Ці трэба ў крызіс раздаваць «жывыя» грошы насельніцтву?

Удар, які наносіць пандэмія па бізнэсе ў Беларусі, непазбежна адаб'ецца на насельніцтве і эканоміцы ў цэлым.

usd_2.jpg

У выніку зніжэння попыту ў бізнэса сур'ёзна скарачаецца выручка.
— На наступным этапе гэта цягне зніжэнне занятасці і зніжэнне заработнай платы, праблемы з абслугоўваннем крэдытаў, праблемы ў ланцужку паставак. Потым будзе зніжэнне спажывання хатніх гаспадарак, у сувязі са зніжэннем заробкаў, няздольнасць хатніх гаспадарак абслугоўваць свае крэдыты, што паўплывае на фінансавы сектар, — спрошчана апісаў схему кругазвароту даходаў падчас анлайн-сустрэчы "Меры па падтрымцы малога і сярэдняга бізнэсу ва ўмовах пандэміі» распавёў старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра эканамічных даследаванняў BEROC Радзівон Марозаў.
На думку экспертаў-удзельнікаў дыскусіі, нефінансавыя меры падтрымкі бізнэсу (не прамыя ўліванні, а стварэнне ўмоў і прадастаўленне льгот, каб паменшыць выдаткі кампаній), дазволяць падтрымаць і насельніцтва: людзі не будуць масава губляць працу і ў пэўнай ступені захаваюць свае даходы. Але калі ўрад плануе ратаваць не бізнэс, а дзяржпрадпрыемства, тады больш выгадна дапамагчы людзям наўпрост. Бо, пачынаючы з 2010 года, дзяржсектар страціў 18% сваёй працоўнай сілы. Сёння на рынку працы дамінуюць прыватныя прадпрыемствы.
— «Жывыя» грошы могуць накіроўвацца на падтрымку насельніцтва. У гэтым выпадку яна будзе ў разы больш эфектыўная для эканомікі. Гэта падтрыманне канчатковага попыту, — адзначыў у ходзе дыскусіі старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук.
Па ацэнцы эканаміста, зыходзячы з запасу сродкаў, якія меліся ў дзяржавы ў лютым (каля 6 млрд рублёў, без уліку золатавалютных рэзерваў), ёсць магчымасць выплачваць бюджэт пражытачнага мінімуму 4,5 млн чалавек на працягу каля 4 месяцаў. Для падтрымання, напрыклад, 1 млн чалавек, якія ў выніку крызісу застануцца без даходаў, сродкаў хапіла б на 8 месяцаў.
Па прагнозах эканамістаў, ужо ў бліжэйшыя месяцы ў Беларусі адбудзецца істотны рост беспрацоўя. Яе маштабы будуць залежаць ад глыбіні і працягласці эканамічнага спаду, аднак прадухіліць рост беспрацоўя дзяржава не здольная.
Рэцэсія можа падштурхнуць беспрацоўных людзей да прадпрымальніцкай дзейнасці, калі заработная плата істотна ніжэй чаканага прыбытку прадпрымальніка, а выдаткі на пачатак бізнэсу невялікія. Але як паказвае практыка папярэдніх крызісаў, у Беларусі трапляючыя на рынак працы беспрацоўныя не імкнуцца станавіцца самазанятымі ці адкрываць свой бізнэс.
Беларускім уладам трэба дзейнічаць досыць хутка, каб рост беспрацоўя і зніжэнне бізнэс-актыўнасці не прывялі да росту напружанасці, рэзюмавалі эксперты.
Сярод мер, якія раней называлі эканамісты, — перафарматаванне дапамогі па беспрацоўі і павелічэнне яго памеру, а ў выпадку вялікага ўсплёску беспрацоўя — стварэнне часовых працоўных месцаў, напрыклад, стварэнне інфраструктурных праектаў, якія дазваляюць далучаць некваліфікаваныя працоўныя рэсурсы.
Паводле Заўтра тваёй краіны