У Мінску праходзіць форум прадпрымальнікаў
Каля 500 чалавек удзельнічае ў форуме прадпрымальнікаў, які адкрыўся сёння апоўдні ў сталічнай гасцініцы "Беларусь".
Форум пад назвай "Мэты і задачы для малога бізнесу Беларусі" скліканы РГА "Перспектыва" для абмеркавання праблем у сферы малога бізнесу. У ім, паводле
звестак арганізатараў, удзельнічае каля 500 індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП) з усіх абласцей краіны.
На форуме прысутнічаюць прадстаўнікі Мінэканомікі, Мінгандлю, Міністэрства па падатках і зборах, а таксама Брэсцкага, Віцебскага і Гродзенскага аблвыканкамаў.
Чакаецца, што галоўнай тэмай абмеркавання стане гандаль таварамі лёгкай прамысловасці пасля 1 сакавіка.
Нагадаем, 1 ліпеня 2014 года набыў моц указ прэзідэнта № 222, прыняты ў падтрымку тэхрэгламенту Мытнага саюза (МС) "Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці".
Указ абавязаў ІП мець сертыфікаты адпаведнасці згодна з тэхрэгламентам МС на ўсе тавары, што ўвозяцца ў Беларусь. Рэшткі тавараў, увезеных да ўваходжання ўказа ў сілу, дазволена прадаваць па старых
правілах да 1 сакавіка 2015 года.
ІП заяўляюць, што не змогуць працаваць па новых правілах, бо атрымаць усе неабходныя дакументы ў пастаўшчыкоў (у асноўным расійскіх) практычна немагчыма.
На форуме яны збіраліся прапанаваць уладам зрабіць рэалізацыю рэшткаў тавараў бестэрміновай. Тым больш што яшчэ нядаўна чыноўнікі Мінгандлю і Мінэканомікі не выключалі такой магчымасці. Так,
у канцы лістапада намеснік міністра гандлю Ірына Наркевіч на прэс-канферэнцыі заяўляла, што тэрмін распродажу ІП рэшткаў тавараў можа быць працягнуты — нібыта адпаведныя папраўкі рыхтуюцца
ва ўказ прэзідэнта № 222.
Тым не менш, улады вырашылі не ўносіць змяненняў ва ўказ. Як патлумачыў 13 лютага на калегіі Мінгандлю міністр гандлю Валянцін Чаканаў, "інакш працяг тэрмінаў будзе доўжыцца
бясконца". А намеснік міністра эканомікі Ірына Касцевіч, сустракаючыся 13 лютага з прадстаўнікамі "Перспектывы", заявіла, што ўсе павінны навучыцца
жыць і працаваць у новых умовах.
"Мы папярэдзілі, што лічым рашэнне ўладаў памылковым і што ўся адказнасць за наступствы будзе ляжаць на іх", — расказаў БелаПАН пасля сустрэчы з Касцевіч лідар
"Перспектывы" Анатоль Шумчанка. — Няхай чыноўнікі і адкажуць потым за сітуацыю, якая складзецца пасля 1 сакавіка ў малым бізнесе. Паўпустыя гандлёвыя цэнтры і рынкі вельмі
добра ўпрыгожаць пейзаж нашай эканамічнай стабільнасці і сітуацыі ў краіне ў цэлым".
Марына Носава, БелаПАН