Беспрацоўныя на старце

Дробных бізнесоўцаў, як, зрэшты, і ўсю краіну, чакаюць цяжкія часы. Але менавіта для ІП зоркі сышліся асабліва небяспечна. Пустых месцаў у шэрагах гандляроў на рынках краіны становіцца ўсё больш.  



slavianski_reczyca_logo.jpg

Рынак "Славянскі" ў Рэчыцы. Фота Алега Шабетніка

Немагчыма вылучыць нейкі адзін, найбольш важкі фактар, што падкасіў дробных прадпрымальнікаў, якія займаюцца продажам тавараў лёгкай прамысловасці. З аднаго боку — беларускі рубель стаў каштаваць на 40% танней, з іншага — абавязковая сертыфікацыя тавару, што вымагае вялікіх партый паставак, дадатковых расходаў.

Нагадаем, 1 ліпеня 2014 года ўступіў у сілу ўказ прэзідэнта № 222, прыняты ў падтрымку тэхрэгламента Мытнага саюза «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай прамысловасці». Указ абавязаў ІП мець сертыфікаты адпаведнасці згодна з тэхрэгламентам МС на ўсе тавары, што ўвозяцца ў Беларусь. Рэшткі тавараў, увезеных да ўступлення ўказа ў сілу, дазволена прадаваць па старых правілах да 1 сакавіка 2015 года.

Засталося на крысо ад пінжака

На буйным сталічным рынку «Ждановічы» становіцца ўсё больш вольных гандлёвых кропак. Некаторыя зачыняюць свае крамы ўвогуле, многія з некалькіх крамаў пакідаюць адну. Але настроі ва ўсіх песімістычныя: гавораць пра страты, амаль нулявыя продажы, пра тое, што аддаюць цяпер сезонны тавар ніжэй за цану закупкі, пра несправядлівасць урада ў дачыненні да ІП, высокія арэндныя стаўкі і гэтак далей. Як будзе выглядаць рынак хаця б праз паўгода, ніхто прагназаваць не бярэцца.

dsc_4580_logo.jpg

Ганна прадае мужчынскія гарнітуры. Гаворыць, што людзі моцна збяднелі: «Купляюць на вяселле не цалкам гарнітур, а толькі пінжак». Акрамя гэтага ёсць пэўныя складанасці ў сертыфікацыі. Справа ў тым, што гарнітуры Ганна прывозіць з Расіі невялікімі партыямі. І калі вытрымліваць новыя правілы, то, напрыклад, з трох гарнітураў адзін яна павінна аддаць на сертыфікацыю (там аб’ект экспертызы разбіраецца на дэталі і, натуральна, робіцца непрыдатным для продажу). Кошт гэтага гарнітура жанчына вымушана будзе закласці ў цану іншых тавараў, якая і так ужо немалая.

«Але неяк будзем працаваць. Я сыходзіць пакуль не збіраюся, бо няма куды», — сумна падводзіць рысу прадпрымальніца.

Дзве жанчыны ва ўзросце, блізкім да пенсійнага, гавораць, што свае рэшткі тавару (курткі і пухавікі) без сертыфікацыі так і не распрадалі, а ў гэтым сезоне пакупнікоў на іх не знойдуць. «Зімы не было. Людзі нічога не купляюць».

У выходны дзень гандлёвы цэнтр на Ждановічах паўпусты — наведвальнікаў мала, а продажаў, калі верыць прадпрымальнікам, яшчэ менш.

Падзенне ўзроўню жыцця адчулі не толькі прадаўцы вопраткі і абутку. Сяргей Кулініч працуе на аўтарынку ў Ждановічах. Гаворыць, што ў яго продажы ў параўнанні з мінулым годам упалі, мо, у пяць разоў. І як ёсць хоць адзін продаж цягам дня, то ўжо добра.

«Арэндная плата за зямлю, на якой стаіць мой ралет, складае 650 долараў у месяц (30 долараў за квадратны метр). Многія сталі закрывацца. Ралет, які стаіць на тэрыторыі рынка, вывозяць, каб не плаціць арэнду за месца. Некаторыя ўшчыльняюцца — працуюць удвух у адным ралеце. І я чуў, што з красавіка арэндная плата на рынку «Малінаўка» будзе ажно 42 еўра за квадратны метр. Я падаткаў плачу ў разы менш, чым арэнды», — распавядае Кулініч.

Паводле яго ацэнак, прадпрымальнікі раздробленыя, розныя і па менталітэту, і па даходах. Адсюль і няўменне гуртам «бацьку біць».

«Думаю, што не атрымаецца нічога змяніць. Але досвед паказвае, што людзі ў нас не трацяць час на барацьбу, а шукаюць лазейкі. А яшчэ, памятаеце, некалькі год таму, як забаранілі мець наёмных работнікаў, былі вулічныя акцыі пратэсту ў Мінску? Дык там мінчан-прадпрымальнікаў было, мо, працэнтаў дзесяць. Большасць былі з рэгіёнаў, бо яны там у значна больш складаных умовах і навідавоку. Прадпрымальнікі з неахвотай могуць падняцца на нейкі пратэст. І ўвогуле, гэта ж эканамічная сітуацыя ў краіне так склалася, а не вынік нейкага аднаго рашэння», — разважае Сяргей.

Ёсць меркаванне, што рынкі ў іх звыклым разуменні сябе зжылі. Ім на змену прыйшлі буйныя гандлёвыя цэнтры больш зручныя і сучасныя па сваёй сутнасці, з сеткавымі крамамі, якія маюць больш гнуткую палітыку цэнаў. Можна дадаць і ненавісную ўраду народную забаўку ездзіць на шопінг у Літву ці Польшчу. Да слова, маштабы замежнага шопінгу можна ацаніць па звестках польскай мытні. Так, за 40 дзён з пачатку 2015 года на памежных пераходах, размешчаных у Падляшскім ваяводстве, мытнымі службамі зарэгістравана 91 199 дакументаў TaxFree на суму 7 000 997 злотых (больш за 2 мільёны долараў). І гэта пасля абясцэньвання беларускага рубля, праблем з пакупкай валюты! Не забываем і пра інтэрнэт-шопінг: пошта загружаная пасылкамі з таварамі з усяго свету.

Гэта не значыць, што прадпрымальнікаў трэба даціснуць, рынкі прыкрыць. У пакупніка ўсё ж мусіць быць выбар.

Форум прайшоў

Тым часам у Мінску 16 лютага прайшоў форум прадпрымальнікаў, які арганізавала рэспубліканскае грамадскае аб’яднанне «Перспектыва». Паводле ацэнкі арганізатараў, у форуме ўдзельнічалі больш за тысячу чалавек. На мерапрыемстве былі прадстаўнікі Мінэканомікі, Міністэрства па падатках і зборах, а таксама Брэсцкага, Гродзенскага і Віцебскага аблвыканкамаў. Меркавалася, што форум мусіць даць адказ, як жа працаваць пасля 1 сакавіка. Але выглядае на тое, што ніякіх вынікаў ён не прынёс.

 «Сёння прыйшоў час несці адказнасць чыноўнікам, якія далі Лукашэнку на подпіс указ №222, — цытуе кіраўніка «Перспектывы» Анатоля Шумчанку БелаПАН. — Па нашай інфармацыі ўсе чыноўнікі — з Мінгандлю, аблвыканкамаў — падтрымлівалі ідэю таго, каб працягнуць рэалізацыю лішкаў і пасля 1 сакавіка 2015 года, але нехта пераканаў у адваротным. Зараз трэба дачакацца моманту, калі стане вядома, хто меў рацыю. Мы клікаць нікога нікуды не будзем, няхай нас рассудзіць час. Ніхто нікога не падбухторвае, мы тут выказвалі свае меркаванні. Мы адзінае, што просім, — неадкладных перамоваў з удзелам прадпрымальнікаў і ўладаў».

Па выніках форума была прынята рэзалюцыя. Прадпрымальнікі патрабуюць ад уладаў увядзення мараторыя на дзеянне ўказа № 222, увядзенне магчымасці рэалізоўваць лішкі прадукцыі бестэрмінова. Таксама прадпрымальнікі просяць спыніць праверкі і канфіскацыі тавару, арганізацыю сустрэчы з кіраўніком краіны Аляксандрам Лукашэнкам і правесці Першы агульнанацыянальны з’езд прадпрымальнікаў.

Выглядаюць гэтыя заклікі і просьбы сумнеўна з пункту іх магчымай рэалізацыі. Больш шанцаў на тое, што з сакавіка прадпрымальнікі перастануць выходзіць на працу. Бо працы папросту няма.

Прадпрымальнік з Рэчыцы Алег Шабетнік гаворыць, што ў ягоным горадзе сітуацыя такая ж, як і ў краіне. Цягам апошняга года 200 прадпрымальнікаў у Рэчыцы, па інфармацыі Шабетніка, спынілі працу. Усяму віной Мытны саюз. Беларусь мусіць прытрымлівацца тэхрэгламенту, нашы бізнесоўцы мусяць клапаціцца па суправаджальныя дакументы, а ў Расіі на гэтую тэму не замарочваюцца.

«Мытны саюз існуе толькі для нас. І ён невыгодны. У Маскве на рынках нават таблічкі вешаюць: «З беларусамі не працуем», каб не дурылі ім галаву з рознымі сертыфікатамі», — гаворыць спадар Шабетнік. Ён дадае, што мясцовыя бізнесоўцы накіроўвалі свае прапановы па арганізацыі працы дробнага бізнесу ў Міністэрства гандлю, Гандлёва-прамысловую палату. Але адказу пакуль не прыйшло.

Накіроўвалі свае прапановы чыноўнікам і прадпрымальнікі з Віцебска. «У Віцебску будзем шукаць радыкальнае рашэнне. Магчыма, з 1 сакавіка не будзем працаваць. Мы палічылі: 39–43% ад выручкі ідзе на накладныя затраты. І гэта без уліку студзеня, калі справы зусім швах! — расказвае старшыня аргкамітэта па стварэнні прафсаюза «Разам», віцебская прадпрымальніца Ірына Яскевіч. — У нас вымываюцца грошы з абароту, як што, то адразу штрафы, канфіскацыі. Людзі проста плачуць, ёсць такія, каму няма чым плаціць за кватэру, бо грошы ўкладзеныя ў тавар. Мы станем цяжарам дзяржаве, як пойдзем на біржу працы. За ўвесь час сваёй працы мы не бралі ў дзяржавы ні рубля. Плацілі падаткі, арэндныя платы, зараблялі сабе на жыццё. Мы не хочам для сябе нейкіх адмысловых ільготаў. Проста пакуль мы плацім у бюджэт свае тры капейкі і кормім сем’і, то дайце нам гэта рабіць!»

***

У Маладзечна прадпрымальніца-в’етнамка легла пад колы міліцэйскага аўто. Гэты інцыдэнт адбыўся на мясцовым рынку, куды раптам прыехала праверка.

У гэтай гандляркі знайшлі парушэнні і хацелі канфіскаваць тавар, на які не было дакументаў. З жанчынай здарыўся нервовы зрыў, і яна пайшла на такі адчайны крок. Вакол месца здарэння сабралася шмат людзей, якія заступіліся за прадпрымальніцу.