераважнай большасці нашых прадпрыемстваў праблема «залішняй занятасці» знікла эвалюцыйным чынам. Напрыклад, у перапрацоўчай прамысловасці за 10 год колькасць працоўных скарацілася на 170 тысяч чалавек, і маштабнага беспрацоўя не здарылася. І далей усё будзе адбывацца гэткім жа чынам. Таму што цяпер, наадварот, існуе дэфіцыт кадраў — пра гэта кажуць усе апытанні бізнесу. Менавіта недахоп кадраў — высокакваліфікаваных і сярэднекваліфікаваных — цяпер ёсць праблемай. Дададзім сюды негатыўны дэмаграфічны трэнд, высокую працоўную міграцыю — толькі за апошні год з краіны з’ехалі дзясяткі тысяч спецыялістаў… Так што цяпер для нас больш актуальная праблема, каб крытычным не стаў недахоп кадраў.
Праблема, якой я насамрэч асцерагаюся у гэтым рэчышчы: каб магчымыя перабоі на лакальных рынках працы не прывялі да маштабнай унутранай міграцыі, то-бок у абласныя цэнтры і іншыя буйныя гарады. Гэтае пытанне павінна быць часткай шырокай павесткі рэгіянальнага і тэрытарыяльнага развіцця. Трэба ствараць такое асяроддзе, каб людзі знаходзілі прымяненне сваім навыкам, талентам, кампетэнцыям, здольнасцям у тым ліку на рэгіянальных узроўнях, а не толькі ў буйных цэнтрах. То-бок, гэта больш шырокае пытанне, чым эканоміка: важнае асяроддзе, мясцовая рэгіянальная інфраструктура.
Сінтэз мадэляў
— Калі ў 1990-х ішлі размовы пра эканамічныя рэформы, то ў іх уяўна назіралася два падыходы. Адны казалі, што Беларусь была «зборачным цэхам СССР», і прапаноўвалі захаваць такую структуру эканомікі: «зборачны цэх», але на больш высокім узроўні — збіраць у краіне, напрыклад, кампутары, тэлевізары і гэтак далей. Іншыя казалі, што краіне трэба адыходзіць ад гэтага «зборачнага цэху», выкарыстоўваць геаграфічнае становішча, і ператварацца ў краіну, якая зарабляе не на таварах, а на паслугах. Цяпер, дарэчы, паспяховасць гэтага падыходу мы бачым у сферы ІТ, калі паслугі беларускіх праграмістаў займаюць другое месца ў знешнім гандлі. На вашую думку, якая мадэль больш прывабная?
— Ніякіх супярэчнасцяў паміж гэтымі мадэлямі я не бачу, і такія ўяўныя супярэчнасці, на маю думку, ствараюцца таму, што ў нас прамысловасць лічыцца нейкай «рэччу ў сабе» і «каштоўнасцю самой па сабе». Гэта такі адгалосак, напэўна, пачатку ХХ стагоддзя, індустрыялізацыі, калі з прамысловасцю асацыяваўся — і тады гэта было праўдай, — скачок у развіцці. На той момант, сапраўды, індустрыялізацыя была якасным пераходам у новы стан рэчаў. Сёння такі галіновы падыход да эканомікі — наогул глупства. І нават калі спрабаваць ім карыстацца, то галіновым носьбітам прагрэсу будуць зусім не традыцыйная перапрацоўчая прамысловасць. У сённяшнім свеце захаванне прамысловасці — даўно не самамэта, не каштоўнасць. Гэта проста адна з галінаў эканомікі, не горшая, але і не лепшая за іншыя. Ізноў паўтаруся, колер коткі не мае значэння. Калі яна добра ловіць мышэй — гэта каштоўная котка.
Калі прадпрыемства ў стане вытрымліваць канкурэнцыю, пашырацца альбо хаця б не губляць сваю долю рынку, захоўваць вытворчасць і прывабную рэнтабельнасць, то няма пытання, да якой галіны яно належыць. Адзіны насамрэч «галіновы» аспект актуальны для сучаснай прамысловасці, — яна патрабуе значных капітальных выдаткаў, і «пераварыць» такія выдаткі прасцей для вялікіх эканомік. Для Беларусі ўстаноўка «захаваць прамысловасць» і штучнае канцэнтраванне рэсурсаў у ёй прывялі да замарожвання ўзроўню дабрабыту і адсутнасці развіцця. Але гэты тэзіс не азначае, што прамысловасць трэба штучна зварочваць, знішчаць, і гэтак далей. Мы таму і задумваемся над рэформамі прамысловасці, каб адпаведныя прадпрыемствы генеравалі прыбытак, дададзеную вартасць, але не за кошт іншых галінаў і агульных перспектыў развіцця.
Сам па сабе падыход кіравання галінамі — гэта тупіковы погляд на эканоміку. Эканамічныя механізмы, эканамічная логіка палягаюць не ў галіновай прыналежнасці. Адзінае, што павінен рабіць урад: гэта глядзець, калі нейкая галіна развіваецца, але ёй не хапае таго, што мы называем «публічнымі паслугамі», ён павінен забяспечыць такія паслугі. То-бок, ствараць адукацыйныя праграмы, перакваліфікацыю кадраў, адаптаваць адукацыю пад патрэбы эканомікі. Вось гэта задача ўрада, а не рашэнне пра тое, што павінна развівацца больш: прамысловасць альбо паслугі.
Неабходнасці праводзіць паспешлівую прыватызацыю няма
— Кажучы пра рэфармаванне прамысловасці вы згадалі прыватызацыю, якая дагэтуль з’яўляецца балючым успамінам у народнай памяці. Маўляў, «алігархі ўсё скупяць»…
— Пытанне прыватызацыі цяпер не стаіць так, як яно стаяла напачатку 1990-х. Гэта пытанне не першага, а, скажам, трэцяга-чацвёртага ўзроўню значнасці. Найперш таму, што 50% беларускай эканомікі — гэта і так прыватны сектар. Гэта ў 1990-х трэба было хутка адыходзіць ад планавай эканомікі з дзяржаўнай формай уласнасці і пераходзіць да рынкавай. А сёння беларуская эканоміка, хоць са значнымі хібамі і скажэннямі, але пераважна рынкавая. Таму ніякай спешкі цяпер не патрабуецца.
Цяпер прыватызацыя — гэта інструмент павышэння эфектыўнасці прадпрыемства, і на ўзроўні прадпрыемстваў могуць быць цалкам розныя стратэгіі гэтага працэсу. Прынцыповае рашэнне пра тое, што прадпрыемства, якое не мае стратэгічнага значэння, і не з’яўляецца «горадаўтваральным», што нясе сацыяльна важную функцыю — так, яно можа быць прыватызавана. Але як яно можа быць прыватызавана, на карысць каго прыватызавана — гэта пытанні, якія могуць вырашацца па-рознаму ў залежнасці ад прадпрыемства і яго патрэбаў.
Я прыхільнік таго, каб такога кшталту пытанні вырашаліся пераважна на рэгіянальным узроўні. То-бок, каб, напрыклад, пытанні пра тэрміны і форму прыватызацыі вырашалі мясцовыя ўлады. Тут задача эканамістаў і адмыслоўцаў — давесці людзям плюсы і мінусы механізмаў і спосабаў прыватызацыі. Што тычыцца буйных прадпрыемстваў — на мой погляд, тут з’яўляецца аптымальным пошук стратэгічных інвестараў, і пажадана, каб, дзе магчыма, такім інвестарам стаў нацыянальны бізнес.
Але ж яшчэ раз падкрэслю, неабходнасці правесці паспешлівую прыватызацыю, правесці яе хутка — абсалютна няма. Хутка трэба пазбавіцца ад генеравання праблемаў, звязаных з кіраваннем дзяржуласнасці, якія ў нас ёсць.
Калі нам будзе добра?
— Колькі часу могуць заняць рэформы ў прамысловасці, і колькі грошай на гэта будзе патрабавацца?
— Да рэформаў, канешне, трэба прыступаць адразу, але ажыццяўляць іх паступова і прадумана, так, каб кожны наступны крок павялічваў падтрымку гэтых рэформаў. Трэба адыходзіць ад думкі, што будзе нейкае «акно», у час якога трэба максімальна хутка правесці рэформы. Такая думка існавала ў Грузіі альбо Венгрыі, калі рэформы спрабавалі правесці хутка-хутка, але ў выніку потым ішоў адкат назад, і з гэтага вырасталі адваротныя тэндэнцыі: сэнс і логіка рэформаў дыскрэдытаваліся, гублялі першапачатковую падтрымку ў грамадстве.
У чым плюс Беларусі, беларускага грамадства — у тым, што значная частка грамадства даспела да асэнсавання неабходнасці рэформаў. У нас грамадская думка, на мой погляд, знаходзіцца на прыступку вышэй, чым у суседніх краінах. І, адпаведна, у нас нават гаворка не можа ісці аб шляху «насаджэння рэформаў зверху».
Тэмп рэформаў можа быць хуткім, можа быць павольным, але галоўнае тут — не хуткасць, а своечасовасць, калі рэформы ажыццяўляюцца з найбольшым шанцам на поспех. І, хутчэй за ўсё, гэта будзе даволі працяглы па часе працэс.
Першыя два этапы, які я б назваў «тушэннем пажару» і «ачышчэннем эканомікі ад дыспрапорцый» — зоймуць, як мы абмяркоўвалі з калегамі ў «Банку ідэй», два-чатыры гады. Потым пойдзе этап развіцця — стварэнне ўмоў для доўгатэрміновага развіцця. Ён можа зацягнуцца, але ў любым выпадку такія рэчы хутка не робяцца. Калі нехта думае, што праз два-тры гады ў нас будзе эканоміка на ўзроўні перадавых краін — на гэта спадзявацца не варта.
Што ж да «грошай, якія спатрэбяцца на правядзенне рэформаў», — гэтае пытанне ўзнікае пастаянна, і я, шчыра кажучы, яго не вельмі разумею. Грошы для чаго? Рэформы праводзяцца для таго, каб вашая эканоміка генеравала дадатковую вартасць, то-бок краіна станавілася багацейшай. Рэформы ствараюць новыя крыніцы багацця, сродкаў, і, такім чынам, фінансуюць самі сябе.
Грошы для кампенсацыі «ўмоўна прайграўшым» ад рэформаў, тым, хто не здолее перакваліфікавацца, адаптавацца да новых умоў? Для гэтага існуе дзяржбюджэт, у якім ёсць шмат опцый для пераразмеркавання сродкаў.
Так, у 1990-х, калі ў нас кардынальна змянялася эканамічная мадэль, рэформы сапраўды прыводзілі да так званага «транзітыўнага спаду», як яго называюць эканамісты. У нашым выпадку ніякага «транзітыўнага спаду» альбо «трансфармацыйнага спаду» не будзе, таму што тое, што павінна пацярпець ад гэтага «трансфармацыйнага спаду», ужо, пераважна, памерла.
— Давайце вызначымся з першымі крокамі па ўзнаўленні беларускай эканомікі ў цэлым і прамысловасці ў прыватнасці ў новай Беларусі. Пра першы вы ўжо сказалі: «тушэнне пажару»…
— Я б тут казаў не пра пункты, а пра трэкі. Нядаўна мы на сайце «Банка ідэй» з Паўлам Данэйкам апублікавалі вялікую работу, дзе гэта выкладзена. Па-сутнасці, мы гаворым пра тое, што рэформы трэба разглядаць у рэчышчы гэтых трох трэкаў, якія праходзяць паралельна, адначасова.
Першы — тое самае «тушэнне пажару», комплекс захадаў па прадухіленні магчымых крызісных наступстваў, каб гэта не прывяло да «трансфармацыйнага спаду», фінансавай дэстабілізацыі і да таго падобнага.
Другі трэк — гэта «ачыстныя рэформы», тут павінен быць закладзены фундамент сацыяльных стандартаў, сацыяльнага пакета, сфармаваныя стандарты функцыянавання рынку працы, пенсійнай сістэмы. І ў гэты ж перыяд павінны адбывацца першыя значныя змены, якія б змянялі сістэму, — рэформы дзяржаўных прадпрыемстваў і рэформы дзяржаўных банкаў. І адначасова з гэтым павінны пачынацца рэформы неэканамічныя, але тыя, якія наўпрост уплываюць на эканоміку: рэформа судовай сістэмы, падатковай сістэмы, адукацыі.
Трэці трэк — гэта «рэформа развіцця». Тут спатрэбіцца рэформа кіравання і адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа, развіццё сацыяльнай інфраструктуры найперш у рэгіёнах, развіццё чалавечага патэнцыялу і працяг шэрагу «неэканамічных» (суды, дзяржкіраванне, адукацыя і г.д.) рэформаў.
Яшчэ раз паўтаруся: спяшацца не варта. Варта рыхтавацца да таго, што гэтыя рэформы зоймуць значны час. Але пры гэтым — не будзе ніякага «трансфармацыйнага абвалу» ці спаду беларускай эканомікі. Рэформы ў нашым выпадку стануць перыядам падвышанага росту і паскоранага развіцця.