Эканаміст: Беларускаму рублю яшчэ ёсць куды падаць
Эканаміст — пра тое, што адбываецца на валютных таргах і пры чым тут «нафтагазавы шчыт».
Ніколі такога не было, і вось зноў: на таргах Беларускай
валютна-фондавай біржы 3 жніўня даляр чарговы раз вырас і перавысіў адзнаку ў 3,08
рубля. А расійскі рубель зноў
знізіўся: за 100 RUB давалі менш за 3,3 беларускага рубля.
Чым тлумачыцца цяперашні скачок даляра (даражэй ён каштаваў
толькі ў сакавіку 2022-га, у першыя дні пачатку поўнамаштабнай агрэсіі) і якія
перспектывы беларускага рубля, «Филин» даведаўся
ў эканаміста даследчага цэнтра BEROC Дзмітрыя Крука.
— Шмат у чым курс беларускага рубля паўтарае траекторыю расійскага, але калі б мы паўтаралі
яго ў поўнай меры, то абясцэненне было б значна мацнейшым, — кажа эксперт. — А вось чаму аслабеў расійскі
рубель? Тут дзве асноўныя прычыны.
Першая — уплыў нафтагазавых даходаў. Прычым гаворка ідзе не пра апошнія некалькі дзён ці тыдзень, я б сказаў, што з пачатку 2023 года гэта самы галоўны фактар, які ўплывае на дынаміку курсаў і многія іншыя моманты ў расійскай, а такім чынам і ў беларускай эканоміцы.
Гэты трэнд, сфарміраваўшыся ў пачатку года, застаецца актуальным і цяпер, а на яго ўжо нанізаліся дадатковыя.
У прыватнасці, у апошнія дні сам па сабе даляр адчувальна вырас у дачыненні да большасці валют. Тут, мабыць, адыграла сваю ролю важная падзея на сусветным рынку — тое, што Fitch панізіла рэйтынг ЗША; як ні парадаксальна, гэта прывяло да ўмацавання даляра ў дачыненні да еўра і іншых сусветных валют, уключаючы расійскі рубель. І для Беларусі таксама актуальна тое, што адбываецца ў Расіі, становіцца і нашымі праблемамі, і капіпастам паўтараецца ў нас.
Што не так з рублёвымі сабратамі? Справа ў тым, тлумачыць эканаміст, што ўмоўны шчыт у выглядзе высокіх коштаў нафты і газу, які існаваў яшчэ летась і прадвызначаў большасць макраэканамічных трэндаў, сёлета знік. І калі сцісканне нафтагазавых даходаў працягнецца, нічога добрага расійскаму (а «паравозікам» — і беларускаму) рублю не свеціць.
— Хачу адзначыць яшчэ адзін аспект, які тычыцца курсаў валют, — дадае Дзмітрый Крук. — Усе заўсёды па традыцыі глядзяць на курс да даляра, але ў нашай сітуацыі больш важна, з пункту гледжання стану эканомікі і яе перспектыў, глядзець на курс беларускага рубля да расійскага.
Так, за апошнія паўгода Беларусь страціла той зачын у канкурэнтаздольнасці, які мела летась. Тады пасля пачатку вайны і ўвядзення санкцый беларускі рубель значна абясцэніўся, а цяпер дробнымі крокамі ідзе наперад. «Можна сказаць, што мы вярнуліся прыкладна на той стабільны ўзровень, які быў да вайны», — адзначае эканаміст.
Чаму гэта дрэнна? Таму што ўмацаванне беларускага рубля зніжае цанавую зверхканкурэнтаздольнасць айчынных экспарцёраў на расійскім рынку: ніхто не зацікаўлены купляць тавары, якія падаражэлі. А менш даход экспарцёраў — дадатковы ціск на курс.
Калі скарачэнне расійскіх нафтагазавых даходаў працягнецца, то захоўваць новы статус-кво суадносін беларускага рубля да расійскага для Беларусі будзе праблематычна, бо гэта абернецца ўзрослым гандлёвым дэфіцытам.
— І нават калі расійскі рубель «устаканіцца» на цяперашнім узроўні, нельга выключаць, што будзе яшчэ перыяд абясцэньвання беларускага рубля, каб кампенсаваць пагаршэнне канкурэнтаздольнасці і мець нармальнае сальда ў знешнім гандлі, — тлумачыць Дзмітрый Крук. — Дадатковая прышчэпка канкурэнтаздольнасці вельмі неабходная, без яе канцы з канцамі дрэнна зводзяцца.
На думку эксперта, на нейкі перыяд часу расійскі рубель можа ўтрымацца ў цяперашнім калідоры (90-94 рублі за даляр): у гэтым выпадку беларускі рубель з вялікай імавернасцю будзе знаходзіцца ў калідоры 3-3,15 рубля за даляр. Але нават у гэтай сітуацыі беларускім грошам ёсць куды падаць, а калі даходы ад нафты і газу знізяцца, вектар на абясцэненне дакладна працягнецца.
— Але цяперашнія беларускія ўлады, напэўна, разлічваюць, што расійскія даходы ўсё ж стабілізуюцца ці нават павысяцца, што Расія адаптуецца да санкцый і можна будзе нават крыху адыграць. Гэта для іх — адзіны варыянт паляпшэння сітуацыі, — рэзюмуе эксперт.