«Дабраном» як сімптом, ці Шкодніцтва Мінгандлю

Гісторыю «Дабраному» будуць выкарыстоўваць магчымыя замежныя інвестары пры ацэнцы рызыкаў уваходжання з грашыма ў Беларусь. Магчымыя страты інвестыцыйнай прывабнасці краіны я нават не бяруся падлічваць.



dabranom.jpg

Гандлёвая сетка «Дабраном» запазычыла пастаўшчыкам прадукцыі каля 30 мільярдаў рублёў. І Мінгандалю вырашыла прыпыніць працу 177 крамаў сеткі на 90 дзён. Што стала для ўсіх шокам.

Добранькі «Дабраном»

Канешне, сплочваць пазыкі трэба, з гэтым ніхто не спрачаецца. Але брутальныя дзеянні Мінгандлю «караць усіх без разбору» выклікаюць як мінімум неразуменне, а як максімум, наводзяць на думкі пра сабатаж на самым высокім узроўні. Бо ад пачатку трэба было б разабрацца, з чаго ўзнікла гэтая запазычанасць.

Калі разбірацца, то запазычанасць узнікла ад таго, што «Дабраном» быў занадта добры і сапраўды дбаў пра тую «сацыяльную дзяржаву», пра якую нам кажуць з тэлевізара. Напачатку гэтага года пра банкруцтва абвясціла сетка крамаў «Родная сторона». Каб не пазбаўляць народ магчымасці нешта набыць у звыклых для іх крамах, «Дабраном» узяў на сябе частку цяжару гэтага банкруцтва: пад ягоную апеку перайшлі некаторыя «роднастаронаўскія» аб’екты. У выніку за тры месяцы гандлёвая сетка «Дабраном» адкрыла 80 крамаў і прыняла на працу 3350 новых супрацоўнікаў.

Адпаведна, для перапрафілявання крамаў патрэбныя былі грошы, далучэнне сеткі крамаў аператара «Родная сторона» запатрабавала дадатковых фінансавых укладанняў. «Дабраном» крыху не разлічыў свае сілы і фінансавыя магчымасці, з таго і ўзнікла запазычанасць. Як кажуць, добрымі намерамі замошчаны шлях у пекла — і Мінгандаль забяспечыў крокі ў тым кірунку.

А што было б, калі б «Дабраном» не ўзяўся за гэтую няўдзячную справу і не спяшаўся б з рэканструкцыяй спадчыны «Родной стороны»? Было б адно: пакупнікі проста б пазбавіліся шмат якіх крамаў «крокавай даступнасці», зачыненыя крамы б віселі мёртвым грузам на мясцовых бюджэтах, уводзячы іх не ў плюс ад сплаты падаткаў, а ў мінус. Бо камуналку нават за зачыненыя крамы, за іх утрыманне, і хаця б заробак ахоўнікам усё роўна трэба б было плаціць.

Так што добранькі «Дабраном» хацеў як лепей, а атрымалася — як заўсёды. І зусім не па правіне «Дабранома».

Зарэзаць золатаяйкавую куру

Канешне, для Мінгандлю «сацыяльная дзяржава» і сацыяльны складнік у дзеянні гандлёвай сеткі — не аргумент. Галоўнае, каб грошы былі і з пазыкамі разлічыліся. Можа быць і так, але тады ў Мінгандлі павінны ўмець лічыць. Хаця, як паказвае выпадак з «Дабраномам», лічыць там не ўмеюць.

m_ngandlju.jpg

Як паведаміла выканаўчы дырэктар Асацыяцыі раздробных сетак Таццяна Закжэўская, «Дабраном» за першае паўгоддзе 2015 года сплаціў у рэспубліканскі, мясцовыя бюджэты і адлічэнні ў ФСАН больш 66 мільярдаў рублёў падаткаў і непадатковых плацяжоў. Адпаведна, за тры месяцы прыпынення дзейнасці сеткі крамаў гэтыя бюджэты недаатрымалі б 33 мільярды рублёў. Што супастаўляльна з запазычанасцю самога «Дабранома» перад пастаўшчыкамі.

Але гэтыя мільярдныя падаткі — толькі кропелька таго, што недаатрымае дзяржава ў выпадку спынення дзейнасці сеткі «Дабраном».

Як вядома, у нашай краіне адзін падатак плаціць кожны, незалежна ад таго, ёсць у яго статус «лайдака» ці ён афіцыйна працуе. Гэта — падатак на дададзеную вартасць (ПДВ), які складае зараз 20% ад кошту тавару, што прадаецца кожнаму ў краме. Колькі гэтага падатку збірае «Дабраном»?

Звестак пра «сярэдні чэк» у крамах сеткі ў нас няма. Але, калі меркаваць па сабе, то за адзін паход у краму я там пакідаю мінімум за 50 000 рублёў. Гэты мінімум і возьмем за аснову.

Згодна інфармацыі той жа Закжэўскай, штодзённа ў 177 крамах «Дабраном» затаварваецца 190 тысяч чалавек. Шляхам няхітрых падлікаў (190 тысяч х 50 тысяч рублёў) атрымліваем, што за дзень гандлёвая сетка атрымлівае як мінімум 9 мільярдаў 500 мільёнаў рублёў.

Памнажаем гэтую суму на 90 «непрацоўных» дзён. Атрымліваем фантастычную суму ў 855 мільярдаў беларускіх рублёў. Ад гэтых мільярдаў адлічваем падатак на дададзеную вартасць і атрымліваем: амаль 142, 5 мільярда (!) недаатрымае бюджэт з-за дзеянняў Мінгандлю за тры месяцы.

Ну і плюсуем сюды, для чысціні эксперыменту, тыя 33 мільярды наўпроставага падатку «Дабранома». Атрымліваем на выхадзе 175, 5 мільярда рублёў.

groshi.jpg

Шкодніцтва і сабатаж

Што такое 175 мільярдаў рублёў для дзяржавы? Шмат? Няшмат? Лічыце самі.

Напрыклад, тое, што недаплаціць «Дабраном» за тры месяцы ў бюджэт, гэта амаль тры гадавыя дзяржаўныя выдаткі па артыкуле «маладзёжная палітыка». У бюджэце–2015 на гэтыя мэты выдаткавана ўсяго 62 мільярды рублёў.

Тое, што недаплаціў бы ў бюджэт «Дабраном», — гэта больш за палову сумы, прадугледжанай сёлета ў бюджэце на ўвесь беларускі транспарт: аўтобусы, трамваі, тралейбусы і цягнікі з самалётамі. На транспарт у бюджэце закладзена 311 млрд. рублёў.

Нясплата падаткаў «Дабраномам» з-за рашэння Мінгандлю поўнасцю б забіла нашую сувязь —  на яе бюджэт выдаткоўвае толькі 71,5 млрд. рублёў. Падаткі гандлёвай сеткі за тры месяцы перавышаюць бюджэт сувязі больш чым удвая.

І, як ні дзіўна, без «Дабраному» загнулася б самая «сацыяльная» сфера «дзяржавы для народа». На жыллёва-камунальныя паслугі і будаўніцтва жылля ў гэтым годзе прадугледжваеца ўсяго 108 млрд. «Дабраном» за тры месяцы сваёй працы аплочвае гэтыя выдаткі паўтары разы!

І гэта мы ўзялі яшчэ «мінімальны чэк»! Дык хто дбае пра «дзяржаву для народа» — «Дабраном» альбо Мінгандаль?

Параўноўваць можна яшчэ доўга. Але прымітыўныя дзеянні з калькулятарам паказваюць, што рашэнне Мінгандлю прыпыніць на тры месяцы працу «Дабранома» як мінімум неадэкватнае, а як максімум (ужо казалася) — шкодніцтва і сабатаж.

Сімптом «Дабраному»

Прыклад «Дабраному» паказальны, але і сімптаматычны. Бо не толькі гэтая сетка трапляла пад раздачу Мінгандлю. Такія ж пагрозы гэтага ведамства аб прыпыненні працы крамаў ужо гучалі ў сувязі з тымі ж і іншымі парушэннямі ў дачыненні да сетак «Рублёўскі» і «Еўраторг» (крамы «Еўраопт»). У «неадпаведнасці асартыменту» абвінавачвалася сетка абутковых крамаў «Мегатоп», і гэтыя крамы таксама «прыпынялі дзейнасць». Траплялі пад закрыццё нават шапікі «Белсаюздруку».

Зараз «Дабраном» узяў крэдыт і разлічыўся з пастаўшчыкамі. У Мінгандлю ёсць усе падставы адмяніць сваё рашэнне пра закрыццё гэтай гандлёвай сеткі. Аднак, як кажуць, «асадак застаўся».

Асадачак

Як заявіў дырэктар ЗАТ «Дабраном» Васіль Якубаў, праблемы з разлікамі мелі кароткачасовы характар, і ў падобных сітуацыях кампанія і раней прыцягвала кароткатэрміновыя банкаўскія крэдыты для сплаты запазычанасцяў.

Паводле яго слоў, «Дабраном» і без праверкі Мінгандлю абавязкова аплаціў бы ўсё кантракты на пастаўку тавараў. На момант вынясення рашэння Мінгандлю аб прыпыненні працы крам у «Дабранома» была дамоўленасць з банкамі аб выдзяленні крэдытных сродкаў, што дазволіла б не толькі пагасіць усю пратэрмінаваную запазычанасць, але і стварыць фінансавы рэзерв для развіцця кампаніі. «Ніколі за пяць гадоў працы сеткі не было запазычанасці ні перад бюджэтам, ні па заработнай плаце, ні перад банкамі. Запазычанасць перад пастаўшчыкамі, калі і была, то насіла кароткатэрміновы характар. Падобныя запазычанасці характэрныя для любога ўдзельніка рынку», — сказаў Васіль Якубаў.

Ён адзначыў, што застаецца толькі шкадаваць, што бягучыя працоўныя пытанні ператварыліся ў форс-мажорныя абставіны.

Але асадак атрымаў не толькі «Дабраном». Найперш, у асадак выпала інвестыцыйная прывабнасць Беларусі. Раздробны гандаль — амаль адзіная сфера, у якую ішлі замежныя інвестыцыі. Напрыклад, саўладальніца сеткі крамаў «Суседзі» — літоўка Алма Яўнцемене. Сетка крамаў "Mart Inn" належыць акцыянерам літоўскай жа "Maxima" Міндаўгасу і Гінтарасу Марцінкявічусам. Уладальнікам крамаў «Белмаркет» з’яўляецца інвестыцыйная кампанія «А1», якая ўваходзіць у структуру расійскай «Альфа-Груп». «Расійскімі» ж з’яўляюцца і крамы «Алмі». У гіпермаркеты «Гіпа» інвестуе ЗП «БелВіллісдэн», якое, у сваю чаргу, заснавана брытанскай кампаніяй Willisden Industries Limited.

І толькі «Еўраопт», насуперак чуткам пра «расійскі след», належыць беларусам Сяргею Літвіну і Уладзіміру Васільку, якія, што праўда, стала жывуць у Вільні.

Гісторыя «Дабраному» атрымала вялікі розгалас. Зразумела, што яе будуць выкарыстоўваць магчымыя замежныя інвестары пры ацэнцы рызыкаў уваходжання з грашыма ў сінявокую. Магчымыя страты інвестыцыйнай прывабнасці краіны я нават не бяруся падлічваць.