Чаму ўмацоўваецца рубель і як доўга гэта працягнецца?
Увесь мінулы тыдзень рубель умацоўваўся да долара, а еўра абнавіў гістарычны мінімум і апусціўся да 3038 рублёў. «Свабода» разбіраецца, з чым гэта звязана.
Цяпер для Беларусі складаецца добрая сітуацыя з экспартам. У студзені-красавіку пастаўкі з Беларусі выраслі на 26,1% у параўнанні з такім жа перыядам летась.
На гэта звяртае ўвагу старшы фінансавы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб.
«Сальда гандлю таварамі і паслугамі станоўчае, у экспарцёраў расце валютная выручка, яны могуць прадаваць больш валюты. З пачатку чэрвеня ўмацаванне рубля стала больш хуткім», — кажа Вадзім Іосуб.
Другі фактар — продаж валюты прадпрыемствамі, працягвае эксперт.
«Ідзе продаж валюты нейкімі прадпрыемствамі ў вялікіх аб’ёмах. Магчыма, гэта неабходнасць пагашэння рублёвых крэдытаў, што і прымусіла прадаваць валюту. Таксама як версія — нейкія буйныя прадпрыемствы могуць апасацца санкцый, таму выходзяць з валюты ў рублі, каб пазбегнуць замарозкі грошай», — кажа Вадзім Іосуб.
Умацаванне рубля — часовы фактар, які можа працягнуцца тыдзень ці два. У гэтым упэўнены Вадзім Іосуб.
«Калі мы гаворым аб чэрвеньскім умацаванні, то гэта часовы фактар. Разавы продаж буйной сумы валюты. Калі казаць пра сальда гандлёвага балансу, то яно ўстойліва застаецца станоўчым. Да зменаў могуць прывесці новыя санкцыі», — мяркуе Вадзім Іосуб.
Такім чынам, адзін з фактараў умацавання рубля — продаж валюты прадпрыемствамі — мае часовы характар, а другі — станоўчая дынаміка экспарту — можа змяніцца пад уплывам новых санкцый.
14 чэрвеня падчас таргоў на валютна-фондавай біржы курс долара вырас на 0,33% — да 2,4892 рубля. Курс еўра знізіўся на 0,27% — да 3,0149 рубля, курс расійскага рубля ўпаў на 0,5% — да 3,4455 рубля за 100 расійскіх рублёў.