Бізнес-супольнасць просіць Мінфін не працягваць нормы ўказа № 361
Чатыры беларускія бізнес-саюзы накіравалі ў Міністэрства фінансаў ліст, у якім выступаюць катэгарычна супраць працягу норм указа прэзідэнта № 361 для імпарцёраў.
Дзеянне рэзананснага ўказа завяршылася ў канцы мінулага года. Ён прадугледжваў для імпарцёраў 90-дзённую адтэрміноўку права на вылік увазнога ПДК. У сувязі з гэтым са жніўня па
снежань 2014 года імпарцёрам давялося выплачваць ПДК фактычна двойчы: першы раз — на мяжы пры ўвозе тавару, другі раз — пры выплаце падаткаў за справаздачны перыяд.
Вярнуць звышвыплачаныя сумы ПДК імпарцёры маглі толькі праз тры месяцы. У выніку ў прадпрыемстваў-імпарцёраў утварыўся недахоп абаротных сродкаў на суму звышвыплачанага ПДК.
Нягледзячы на гэта, Мінфін распрацаваў праект указа аб вяртанні гэтай нормы. Згодна з дакументам, калі тавар накіроўваецца з краін, якія не з'яўляюцца членамі Еўразійскага эканамічнага
саюза (ЕАЭС), імпарцёрам, як і летась, давядзецца плаціць ПДК двойчы. Вярнуць звышвыплачаны ў бюджэт ПДК можна будзе праз тры месяцы.
Прадстаўнікі бізнес-саюзаў падкрэсліваюць, што прыняцце гэтага ўказа будзе мець шэраг негатыўных наступстваў.
"Па-першае, — гаворыцца ў лісце, — у арганізацый-імпарцёраў ідзе "вымыванне" абаротных сродкаў, якія яны могуць папоўніць за кошт крэдытных рэсурсаў, што
пацягне за сабой павелічэнне сабекошту тавараў, што прывядзе да скарачэння паступленняў у бюджэт падатку на прыбытак. У выніку гэтага адбудзецца павелічэнне цэн для канчатковага
спажыўца".
Па-другое, адзначаюць аўтары ліста, прыняцце ўказа негатыўна адаб'ецца на арганізацыях, якія імпартуюць машыны, абсталяванне, запчасткі і іншыя тавары вытворча-тэхнічнага прызначэння. Як
вынік, кошт імпарту для беларускіх вытворцаў таксама можа істотна вырасці.
"Пераарыентацыя прадпрыемстваў-вытворцаў наўпрост купляць неабходны імпартны тавар малымі партыямі часта прыводзіць да падаражання прадукцыі або немагчымасці яе пастаўкі", —
адзначаюць прадстаўнікі бізнес-саюзаў.
Яны таксама прагназуюць, што рэалізацыя норм падрыхтаванага праекта ўказа можа выклікаць дэфіцыт асобных імпартных тавараў на ўнутраным рынку. "Арганізацыі-імпарцёры з-за недахопу
абаротных сродкаў таксама аптымізуюць свае складскія запасы ў бок скарачэння, што выкліча дэфіцыт на рынку асобных пазіцый тавараў і будзе адбівацца на нестабільнасці цэн", —
гаворыцца ў лісце.
Яго аўтары просяць Мінфін не прымаць праект указа ў падрыхтаванай рэдакцыі.
Ліст падпісалі кіраўнікі Беларускага саюза прадпрымальнікаў, Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, Бізнес-саюза прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя Куняўскага, Мінскага сталічнага саюза
прадпрымальнікаў і работадаўцаў.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН