Эксперт: Расейскія крэдыты будуць тармазіць эканамічныя рэформы ў Беларусі
Атрыманне Беларуссю расейскіх рэсурсаў будзе зніжаць гатоўнасць беларускіх уладаў да эканамічных рэформ. Такое меркаванне выказаў эканаміст Антон Болтачка, каментуючы выдзяленне Расіяй новага крэдыту Беларусі.
![2qlo5s_w465h262.jpg 2qlo5s_w465h262.jpg](/img/v1/news/full/2qlo5s_w465h262.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
"Расейскія рэсурсы традыцыйна станавіліся тормазам для эканамічных рэформ у Беларусі. Лёгкі доступ да рэсурсаў расслабляе беларускі ўрад, і сучасная гісторыя Беларусі гэта пацвярджае", — адзначыў Балточка.
Эканаміст чакае, што сітуацыя, хутчэй за ўсё, паўторыцца і гэтым разам. "Пасля паступлення грошай размовы аб неабходнасці рэформ сыдуць на нішто", — мяркуе ён.
Нагадаем, у мінулую пятніцу, 30 траўня, стала вядома, што ў чэрвені "Банк ВТБ (Расія)" паводле даручэння расейскага ўрада выдзеліць брыдж-крэдыт Беларусі на мільярд долараў. Рэсурсы выдзяляюцца да восені, калі ў Беларусь павінен паступіць двухмільярдны міждзяржаўны крэдыт з боку Расеі.
Як паведамлялася раней, дамоўленасць аб даванні расійскага крэдыту была дасягнута падчас сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным.
Акрамя гэтага, Расея згадзілася перагледзець умовы размеркавання вывазных экспартных пошлін на нафтапрадукты, якія беларускі бок раней поўнасцю пералічваў у расійскі бюджэт. Згодна з дасягнутай дамоўленасцю, з 2015 года Беларусь зможа залічыць у свой бюджэт нафтапошлін на 1,5 млрд. долараў.
У канцы мінулага тыдня, пасля падпісання Лукашэнкам дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, стала таксама вядома пра гатоўнасць Расеі павялічыць аб'ём паставак нафты ў Беларусь.
Беларускія эканамісты лічаць, што ўваходжанне Беларусі ў Еўразійскі эканамічны саюз робіць краіну яшчэ больш залежнай ад рашэнняў Расеі.