Зноў рабуюць!
Ужо даўно даказана, што чым большыя падаткі, тым ніжэй эканамічная актыўнасць у рэгіёне. У часы крызісу падаткі і зборы трэба зніжаць. Тое ж тычыцца і льготаў — іх трэба ўводзіць, а не забіраць. Але ці прадбачыцца гэта?
Аляксандр Рыгоравіч урэшце заклапаціўся падатковай палітыкай, у якой чорт нагу зломіць. «Скарочана колькасць падаткаў, спрошчана адміністраванне, уведзена электроннае ўзаемадзеянне з плацельшчыкамі падаткаў. Быццам бы стала лепш, што пацвярджаецца міжнародным рэйтынгам. З іншага боку: часта нешта мяняць у падатках — можна ўпасці ў крайнасць і нанесці шкоду стабільнасці краіны», — сказаў Лукашэнка. Зыходзячы з гэтага ён заявіў пра недапушчальнасць частых зменаў падатковых ставак.
«Падаткаабкладанне павінна быць максімальна простым, зразумелым кожнаму і лагічным. Гэта пытанне, калі хочаце, не толькі эканамічнае, але і псіхалагічнае. Часам падатковае заканадаўства маленькую фірму прымушае трымаць бухгалтараў больш, чым штат самой фірмы. Гэта ненармальна», — сказаў кіраўнік Беларусі.
Беларуская сістэма падаткаабкладання нагадвае старую гісторыю пра тое, як пасярод крамы жанчына раптам закрычала: «Рабуюць!». Калі да яе падбеглі высветліць, што здарылася, яна адказала: «12% дзяржава бярэ з майго заробку ў падаходны падатак, 1% — у пенсійны фонд, 35% — у Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. 20% — падатак на дададзеную вартасць. Калі ўлічыць сюды падакцызныя тавары, акцыз на бензін, «падатак на аўто» і гэтак далей, атрымліваецца, што 70–75% заробку ў мяне забірае дзяржава. Як я гэта асэнсавала, я не вытрымала».
Аналітычнае таварыства «Ліберальны клуб» у мінулым годзе распрацавала своеасаблівы рэйтынг: «Дзень, вольны ад падаткаў». То бок, палічыўшы нашыя падаткі, яны вызначылі дзень у годзе, у якім грамадзянін Беларусі, аддаўшы ўвесь свой заробак, расплачваецца з падаткамі і пачынае працаваць на сябе. Гэтым днём у 2014-м выпала 7 чэрвеня. То бок на тое, каб расплаціцца з дзяржавай па ўсіх падатках, беларус працуе больш за 5 месяцаў, — а дакладней, 156 дзён. Калі ўлічыць, што яшчэ адзін месяц у годзе — гэта адпачынак, то беларус паўгады працуе на дзяржаву і паўгады — на сябе. Ці нармальна гэта?
Але «недапушчальнасць змены падатковых ставак» азначае, што палёгкаў у гэтай сітуацыі чакаць не варта.
Краіне вельмі патрэбныя грошы. І таму хтосьці пазбавіцца падатковых ільгот. Як зазначыў Лукашэнка на той жа нарадзе, больш няма магчымасці прадастаўляць ільготы ў ранейшых аб’ёмах, а таму яны будуць захаваныя толькі за прыярытэтнымі відамі дзейнасці. «Калі раней на пэўным этапе ў нас была магчымасць прадастаўляць падатковыя ільготы, цяпер іншыя часы. Ад індывідуальных ільгот трэба зыходзіць. Мы надавалі столькі ільгот, што цяпер самі з цяжкасцю можам разабрацца», — дадаў беларускі кіраўнік. Паводле яго, на сёння ў Беларусі дзейнічае амаль 250 відаў падатковых ільгот, з-за гэтага ў 2013 годзе бюджэт недалічыўся каля $1 мільярда.
Празрыстая сістэма падаткаабкладання, скарачэнне льготаў і роўныя ўмовы працы для ўсіх суб’ектаў гаспадаркі — гэта якраз тое, пра што яму даўно праядала мозг і апазіцыя, і прадстаўнікі малога бізнесу. Прынамсі, пра гэта ішла гаворка ў праграме «Мільён новых працоўных месцаў для Беларусі», якую распрацавала АГП яшчэ 5 гадоў таму. І, канешне, добра, што кіраўнік дзяржавы да гэтага дайшоў хаця б зараз. Але ці не запозна?
2010-ы год, калі АГП прапаноўвала гэтыя захады, яшчэ можна было разглядаць праз прызму «скарачэння льготаў». Зараз сітуацыя зусім іншая. З таго часу мы перажылі тры дэвальвацыі і сусветны эканамічны крызіс. Сённяшні крызіс, які выкліканы «падзеннем Расіі», яшчэ не скончыўся. Падзенне коштаў на нафту адаб’еццца на нашых даходах ад продажу нафтапрадуктаў. Апроч таго, трэба аддаваць пазыкі, якія мы набралі ў «стабільныя» гады адноснага дабрабыту. Толькі ў гэтым годзе — $4 мільярдаў.
Між тым, ужо даўно даказана, што чым большыя падаткі, тым ніжэй эканамічная актыўнасць у рэгіёне. У часы крызісу падаткі і зборы трэба зніжаць. Тое ж тычыцца і льготаў — іх трэба ўводзіць, а не забіраць. Праўда, як зразумеў Аляксандра Лукашэнку эканаміст Барыс Жаліба, ягоная прапанова па скасаванні ільготаў тычылася дзяржаўных прадпрыемстваў. «Мы таму і знаходзімся ў крызісе, што ў нас няроўныя ўмовы гаспадарання. Дзяржаўныя прадпрыемствы знаходзяцца ў больш прывілеяваных умовах, чым прыватны бізнес. Гэта і ільготныя крэдыты, і «падатковыя канікулы», і рэгулярнае спісанне пазыкаў, і вызваленне некаторых прадпрыемстваў ад выплаты пошлінаў… Прыватнаму ж сектару ніякіх паслабленняў ніколі не было. А таму дзяржпрадпрыемствы ператварыліся ў лайдакоў: яны не скіраваныя на павышэнне эфектыўнасці працы, на выпуск сучаснай прадукцыі, а толькі чакаюць, што ім будуць спісаныя старыя пазыкі і нададзеныя новыя прэферэнцыі», — адзначае Жаліба.
Па ягоных словах, такіх варта было б пазбавіць ільготаў. «Але я баюся, што размовы пра роўныя ўмовы гаспадаркі ўсё роўна застануцца размовамі», — кажа эканаміст.
Дарэчы, на наступны ж дзень пасля нарады ў Лукашэнкі Савет Міністраў прыняў пастанову, па якой некаторыя прадпрыемствы пазбаўляюцца дзяржпадтрымкі. Але гэтая пастанова — увага! — тычыцца малога і сярэдняга бізнесу.
І чаму я не здзіўлены?