Ярмошына: Дзеючых дэпутатаў абрана 30 чалавек. Гэта тое, пра што казаў кіраўнік дзяржавы
У парламент сёмага склікання абраны 21 чалец партый. Гэта на 5 чалавек больш, чым у 2016 годзе. Пра гэта Лідзія Ярмошына распавяла на прэс-канферэнцыі па падвядзенні папярэдніх вынікаў выбараў у парламент, піша TUT.BY.

ЦВК падвёў папярэднія вынікі выбараў. Апазіцыя ў парламент не прайшла. Фота: Вадзім Заміроўскі, TUT.BY
З тых, хто трапіў у парламент, адзін чалавек прадстаўляе Беларускую
аграрную партыю, два — Беларускую патрыятычную партыю, 11 — Кампартыю, адзін —
ЛДП, 6 — Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасці.
З абраных дэпутатаў 44 жанчыны, і гэта, па словах Ярмошынай, кажа пра тое, што «мы рухаемся да еўрапейскага гендарнага патрабавання». Грамадзян ва ўзросце да 30 гадоў абрана двое. Дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў дзеючага склікання абрана 30 чалавек, або 27,3%.
— Гэта тое, пра што казаў кіраўнік дзяржавы, што пажадана, калі траціна парламента будзе пераходзіць у новае скліканне, — сказала Ярмошына.
Нагадаем, у верасні Аляксандр Лукашэнка заявіў, што каля 30–35% цяперашняга складу Палаты прадстаўнікоў зноў павінны пазмагацца за дэпутацкі мандат. Гэта, падкрэсліў ён, дапаможа захаваць пераемнасць у беларускім парламенце.
Паводле tut.by