Чаму ў Беларусі растуць цэны і што з імі будзе далей?

Чаму інфляцыя ў Беларусі з 2010 года – як у краінах трэцяга свету, дзе бушуюць войны, рэвалюцыі, узброеныя перавароты? У што выльецца практыка стрымлівання коштаў на «сацыяльна значныя тавары» — пра гэта Myfin.by распавёў старшы навуковы супрацоўнік BEROC Леў Львоўскі.


— Эфектаў замарожвання цэн і ручнога кіравання некалькі. Адзін з іх, бачны няўзброеным позіркам, — павелічэнне манапалізацыі на рынку рэтэйла. Некалькі сетак заявіла пра тое, што яны альбо сціскаюцца, альбо зачыняюцца. Верагодна, у тым ліку і праз кантроль коштаў, які ўплывае на прыбытак і астатнія рызыкі, якія ўзніклі пасля жніўня 2020 года. Безумоўна, кантралюючым органам прасцей «ўзаемадзейнічаць» з меншай колькасцю прадстаўнікоў гандлю, і ў кароткатэрміновай перспектыве забароны і абмежаванні могуць нешта даць, але манапалізацыя рынку ў выніку заўсёды вядзе да паскоранай інфляцыі, — лічыць эксперт.
Другі эфект — павольны рост коштаў на названыя ў абмежавальным пераліку тавары, і паскораны – на ўсе, якія не ўваходзяць у яго. Да гэтага дадаецца скарачэнне асартыменту. Бо гандаль павінны кампенсаваць страты, зазначае Леў Львоўскі:
— Але калі гэтая група тавараў складае значную частку абароту, то гандлёвая сетка можа зачыніцца праз падзенне прыбытку. Таму што павышэнне коштаў на іншыя тавары не можа кампенсаваць страты.
Па прагнозах эксперта, у кароткатэрміновай перспектыве (месяц-паўтара) кошты ў сетках на тавары, якія трапілі пад абмежаванні, не будуць хутка расці, самі яны не знікнуць з паліц, і крамы не будуць закрывацца. Але эфекты «другога парадку» немінуча пагоршаць становішча.
— Калі казаць пра самыя заганныя практыкі з мінулага, – ручное рэгуляванне і забароны, – то гэта добра выглядае на паперы і ў «кухонных размовах», але на справе нясе толькі шкоду. Беларусам гэта выдатна вядома — яны назіралі вынікі такіх дзеянняў многія гады — падкрэслівае Леў Львоўскі.
Эксперт не бярэцца прагназаваць, якой будзе інфляцыя па выніках 2021-га.

infl_0403.jpg

— Прадказаць немагчыма, бо ў справу ўступае мноства пераменных — падкрэслівае Леў Львоўскі. – Фактары, якія могуць прывесці да росту коштаў — гэта акурат кантроль коштаў дзяржавай (ён практычна заўсёды ў сусветнай гісторыі вёў да паскоранага росту інфляцыі), павышэнне ступені манапалізацыі (з-за адміністрацыйнага ціску і/або сыходу з рынку кампаній), паслабленне беларускага рубля (як у выніку павышанага попыту на валюту, так і з-за розных санкцый, у тым ліку і накладзеных на Расею), і неабгрунтаваная эмісія (у Беларусі прымаючая часцей за ўсё форму дырэктыўнага крэдытавання).
Фактары, якія будуць стрымліваць кошты ў 2021 годзе – гэта, па-першае, дэпрэсія попыту: паводле дадзеных таго ж Нацбанка 68% беларусаў лічаць цяперашні час неспрыяльным для буйных пакупак за «жывыя грошы» і 76% – у крэдыт. Прычына-негатыўныя чаканні насельніцтва — людзі не ўпэўненыя, што атрымаюць тую ж зарплату (і наогул будуць мець працу) праз месяц-паўгода. Па-другое, запаволенне росту даходаў хатніх гаспадарак, або нават памяншэнне іх. Мы ўсё ж жывем у крызісе.
Якія з фактараў «перамогуць» — мы здагадваемся. Адмову ад узважанай манетарнай палітыкі, якая ўжо здалылася, і падыходы апошніх 4-5 гадоў, а менавіта масавая раздача дырэктыўных крэдытаў, вядуць да грашовай эмісіі. Ручное кіраванне, рэгуляванне цэн і забароны таксама не спрыяюць падзенню інфляцыі.
Паводле zautra.by