Беларусы забралі з банкаў 41% валютных укладаў

У пераліку на грошы адток сродкаў з банкаўскай сістэмы вымяраецца мільярдамі.

39bd0fc8d22956edbcb51491afc0f3ee.jpg


Кожны месяц улады публікуюць інфармацыю аб грашовай масе і стане дэпазітаў прадпрыемстваў і насельніцтва. Дадзеныя ідуць у 2 разрэзах — на 1 чысло месяца і ў сярэднім за месяц. Мы аддаем перавагу выкарыстанню другога варыянту, бо каляндарны фактар часта ўносіць скажэнні ў звесткі.

Па стане на студзень 2021 года ўся грашовая маса вырасла да 2020-га на 5,1%. Пры гэтым прагноз па прыросце грашовай масы да канца 2021-га складае 7-10%.

Чаму колькасць грошай у эканоміцы расце так павольна? Таму што пакуль ідзе скарачэнне рублёвай кампаненты грашовай масы. Чаму скарачаецца рублёвая грашовая маса? Таму што фіксуецца падзенне сум дэпазітаў у беларускіх рублях да 2020 года.

Раней рублёвая грашовая маса расла велізарнымі тэмпамі: у студзені і лютым 2020-га яны дасягалі па 27% у гадавым выражэнні. Але затым эканоміку накрыў крызіс і рэзідэнты Беларусі пабеглі забіраць уклады. Другі ўдар па ўкладах быў нанесены на мяжы лета-восені 2020 года. Па выніку ў 4 квартале тэмпы змены рублёвай масы сталі адмоўнымі.

Што будзе ў 2021 годзе? У бягучым годзе, калі не здарыцца новы крызіс, рублёвая маса пачне расці да нізкай базы параўнання па 2020 годзе. Цалкам магчыма, што да канца 2021-га тэмпы прыросту нават стануць двухзначнымі.

Па класіфікацыі Нацбанка дэпазіты бываюць пераводнымі і іншымі. У першым выпадку гэта рахункі да запатрабавання, карт-рахункі насельніцтва і разліковыя рахункі прадпрыемстваў. Тое, што беларусы называюць тэрміновымі ўкладамі, праходзіць у статыстыцы як «іншыя дэпазіты».

Для тэрміновых укладаў фізічных асоб характэрная вельмі высокая доля валютных назапашванняў. У студзені 2021 года ўдзельная вага рублёвых укладаў насельніцтва склала ўсяго 27,8%. У рублях беларусы захоўвалі ў банках 4,558 млрд BYN, у валюце — 4,607 млрд USD.

Паколькі насельніцтва з'яўляецца асноўным трымальнікам дэпазітаў у банках, гэта моцна ўскладняе працу дэпазітных устаноў і НБРБ. Калі рублі можна «дадрукаваць» у любы момант, то з валютай так паступіць нельга.

За год скараціліся і рублёвыя, і валютныя ўклады фізічных асоб. Адток з тэрміновых рублёвых укладаў за 12 месяцаў склаў 621 млн BYN, з валютных — 1,604 млрд USD.

Характэрна, што рэшткі на валютных укладах падаюць ужо 12 месяцаў запар без перапынку. Беларусы не бачаць выгады ў захоўванні валюты пад нізкі адсотак у банках пры высокіх эканамічных рызыках.

Лакальны максімум захоўвання грошай на валютных укладах быў паказаны ў кастрычніку 2015 года — з тых часоў беларусы забралі з укладаў 3,222 млрд USD. У адносным выражэнні рэшткі на тэрміновых укладах фізічных асоб у валюце ўпалі на 41,2%.