Экс-кіраўнік Нацбанка: на краіну насоўваецца галеча

Напярэдадні Сусветны банк прадставіў абноўлены прагноз па Беларусi. На думку міжнародных экспертаў, сітуацыя пагаршаецца. 

06_34.jpg


На думку Станіслава Багданкевіча, Сусветны банк пагоршыў прагноз з улікам некалькіх фактараў: «Першы квартал прайшоў з мінусам: эканоміка падае, прадукцыйнасць падае, страты растуць, рэнтабельнасць зніжаецца, даходы насельніцтва падаюць», — прывёў іх Станіслаў Багданкевіч.

Праблема ўнутры краіны


Нагадаем, што раней Сусветны банк даваў прагноз аб значна меншым тэмпе падзення беларускай эканомікі (0,5% спачатку, затым 2 і 2,2%). Цяпер ніякіх фактараў, якія забяспечваюць хаця б мінімальны рост ВУП, у Беларусі няма. І тым не менш, насуперак прагнозам, афіцыйны Менск спадзяецца, што прырост ВУП Беларусі ў 2016 годзе годзе складзе 0,3%, а інфляцыя не перавысіць 12%. Чым выкліканы такі аптымізм? — Пацікавілася «ЕўраБеларусь» у экс-кіраўніка Нацбанка.
«Улада не можа гаварыць інакш. Добрасумленная ўлада, не здольная стабілізаваць сітуацыю, павінна сысці ў адстаўку. Але беларускае кіраўніцтва ў адстаўку не сыходзіць», — вынес вердыкт Багданкевіч.
На яго думку, эканоміка патрабуе радыкальных крокаў, прызнання, што галоўная праблема знаходзіцца ня па-за, а ўнутры краіны: «Польшча ж развіваецца, Прыбалтыка развіваецца, нават ва Ўкраіне за першы квартал адбыўся рост эканомікі на 1%», — развенчвае міфы дзяржпрапаганды аб сусветным крызісе эканаміст.
Прычына нашых праблем у тым, што Лукашэнка збудаваў эканоміку, залежную ад Расеі: «Для заваявання новых рынкаў збыту трэба было папярэднія 20 гадоў працаваць. Усе памылкі цяперашняга кіраўніцтва вылазяць нам бокам», — заявіў эксперт.

Белстат хлусіць


Расказаў ён і пра тое, што чакае краіну, калі беларускія ўлады не знойдуць новыя, так неабходныя на думку Сусветнага банка, крэдыты: «Абяднеем. Я цяпер ужо адчуваю дыханне беднасці: кошты растуць і на лекі, і на прадукты харчавання, і на тавары першай неабходнасці. А пенсіі не павялічваюцца, нават не робяць індэксацыю. Не робяць індэксацыю нават на інфляцыю!»
Прагноз Станіслава Багданкевіча несуцяшальны, і ў лічбы Белстата ён не верыць: «Усіх нас чакае зьбядненьне. Мне тэлефанавалі журналісты з Брэсцкай вобласці, кажуць, што ў сакавіку сярэдні заробак быццам бы вырас на 460 тысяч. Як мог вырасці заробак, калі мы стварылі менш прадукту? Гэта відавочная супярэчнасць. Калі я зрабіў у мінулым годзе два крэслы, а ў гэтым — адно крэсла, то за што мне плаціць больш? Статыстыка відавочна ненармальная».
Распавёў экс-кіраўнік Нацбанка і пра тое, чаму МВФ не хоча даваць крэдыт Беларусі: «Лукашэнка заявіў, што краіна не будзе мяняць структуру гаспадарання — будзе толькі ўдасканальваць непрыдатную мадэль. Лукашэнка не дапусціць ніякіх рэформаў — гэта адна з прычын».

Лукашэнку ніхто не слухае


Але нават калі грошай ад МВФ Лукашэнка не атрымае, на думку Багданкевіча, краіна зможа выплаціць гіганцкія пазыкі: «без знешніх крэдытаў пазыкі будуць пагашацца за кошт насельніцтва», — прадказаў ён.
Па словах прафесара, для развіцця эканомікі патрэбныя зусім іншыя меры: скарачэнне падаткаў, структурная перабудова. «Трэба спыніць умяшальніцтва ў малы і сярэдні бізнэс, дзе за кошт нязначных рэсурсаў можна пачаць новую вытворчасць. Развіваць эканоміку можна выключна рынкавымі метадамі, а не адміністрацыйнымі. Лукашэнка даўно стукае кулаком па стале, вось толькі ніхто яго не слухае», — вынес вердыкт «эканамічнай палітыцы» беларускага кіраўніка Багданкевіч.

Без пераменаў рост ВУП немагчымы


Пракаментаваў ён і прагноз Сусветнага банка аб тым, што у 2018 годзе ў эканоміцы Беларусі магчымы рост на 0,3%: «Спадзяюся, што ўрад не будзе сядзець склаўшы рукі і нічога не рабіць. Ён павінен сысці з бізнэсу, павінен спыніць заганную практыку ўвядзення новых падаткаў і пабораў. Калі ўлады нічога не стануць рабіць, росту нам не відаць: краіну чакае падзенне вытворчасці, хай не на 4%, як у мінулым годзе, а на 3-2%. Ніякіх фактараў, якія забяспечваюць хоць бы мінімальны рост ВУП, у Беларусі сёння няма», — рэзюмаваў прафесар.
Паводле camarade.biz