У ЦВК агучылі папярэднія вынікі выбараў: апазіцыянеры не прайшлі

У Цэнтрвыбаркаме Беларусі агучылі папярэднія афіцыйныя вынікі выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, піша «Еўрарадыё». Названыя ўсе 110 дэпутатаў, апазіцыянераў сярод іх няма!

Фота telegraf.by

Фота telegraf.by

У мінулым парламенце былі Алена Анісім і Ганна Канапацкая, але сёлета іх нават не зарэгістравалі. У Палаце прадстаўнікоў стане больш партыйных дэпутатаў (раней было 16, цяпер — 20), але гэта прадстаўнікі праўладных партый (найбольш камуністаў — 10). Самы вядомы з іх — лідар Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч.

Сярод іншых вядомых асоб, якія трапілі ў парламент — дыпламаты Андрэй Савіных і Валерый Варанецкі, "Міс Беларусь 2018" Марыя Васілевіч, экс-міністр інфармацыі Лілія Ананіч, лідар грамадскага аб'яднання "Белая Русь" Генадзь Давыдзька, тэлевядучы Тэнгіз Думбадзэ. Поўны спіс можна пабачыць тут.

Афіцыйная яўка склала 77,22%, датэрмінова прагаласавалі 35,77% выбаршчыкаў. На папярэдніх выбарах было 74,32% і 31,29%.

Першая сесія Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання адкрыецца 6 снежня.

У панядзелак пройдуць прэс-канферэнцыі назіральнікаў, якія паведамяць пра тое, у якіх абставінах праходзілі выбары і падлік галасоў.

euroradio.fm