Ці пойдзе ўрад на структурныя рэформы?
26 лістапада намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч паведаміў, што ўрад падрыхтаваў папярэдні план структурных рэформ эканомікі. Па тлумачэнні “НЧ” звярнуўся да эканаміста Льва Марголіна.
— З якой радасціўрадоўцы загаварылі пра структурныя рэформы ў эканоміцы?
— Эканоміка дайшла да такой сітуацыі, што не казаць пра структурныя рэформы папросту нельга. Але вельмі сумнеўна, што справа пойдзе далей за размовы. Бо структурныя рэформы — гэта вельмі балючая справа, калі трэба пазбаўляцца ад стратных прадпрыемстваў, калі трэба даваць “зялёную вуліцу” індывідуальнаму прадпрымальніцтву, прыватнаму бізнэсу, замежным інвестыцыям. Што, як вядома, заўжды пагражае рэжыму аўтарытарнае ўлады. Таму наколькі далёка пойдзе гэтая структурная перабудова, будзе залежаць ад цяжкасці сітуацыі.
— Звязаны словы чыноўніка з электаральнай кампаніяй, якая чакаецца ў 2015 годзе, ці краіну насамрэч боўдзіць смажаны певень?
— Мяркую, што ўрад гэтая электаральная кампанія цікавіць у апошнюю чаргу. Ім зараз абы выжыць. Справа ў тым, што сёлета, апроч расійскай дапамогі, нічога не дачакаліся. Налета, апроч адмены пералічэнняў вывазных мытаў на нафтапрадукты ў расійскі бюджэт, таксама нічога не прадбачыцца, але гэтага яўна недастаткова.
Ацэньваючы сітуацыю ў расійскай эканоміцы, можна сказаць, што ім таксама будзе цяжкавата ў ранейшых памерах датаваць беларусаў. Так што пачынае патыхаць смажаным.
— Можна ўзгадаць, што ніколі раней з вуснаў чыноўнікаў словы “структурныя рэформы эканомікі” нават не гучалі.
— Мяркую, гэта своеасаблівы адказ на тое, што пастаянна кажуць незалежныя эксперты. Бо практычна кожны адказ на пытанне, што рабіць, зводзіцца да структурных рэформаў у эканоміцы. Не проста дазволіць прадпрымальнікам наймаць трох чалавек, калі тых самых прадпрымальнікаў жывых амаль не засталося. У грамадстве, відаць, саспела патрэба ў сапраўдных рэформах, і гэтыя словы былі спробаю адказаць на гэты грамадскі запыт.
— Ці разумеюцьсамі ўлады, што такое структурныя рэформы?
— Гэта ясна нават студэнту першага курса эканамічнага факультэта, як і многім не эканамістам. Нельга пастаянна цягнуць прадпрыемствы, якія без старонняй дапамогі не могць утрымацца на плыву. Бо дзяржава дапамагае неэфектыўным прадпрыемствам вырабляць прадукцыю, якая нікому не патрэбная і якая ляжыць на сховішчах.
Ці не прасцей зачыніць гэтыя прадпрыемствы і плаціць гэтым людзям заробкі ці прыстойную дапамогу па беспрацоўі? Бо, па меншай меры, мэтавыя сыравінныя рэсурсы не будуць выкарыстоўвацца задарма. Гэта не вышэйшая матэматыка. Могуць быць розныя падыходы ў дэталях, умовах, тэхналогіях, тактычныя, але стратэгічна — што такое структурныя рэформы эканомікі, цудоўна разумеюць і ва ўрадзе, і ў экспертнай супольнасці, і ў апазіцыі, і гэтак далей.