Шакаладкі, каньяк і каляндарык. У барацьбе з карупцыяй дробязяў не бывае?
За гучнымі затрыманнямі за хабару ў сотні тысяч даляраў сталі забывацца выпадкі, калі суды адпраўлялі за краты людзей на працяглыя тэрміны за мізэрную плату.
0 рублёў і 4 капейкі
22 мая гэтага года суд Цэнтральнага раёна Гомеля вынес прысуд па рэзананснай справе былых супрацоўнікаў рэгіянальнай мытні. Працэс ішоў з ліпеня 2017 года, па справе аб хабарах праходзіла 18 чалавек — амаль два аддзела мытні і прадпрымальнікі, якія прызналіся, што давалі хабару.
Максімальны тэрмін — 15 гадоў пазбаўлення волі, большасці абвінавачаных далі ад 5 да 8 гадоў.
Такія адчувальныя тэрміны людзі атрымалі на падставе эпізодаў абвінавачвання, некаторыя з якіх былі сфармуляваны так — «у неўсталяваным месцы, у неўстаноўлены час атрымаў ад неўсталяванай асобы за праезд неўстаноўленага транспартнага сродку хабар». Аднак пракуратура нічога дзіўнага ў такіх фармулёўках не ўгледзела, аргументаваўшы тым, што не ўсталявалі з-за даўнасці.
Мытнікаў абвінавацілі ў стварэнні арганізаванай злачыннай групы, якая займалася атрыманнем «незаконных грашовых узнагарод».
Паводле версіі следства, абвінавачаныя бралі хабар на працягу чатырох-шасці гадоў, пры гэтым сумы хабараў называліся адкрыта смешныя — у кагосьці 100 рублёў, у іншага — 160 рублёў. У аднаго з абвінавачаных сума хабараў склала... 40 рублёў 4 капейкі.
Пераважная большасць абвінавачаных мытнікаў не прызналі віну, заяўлялі, што справа была сфабрыкаваная, пры затрыманні і падчас следства супрацоўнікі КДБ аказвалі фізічны і псіхалагічны ціск.
...і бутэлька каньяку
Былы дырэктар дэпартамента судзейства Беларускай федэрацыі футбола Андрэй Жукаў прысуджаны ў пачатку 2017 года да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. На яго таксама накладзены штраф у 500 базавых велічынь.
Жукаву было прад’яўленае абвінавачванне па шасці эпізодах атрымання хабару ад арбітраў і трэнера аднаго з клубаў у сезонах 2014/2015 і 2015/2016 гадоў за прызначэнне на матчы вышэйшай і першай ліг і Кубка Беларусі, а таксама ў перавышэнні ўлады.
Пры затрыманні ў кішэні Жукава было выяўлена 100 еўра. У справе таксама фігуравалі эпізоды з атрыманнем 50 рублёў, 100 даляраў і бутэлькі каньяку. Адзін з хабарадавальнікаў на судзе ад сваіх паказанняў следству адмовіўся, заявіўшы, што вымушаны быў іх даць пад ціскам.
Віну ў здзяйсненні злачынстваў Жукаў прызнаў цалкам, аднак ад дачы паказанняў у судзе адмовіўся. На стадыі судовага разбору кампенсаваў шкоду ў памеры 912 рублёў.
Дзве пліткі шакаладу
У траўні 2016 года трох лекараў менскай паліклінікі № 17 судзілі за карупцыю — медыкі за грошы выпісвалі ліпавыя бальнічныя. Сума хабараў была невялікая — каля 700 даляраў, у шкоду уключылі нават дзве шакаладкі.
Расцэнкі пачыналіся ад 100 тысяч рублёў (старымі, зараз гэта 10 рублёў) за адзін дзень на бальнічным. Хабару, мяркуючы па матэрыялах справы, стартавалі ад 300 тысяч рублёў (30 рублёў) і даходзілі да 1,5 млн рублёў (150 рублёў). Многія пацыенты прыходзілі падаўжаць фіктыўны бальнічны. Усяго ў матэрыялах справы маюцца звесткі аб 17 «кліентах».
У выніку суд прысудзіў медыкаў да трох-чатырох гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Адзін з асуджаных неўзабаве памёр у калоніі.
За нататнік і асадку
20 ліпеня 2018 году суд Фрунзенскага раёна Мінска прыгаварыў былога начальніка Транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый Леаніда Лемеша да чатырох з паловай гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Лемешу інкрымінавалі хабар ад прадстаўнікоў прыватных кампаній за атрыманне дазволаў на праезд грузавога транспарту. Грашыма і іншымі каштоўнасцямі ў суме ён узбагаціўся на 890 рублёў. Чыноўніку паставілі ў віну, што ён атрымліваў сувенірныя наборы, у якіх быў каньяк, духі, каляндар, нататнік і асадка.
Яшчэ ён па версіі абвінавачвання рабіў замах на атрыманне яшчэ 50 даляраў.
У судзе Лемеш сцвярджаў, што невінаваты і што яго агаварылі.
Канфіскацыя маёмасці за хабар у 250 рублёў
Топ-менеджэр Жлобінскага мясакамбіната асуджаны да пазбаўленьня волі на чатыры гады з канфіскацыяй за дзве хабару на агульную суму 250 рублёў.
Па версіі следства, бізнэсмэны «дзякавалі» намесніку гендырэктара мясакамбіната за садзейнічанне ў адгрузцы катлетнага мяса з ялавічыны — яна лiчыцца дэфіцытам у сувязі з невялікімі аб’ёмамі вытворчасці.
У ходзе судовага разбору галоўны фігурант сваёй віны не прызнаў.
Суд пастанавіў звярнуць ў даход дзяржавы маёмасць абвінавачанага, у тым ліку аўтамабіль «Аўдзі А6», гараж, бытавую тэхніку, мабільныя тэлефоны і грашовыя сродкі, на якія быў накладзены арышт.
Паводле naviny.by