Улада грамадству: «Я начальнік — ты дурань; мне ўсё, табе нічога»

Назіраецца даволі паслядоўная заканамернасць — чым больш улада ўпэўненая ў сабе, тым болей яны дазваляюць сабе «лібералізацыю» падчас выбарчай кампаніі, піша «Свабода».

Выбары ў Палату прадстаўнікоў. Участак, дзе галасуе Лукашэнка. 17 лістапада 2019 годуа

Выбары ў Палату прадстаўнікоў. Участак, дзе галасуе Лукашэнка. 17 лістапада 2019 годуа


Вынікі выбарчых кампаніяў у Беларусі загадзя вядомыя, але хада і акалічнасці гэтых кампаніяў маюць істотнае значэнне для фіксавання і канстатацыі тых палітычных рашэнняў і тэндэнцыяў, на якія абапіраецца ўлада ў сваёй цяперашняй палітыцы.

На гэтых парламенцкіх выбарах улада мела магчымасць ажыццявіць адносна «мяккі», «ліберальны» варыянт правядзення кампаніі і яе вынікаў. Пасля парламенцкіх выбараў 2016 году, калі ў Палату прапусцілі апазіцыйных Алену Анісім і Ганну Канапацкую, многія чакалі, што гэтая тэндэнцыя цяпер працягнецца. Праўладныя (і не толькі) аналітыкі загаварылі пра «нармалізацыю» стасункаў з Захадам, унутраную «лібералізацыю», «мяккую беларусізацыю». Усё гэта, папраўдзе, даволі розныя працэсы, але яны ішлі побач, пад адным ідэйным парасонам.

Першыя сумневы ў тым, што палітычная лібералізацыя будзе працягвацца, з’явіліся падчас апошніх мясцовых выбараў у лютым 2018 году, калі сярод дзясяткаў тысяч мясцовых дэпутатаў не знайшлося ніводнага мандата для апазіцыянераў. Далей, цягам 2018/2019 году адбыліся ператрус у офісе «Белсату», крыжалом у Курапатах, «справа БелТА», справы супраць анархістаў, пераслед блогераў, перашкоды ў правядзенні 25 сакавіка 2019-га і затрыманне Змітра Дашкевіча і гэтак далей. Цяперашнія парламенцкія выбары, здаецца, павінны паставіць (прынамсі, на сённяшні момант) кропку ў гэтым пытанні.

Зразумела, што некалькі іншадумных дэпутатаў у Палаце прадстаўнікоў нічога не змянілі б, ніяк не паўплывалі б на агульную палітыку — пра што і казаў сам Лукашэнка на выбарчым участку 17 лістапада. Таксама відавочна, што ва ўмовах адпрацаванай дзесяцігоддзямі сістэмы фальсіфікацыяў больш лаяльнае стаўленне да назіральнікаў, дазвол ім здымаць ці назіраць за падлікам на некаторых участках таксама наўрад ці перашкодзіў у стратэгічным сэнсе забяспечыць патрэбны вынік.

Даволі жорсткі варыянт правядзення выбараў — гэта быў відавочны і празрысты пасыл і грамадству, і ўласна наменклатуры — «годзе, нагуляліся ў „лібералізацыяю“». «Наеліся гэтай дэмакратыі, — казаў Лукашэнка ў красавіку 2011 году, калі за кратамі яшчэ сядзелі кандыдаты ў прэзідэнты. — Як толькі пачалі гуляцца ў нейкую дэмакратыю, вось мы і атрымалі вынік».

«Гульня ў дэмакратыю» — гэта тое, што даецца Лукашэнку цяжэй за ўсё, і фактычна толькі пад ціскам нейкіх (пераважна вонкавых) абставінаў. Як толькі з’яўляецца магчымасць ад такой гульні адмовіцца, Лукашэнка гэта робіць — жаданне такое ў яго заўсёды ёсць. Сёння прапусці 2 дэпутаты, заўтра 4, і калі далей рабіць саступкі, то апаненты на гэтым не спыняцца. І дзякуй не скажуць, і — адчуўшы слабасць улады — будуць патрабаваць новых. І закончыцца ўсё, як у Гарбачова.

У прынцыпе, назіраецца даволі паслядоўная заканамернасць — чым больш улада ўпэўненая ў сабе, тым болей яны дазваляюць сабе «лібералізацыю» падчас выбарчай кампаніі. Тое, што адбываецца цяпер, відавочна сведчыць, што ўлада разумее сваю нізкую папулярнасць і ў сувязі з гэтым прызнае, што сёння як ніколі не можа сабе дазволіць эксперыменты з «лібералізацыяй», нават мінімальнай, нават эканамічнай.

«Лібералізм» можна дэманстраваць, напрыклад, на прэзідэнцкіх выбарах 2015 году (нават зарэгістраваць апазіцыйную кандыдатку, якая, як заяўляюць яе ж паплечнікі, не сабрала 100 тысяч подпісаў) — бо рэальнай пагрозы для ўлады няма і можна нават не звяртацца да рэпрэсіяў. А цяпер, калі рэйтынг улады, як выглядае, вельмі нізкі, эканамічных поспехаў няма, людзі не вераць у будучыню, нянавісць да ўлады ўзрастае, не да «лібералізму».

З гледзішча халоднай палітычнай логікі мяккае правядзенне парламенцкай выбарчай кампаніі і пропуск у Палату некалькіх апазіцыйных дэпутатаў мелі б адны толькі плюсы для ўлады. Захаду даваўся б чарговы «пазітыўны сігнал», незалежнаму грамадству закідвалася думка, што «глядзіце, мы можам мяняцца, эвалюцыянаваць, не трэба з намі радыкальна змагацца»; апазіцыі даваўся намёк, што «сёння мы прапусцілі гэтых, а заўтра можам і вас». Выпускалася б пара, зніжалася выразная напружанасць у грамадстве, падтрымліваліся б думкі пра магчымасць зменаў і дыялогу.

Але гэта з гледзішча «нашай» логікі, якая грунтуецца на ідэі неабходнасці дыялогу ў грамадстве, улічвання ўсіх інтарэсаў. У беларускай улады іншая логіка: «я начальнік — ты дурань», «я перамагаю, ты прайграеш», «я загадваю, ты падпарадкоўваешся», «я забіраю ўсё, ты нічога».

Толькі гісторыя можа сказаць, як доўга такую логіку гатова трываць беларускае грамадства.

Віталь Цыганкоў, www.svaboda.org