Бюджэт-2020 прайшоў першае чытанне: колькі пойдзе на даўгі і зарплаты
Бюджэт Беларусі на 2020 год у аўторак прайшоў першае чытанне ў Палаце прадстаўнікоў. Упершыню за шэсць гадоў бюджэт будзе дэфіцытным (995,1 млн рублёў, 0,7% ВУП), але Мінфін запэўнівае, што яго сацыяльная арыентацыя захаваецца.
Першы намеснік міністра фінансаў Юрый Селівёрстаў, які прадстаўляе законапраект у ПП, бюджэт традыцыйна разлічаны па базаваму сцэнары развіцця эканомікі: прырост ВУП закладзены на ўзроўні 1,9%, інфляцыя — 5%, стаўка рэфінансавання — 9,5%, кошт нафты 60 долараў за барэль.
Даходы кансалідаванага бюджэту ў 2020 годзе практычна не зменяцца ў параўнанні з гэтым годам і складуць 39,5 млрд рублёў (24,4 млрд рублёў — рэспубліканскага, + 0,3% да 2019-га). Выдаткі прагназуюцца ў суме 40,9 млрд рублёў (25,4 мільярда рублёў, + 11,4% да 2019 года).
Адказваючы на пытанне пра тое, як у сярэднетэрміновай перспектыве Мінфін мае намер забяспечваць рост даходаў, Селівёрстаў падкрэсліў, што прапрацоўваюцца розныя крыніцы, у тым ліку — ліквідацыя асобных падатковых ільгот, у прыватнасці, перагляд льготы па ПДВ. Ён запэўніў, што гаворка не ідзе пра ўразанне сацыяльных ільгот.
Страты бюджэту ад негатыўных фактараў у 2020 годзе Мінфін ацэньвае ў 1,9 мільярда рублёў. Сярод фактараў, якія негатыўна ўплываюць на даходы бюджэту, адзначаюць нарастанне ўплыву расійскага падатковага манеўру (537 млн рублёў), спыненне «ператаможкі» расейскай нафты (гэта мінус 951 млн рублёў), рост коштаў на газ, зніжэнне паступленняў ад экспарту калійных угнаенняў, зніжэнне з 2,5 да 2 разоў гранічнага каэфіцыента да ставак мясцовых маёмасных падаткаў. Стаўкі астатніх падаткаў будуць праіндэксаваныя на прагнозную інфляцыю — 5%. Акцызы на аўтамабільнае паліва змяняць не плануецца, яны былі ўсталяваныя на павышаным узроўні ўжо ў гэтым годзе. А вось астатнія акцызы вырастуць — такія абавязацельствы Беларусі ў ЕАЭС, што можа павялічыць кошты ў першую чаргу на цыгарэты (15% на ўсе цэнавыя групы) і моцны алкаголь (6%).
Адным з найважнейшых напрамкаў выдаткаў Мінфін называе «забеспячэнне прымальнага ўзроўню аплаты працы». Запланаваны аб'ём сродкаў на гэта — 15 млрд рублёў, дадаткова ў параўнанні з 2019 годам на зарплаты пойдзе 1,8 млрд рублёў. Гэта павінна дазволіць утрымаць зарплаты бюджэтнікаў на ўзроўні 80% ад сярэдняй па эканоміцы і выканаць абяцанае павышэнне заробкаў педагогаў і медыкаў. Фонд аплаты працы бюджэтнікаў складае 10,1 мільярда рублёў, яшчэ каля 5 млрд рублёў у бюджэце закладзена на зарплату ваеннаслужачых і дзяржслужачых.
Дадатковыя сродкі спатрэбяцца і на тое, каб дацягнуць пенсіі да 40% ад сярэдняй зарплаты, што ў 2019 годзе зрабіць не атрымалася. Расходы на гэта цалкам закладзены ў расходную частку бюджэту. У гэтым годзе пры дэфіцыце сродкаў у Фондзе сацыяльнай абароны, з якога і выплачваюць пенсіі, ураду дазволена накіраваць туды з бюджэту да 590 млн рублёў, у 2020 годзе ў ФСАН у выглядзе субвенцый накіруюць каля 2 млрд рублёў (у тым ліку 777 мільёнаў рублёў — на выплаты працоўных пенсій і дапамог).
У бюджэце закладзены сродкі на падаўжэнне фінансавання «сямейнага капіталу» (22,5 тысячы рублёў на атрымальніка, усяго — 348 млн рублёў). На аднаразовую матэрыяльную дапамогу ветэранам да 75-годдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне накіруюць 18 млн рублёў (прыкладна на 22 тысячы чалавек).
Практычна ўдвая, да 222 млн рублёў, павялічацца выплаты адрасных субсідый грамадзянам па крэдытах у рамках указа № 240, па якім будуюцца асноўныя катэгорыі ільготнікаў, у тым ліку шматдзетныя і сілавікі.
На пагашэнне і абслугоўванне дзярждоўгу, а гэта адзін з прыярытэтаў бюджэту-2020, будзе накіравана 8,7 млрд рублёў. Толькі абслугоўванне даўгоў абыйдзецца ў 2,7 млрд рублёў. Пры гэтым Мінфін плануе на будучы год незвязаныя запазычанні на 1,950 млрд долараў за кошт размяшчэння аблігацый на знешнім (1,350 млрд долараў) і ўнутраным (600 млн долараў) фінансавых рынках. Гэтыя грошы пойдуць на пагашэнне даўгоў. На гэта ж пойдуць рэшткі сродкаў бюджэту-2019 (1,1 млрд рублёў) і вернутыя прадпрыемствамі крэдыты (525,3 млн рублёў).
Дзярждоўг на канец 2020 года плануецца на ўзроўні 54,4 млрд рублёў.
27 лістапада бюджэт разгледзяць у другім чытанні. Затым пасля адабрэння Саветам Рэспублікі яго накіруюць на подпіс кіраўніку дзяржавы.
Паводле news.tut.by