Прадпрымальнікі канстатуюць блізкую смерць бізнэсу з-за Указу № 222
У панядзелак 16 лютага з ініцыятывы аб’яднання «Перспектыва» у сталічным гатэлі «Беларусь» адбудзецца эканамічны Форум прадпрымальнікаў.
Ключавой тэмай на сходзе стане абмеркаванне наступстваў прэзідэнцкага ўказу № 222, якім пасля 1 сакавіка спыняецца тэрмін распродажу тавараў лёгкай прамысловасці без сертыфікацыі паводле
тэхрэгламенту Мытнага саюзу.
Указ «Аб рэгуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці і рэалізацыі тавараў індывідуальнымі прадпрымальнікамі» прыняты ў падтрымку тэхрэгламенту «Аб бяспецы прадукцыі лёгкай
прамысловасці» і дзейнічае ад 1 ліпеня 2014 году. Дакумент абавязаў мець сертыфікаты на ўвесь імпартаваны асартымент, але рэшткі тавараў, увезеных да таго, як набыў моц указ, дазволена было
прадаваць паводле старых правілаў да 1 сакавіка 2015 года. Прадпрымальнікі заяўляюць, што не змогуць працаваць згодна з новымі правіламі, бо атрымаць усе неабходныя дакументы ў пастаўнікоў пераважна
на расійскіх аптовых рынках практычна немагчыма.
Пры канцы тыдня старшыня аб’яднання «Перспектыва» Анатоль Шумчанка сустрэўся з кіраўніцтвам дэпартаменту прадпрымальніцтва пры Міністэрстве эканомікі
і намесніцай міністра эканомікі Ірынай Касцевіч. У ведамстве прадстаўніку прадпрымальніцкай супольнасці паведамілі, што органы ўлады вырашылі не працягваць тэрмін распродажу рэшты
тавараў і не ўносіць адпаведныя змены ў прэзідэнцкі ўказ. Гэта значыць, ад 1 сакавіка на ўвесь тавар, які маецца ў продажы, павінны быць сертыфікаты. «Прысуд, які абскарджванню не
падлягае», — канстатаваў спадар Шумчанка.
Пры гэтым прадпрымальнікі нагадваюць, што яшчэ напрыканцы студзеня кіраўніцтва Міністэрства гандлю заяўляла пра магчымасць працягу тэрміну распродажу рэшткаў тавараў лёгкай прамысловасці без
сертыфікатаў. Існавалі нават тры варыянты: да 31 снежня 2015 года, да 1 красавіка 2016-га і да поўнага распродажу запасаў. Аднак урэшце пайсці насустрач гандлярам улады не захацелі.
Як кажа прадпрымальнік Сяргей Уласенка, які мае некалькі павільёнаў у буйных гандлёвых цэнтрах, тым самым чыноўнікі правакуюць сацыяльны выбух:
«Па-першае, уздымецца вялікая буча. У прынцыпе, ужо сёння можна назіраць стыхійныя выступы — не тое, каб нехта кагосці заклікаў, падбухторваў, людзі ўжо самі ўздымаюцца
супраць бязмежжа! Я ўвогуле не разумею: наперадзе прэзідэнцкія выбары і сэнсу ў гэтай канфрантацыі абсалютна не бачу.
Прычым, мы гатовыя ісці насустрач і шукаць разумныя кампрамісы, сядаць за стол перамоваў. Але нас не чуюць! Ды не чапайце вы прадпрымальнікаў, бо ўрэшце знішчыце іх як клас. Паглядзіце, як
сёння робіцца ў Расіі: адкрываеш бізнэс — два гады без верхняй стаўкі арэнды, тыя ж два гады без максімальнай сплаты падаткаў.
У іх на сёння гэтаксама не цукар, але чыноўнікі разумеюць сітуацыю і ўваходзяць у становішча дробнага бізнэсу. То бок, ты пачаў працаваць, і два гады прыглядаешся, што ў цябе можа атрымацца
на выхадзе. А тут як? Толькі душаць, па ўсіх франтах. Ніхто ні капейкі не даў, хоць пры гэтым расказваюць, што ў малы бізнэс „укідваюцца мільярды“. Дзе яны? Ніхто гэтых грошай не
бачыў і пра іх нават не чуў. Запытайце любога, ён скажа, што гэта проста маразм, якія мільярды? Можа, даецца на нейкія набліжаныя структуры ці на „распіл“? Тады гэта справа іншая.
Але ні я, ні мае сябры нічога з гэтай „агульнай долі“ не атрымалі».
Нягледзячы на незадаволенасць прадпрымальнікаў, дзяржаўныя ведамствы працягваюць адстойваць уласную пазіцыю. Гэтак, напярэдадні міністар гандлю Валянцін Чаканаў пацвердзіў, што тэрміны
рэалізацыі несертыфікаваных рэшткаў прадукцыі працягвацца не будуць. Як лічыць з гэтай нагоды адзін з лідэраў прадпрымальніцкага руху Анатоль Шумчанка, такія рашэнні могуць прывесці да знішчэння
малога бізнэсу за лічаныя месяцы. Зрэшты, пра блізкую развязку ўжо сведчаць напаўпустыя цэнтры і рынкі, якія гандляры пачалі масава пакідаць.
svaboda.org