Эканамісты: Нацбанк дапускаў залішняе паслабленне беларускага рубля да расійскага
Даследчы цэнтр BEROC звярнуў увагу на моцнае паслабленне рубля ў траўні-чэрвені адносна кошыка валют пры чыстай прапанове замежнай валюты на рынку. Інфляцыя ў Беларусі ў II квартале заставалася павышанай і па выніках года прагназуецца каля 19%, адзначаюць эканамісты.
«Такія паводзіны курсу нетыповыя і даюць падставы меркаваць, што Нацбанк перашкаджаў умацаванню беларускага рубля да долара ніжэй за 2,50 USD / BYN на фоне моцнага і імклівага ўмацавання расійскай валюты да амерыканскай», — спасылаецца officelife.media на агляд BEROC.
На думку эканамістаў, Нацбанк дапускаў залішняе паслабленне беларускага рубля да расійскага (на піку — амаль да 5 рублёў за 100 RUB) і кошыку ў траўні-чэрвені, каб згладзіць высокую валатыльнасць курсу долара да нацыянальнай валюты (валатыльнасць — гэта фінансавы паказчык, які адлюстроўвае, як моцна мяняецца цана на актыў ці тавар за кароткі прамежак часу).
У выніку дзеянняў Нацбанка беларускі рубель у II квартале быў недаацэнены адносна раўнаважнага ўзроўню рэальнага эфектыўнага курсу. Недаацэненасць рубля падтрымлівала чысты экспарт, але аказвала праінфляцыйны ўплыў.
Даследчыкі лічаць, што рашэнне Нацбанка аб прыпыненні з 6 ліпеня аўкцыённых аперацый рэгулявання ліквіднасці банкаў ва ўмовах прафіцыту ліквіднасці можа ўзмацніць праінфляцыйны эфект манетарных умоў.
Стаўка міжбанка, хутчэй за ўсё, будзе трымацца каля нуля, а стаўкі па рублёвых крэдытах і дэпазітах працягнуць зніжацца. Эканамісты не выключаюць і паступовага зніжэння патрабаванняў банкаў да пазычальнікаў, бо вялікі прафіцыт ліквіднасці спалучаны з верагоднасцю страт.
Актыўнае змякчэнне манетарнай палітыкі ў асяроддзі структурнага спаду і падвышаных інфляцыйных чаканняў нясе пагрозу паскарэння інфляцыі і яе ўстойлівага замацавання на высокіх узроўнях.
Раней паведамлялася, што Нацбанк у траўні актыўна процідзейнічаў умацаванню беларускага рубля: купіў на біржы $50-70 млн і не дазволіў курсу нацыянальнай валюты да долара замацавацца ніжэй за адзнаку 2,5.