Эканаміст: беларусам трэба рыхтавацца да павышэння коштаў на маторнае паліва

Барыс Жаліба — пра тое, чаму ў беларускіх уладаў «не ўсё гладка» з Расіяй.

nafta_1.jpg

Доктар эканамічных навук пракаментаваў інфармацыю пра перамовы Беларусі з Іранам аб пастаўках нафты ў абмен на айчынную тэхніку.
— Я б вітаў чарговую спробу Беларусі дыверсіфікаваць пастаўкі сырой нафты ў нашу краіну,— адзначыў Барыс Жаліба. — Раней ужо былі спробы і з Венесуэлай, і з Іранам, але тады лагістыка апынулася нявыгаднай. Калі ж гаворка ідзе пра пастаўкі нашай тэхнікі, то гэта перспектыўны кірунак.
Паколькі амерыканцы выйшлі з ядзернага пагаднення з Іранам і абклалі яго санкцыямі — гэта паўплывае на іншыя краіны, якія перастануць купляць іранскую нафту. Магчыма, у сувязі з гэтым для Беларусі будзе прадастаўлена больш нізкія цана.
Эканаміст не выключае, што беларуска-іранскія перамовы сведчаць аб праблемах паміж Расіяй і Беларуссю:
— З Расіяй ніколі не было ўсё гладка. І сёння таксама разгортваецца гісторыя з расійскім паслом, будуць перамовы ў Сочы — і незразумела, пра што Лукашэнка з Пуціным там дамовяцца. Нявызначаных момантаў у адносінах вельмі шмат, і гэта нам яшчэ не ўсё кажуць. Трэба шукаць варыянты і купляць нафту не толькі ў Расіі, так як гэтая залежнасць вельмі згубная — і па нафце, і па газе.
Барыс Жаліба таксама звяртае ўвагу на пазыковы крызіс, у якім загразлі беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы.
— З-за таго, што ў Расіі цяпер ідзе падатковы манеўр, нашы НПЗ купляюць расійскую нафту даражэй, чым раней. Калі спачатку яна для Беларусі каштавала прыкладна 50% ад сусветных коштаў, то цяпер мы плацім не менш за 80%.
Акрамя таго, нашы прадпрыемствы абцяжараныя даўгамі — цяпер каля 47% іх выручкі сыходзіць толькі на аплату выплат па крэдытах. І выбрацца з гэтай ямы ім будзе вельмі цяжка. Нафтаперапрацоўка заўсёды лічылася палачкай-ратавалачкай для беларускай эканомікі, а цяпер усё перавярнулася з ног на галаву. Мабыць, беларусам трэба рыхтавацца да павышэння цаны на маторнае паліва, — папярэджвае суразмоўца «Салідарнасці».