Беларускі экспарт у Крым упаў ў 127 разоў

Пастаўкі беларускіх тавараў у Крым у студзені — лютым 2014 года знізіліся ў 127 разоў у параўнанні з аналагічным перыядам 2013 года. Пра гэта сведчаць дадзеныя афіцыйнай статыстыкі.



krim26.jpg

Тавараабарот Беларусі з Крымам у студзені — лютым 2014 склаў 5,1 млн. долараў і знізіўся амаль у 30 разоў у параўнанні студзенем — лютым 2013 года. Пры гэтым беларускі экспарт у Крым склаў 1,14 млн. долараў і зменшыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ў 127 разоў (у студзені — лютым 2013 года Беларусь паставіла ў Крым тавараў на суму 145,4 млн. долараў).

Імпарт тавараў з Крыма ў Беларусь у студзені — лютым 2014 склаў 4,2 млн. долараў і знізіўся ў параўнанні са студзенем — лютым 2013 на 6,2%.

На думку экспертаў, рэзкае скарачэнне беларускага экспарту ў Крым тлумачыцца нізкай аплатнай дысцыплінай гэтага рэгіёну і, як следства, высокімі рызыкамі для вядзення бізнесу, якія ў гэтай сувязі склаліся, перадае БелаПАН.

Як паведамлялася раней, у сакавіку 2014 года прэзідэнт Расіі падпісаў закон аб уваходжанні Крыма і Севастопаля ў склад Расіі. Падставай для такога рашэння сталі вынікі рэферэндуму, які адбыўся ў Крыме вясной гэтага года. Пасля апрацоўкі 100% бюлетэняў за ўз’яднанне з Расіяй прагаласавалі 96,77% жыхароў Крыма, якія прынялі ўдзел у рэферэндуме. Разам з тым Украіна не прызнае законнасць далучэння Крыму да Расіі. Аналагічнай пазіцыі прытрымліваюцца заходнія краіны, якія лічаць, што Расія анексавала Крым.

Міністэрства абароны Украіны на гэтым тыдні заявіла, што Расія павялічыла ваенную групоўку ў Крыме. Па дадзеных Мінабароны Украіны, колькасць расійскіх ваеннаслужачых павялічылася да 21 тысячы чалавек на мяжы паміж Крымам і мацерыковай Украінай. На гэтым тыдні паміж Украінай і Крымам была ўсталяваная дзяржаўная мяжа. Афіцыйныя асобы Расіі заявілі, што правілы яе перасячэння пачалі дзейнічаць 25 красавіка.