Чорная валютная серада
«Заяц» пагнаў. Як на яго будуць паляваць эканамічныя ўлады? Адказ на гэта пытанне «Новаму Часу» даў былы кіраўнік Нацыянальнага банка Беларусі, доктар эканамічных навук Станіслаў Багданкевіч.

«Падзенне рубля звязана з тым, што ў Беларусі публічна не абвешчана праграма макраэканамічнай стабілізацыі, у першую чаргу, на спажывецкім рынку. Не прымаюцца і належныя захады для яе рэалізацыі. Я маю на ўвазе, што ніхто не сказаў, як Нацбанк збіраецца вырашаць праблемы стабільнасці курса», — перакананы Багданкевіч.
Цяпер галоўнае — аднавіць давер да нацыянальнай валюты, лічыць ён. «Я як спажывец павінен разумець, што, калі сёння я набуду касцюм за мільён рублёў, то і праз год я набуду яго за мільён. І мне не патрэбна канверсаваць рубель у долар або еўра, каб захаваць гэты кошт касцюма», — адзначае банкір.
Першаснымі для стабільнасці з’яўляюцца спажывецкія кошты, узровень інфляцыі, кажа Багданкевіч. «Вось каб абвясціла Беларусь, што яна ставіць за мэту скараціць інфляцыю да 3–5%, паказала б, як інфляцыя будзе скарочана, то каму былі б патрэбныя гэтыя долары? Калі беларускія рублі будуць выконваць функцыю меры вартасці, зберажэнняў і назапашванняў на працяглую перспектыву, тады адразу ўсталюецца стабільнасць валютнага курса», — перакананы эканаміст. Трэба займацца інфляцыяй, кажа суразмоўца, які надоечы наведаў аптэку і зараз канстатуе, што там не па днях, але нават па гадзінах растуць кошты.
Станіслаў Багданкевіч не бярэцца прагназаваць, якой будзе дынаміка суадносінаў паміж доларам і айчынным рублём. «Фінансавыя ўлады мусяць прадпрымаць захады ў двух напрамках. Першае — гэта абмежаванне грашовай масы. За мінулы год валавы прадукт (ВУП) вырас менш як на 2%, а рублёвая грашовая маса — на 20%. То бок, грошай надрукавалі на парадак больш, чым стварылі прадукту. І пры гэтым разлічваюць, што ўсё будзе ў парадку?» — задаецца пытаннем былы галоўны банкір краіны.
Па словах Багданкевіча, Нацбанк павінен абвясціць: сёння грашовая маса складае 95 трыльёнаў рублёў і гэтая грашовая маса не будзе павялічвацца хоць бы цягам наступных шасці месяцаў. «Дзеля гэтага трэба абвясціць пра скарачэнне бюджэту, дзяржаўных выдаткаў, трэба заявіць, што і крэдытаванне эканомікі будзе абмежавана і нават скарочана. Дарэчы, у нас ужо што-нешта пра гэта сказана: не будуць крэдытавацца тыя прадпрыемствы, якія дапускаюць страты, дапускаюць дэбіторый, у якіх прадукцыя не прададзеная і ляжыць у сховішчах. Такім чынам, тая грашовая маса ў 95 трыльёнаў будзе захаваная і не будзе расці хаця б паўгода», — кажа эксперт.
Адначасова, мяркуе Багданкевіч, у Беларусі будзе назірацца ажыўленне эканомікі. «Зараз жа ў нас застой, ВУП не расце. Трэба абвясціць пра скарачэнне падатку на дабаўленую вартасць, сацыяльнага падатку, каб пакінуць больш грошай рэальнаму сектару, каб яны маглі абнавіць тэхналогіі і павялічыць эфектыўнасць, — упэўнены банкір.
Апроч таго, трэба павялічыць залатавалютныя рэзервы, якія сёння складаюць крыху больш за 5 мільярдаў долараў у міжнародным вымярэнні. Трэба ж сама мала ў два разы больш. «Нарасціць ЗВР можна шляхам продажу часткі акцыяў эфектыўных нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў і "Беларуськалія", пакінуўшы сабе кантрольны пакет, пачаць іншую прыватызацыю. Але, галоўнае, абвясціць такі рэжым, каб наўпроставых замежных інвестыцыяў паступала парадку 6–8 мільярдаў долараў за год. У Беларусь паступалі б грошы, частка з іх захавалася б у залатавалютных рэзервах. Карацей, патрэбная дакладная праграма, але яе пакуль няма», — канстатуе Станіслаў Багданкевіч.
У той жа час ён перакананы, што ключавой задачай для ўраду з’яўляецца інфляцыя, а не валютныя курсы. «Мы занадта шмат кажам пра валютны курс. Была б у нас інфляцыя 3%, не было б ніякай дэвальвацыі. Сёння ўсе жадаюць перавесці рублі ў долары, бо не давяраюць рублям, людзі лічаць, што калі пакінуць іх на год, то рублі абясцэняцца ў два разы. Таму трэба аднаўляць давер да рубля. Ці вось абвясцілі ў вольнае плаванне курсаў еўра і долара. Але чамусьці ў абменніках няма ні долараў, ні еўра. Дык трэба забяспечыць абменныя пункты валютай, каб народ супакоіўся, каб аднавіўся давер», — лічыць экс-кіраўнік Нацбанку.
Хаця, адзначае Станіслаў Багданкевіч, рэгулятар ужо пачынае нешта рабіць. «Нацбанк нібыта выдаў ліст-рэкамендацыю, каб абмежаваць крэдытаванне прадпрыемстваў, што маюць пратэрмінаваныя дэбіторыі, маюць гатовую прадукцыю, дапускаюць страты і гэтак далей. Гэта вось крокі ў правільным накірунку, але іх трэба рабіць публічна, каб супакоіць людзей, і тлумачыць, што гэта прывядзе да нечага станоўчага», — лічыць эксперт.