Энергіі цераз край: як жыве энергасістэма Беларусі

Шматлікія эксперты заяўляюць, што і без АЭС нам хапае электрычнасці. Пра тое, чым і як жыве энергасістэма Беларусі, разважае былы дэпутат Вярхоўнага савета 13-га склікання Марат Афанасьеў.

services_creative.jpg

Простая арыфметыка

Калі верыць словам міністра энергетыкі Беларусі Уладзіміра Патупчыка, то на сённяшні дзень мы маем 9600 МВт усталяванай магутнасці ў энергасістэме краіны. Акрамя гэтага больш за 500 МВт магутнасцяў вырабляюць розныя прадпрыемствы («Нафтан», БМЗ, «Гродна Азот» і інш.)

Як вядома, характарыстыка любой энергасістэмы лёгка пацвярджаецца спажываннем электраэнергіі ў гадзіны максімуму нагрузак. Такія гадзіны бываюць летам у чэрвені і зімой у снежні. Самая вялікая нагрузка, зафіксаваная ў Беларусі за апошнія тры гады, складала 5800 МВт.

Па нарматывах любой энергасістэмы, 10% у ёй мае быць у гарачым рэзерве і 10% у халодным. Атрымліваецца, што 1200 МВт у Беларусі могуць быць падключаны ў любы момант. Такім чынам, з улікам максімуму ў 5800 МВт, Беларусі трэба каля 7000 МВт. Сярэдняя нагрузка нашай энергасістэмы складае каля 4300 МВт. Такім чынам, у краіне існуе досыць вялікі запас энергетычнай магутнасці.


skhema_osnovnoy_seti_oes_belarusi.jpg

У энергетыкаў ёсць свае разлікі, паводле якіх пры 80% магутнасцяў затраты на энергасістэму складаюць мінімальную велічыню. Нават калі яшчэ трымаць 500 МВт у запасе ці рамонце, атрымліваецца 7500 МВт. Але ж мы ўжо маем 10 тысяч, то бок больш за 2500 лішніх МВт.

На сённяшні дзень гэта раўняецца таму, чым валодае Лукомльская ГРЭС. Такім чынам, можна падлічыць, у колькі гэта абыходзіцца насельніцтву, бо дзейнасць умоўна «лішняй» Лукомльскай ГРЭС з усім яе персаналам і абслугоўваннем кладзецца на плечы падаткаплатнікаў. Магчыма, большасць беларусаў і не падазраюць, што менавіта яны са сваёй кішэні аплачваюць функцыянаванне падобных аб’ектаў, чый кошт закладзены ў завышаныя тарыфы.

За народныя грошы

Калі нагрузку ў 5800 тысяч МВт у гадзіны максімуму памножыць на 8760 тысяч гадзін гадавога часу, то атрымліваецца, што нашая энергасістэма можа выпрацаваць каля 50 млрд кілават-гадзін. У той жа час Беларусь спажывае толькі 36 млрд кілават-гадзін.

Калі ж сёння яшчэ запусціць і Астравецкую АЭС магутнасцю ў 2400 МВт, то нашая энергасістэма стане проста монстрам. Пры гэтым АЭС будзе працаваць увесь час, яе немагчыма будзе перавесці ў ніякія рэзервы. З улікам каэфіцыента выкарыстання, можна ўмоўна памножыць трохі меншую лічбу яе магутнасці ў 2000 МВт на 8760 тысяч гадзін гадавога часу. У выніку мы маем 17 млрд. кілават-гадзін — то бок фактычна палова таго, што мы спажываем зараз.

1016564222.jpg

Але ўсе астатнія магутнасці нікуды не падзенуцца. Атрымліваецца, што нам ужо не патрэбная цэлая Лукомльская ГРЭС, а мы будуем яшчэ адну такую!

Апошнім часам чыноўнікі і энергетыкі пачынаюць казаць пра тое, што лішкі можна будзе задзейнічаць у прамысловасці. Гучалі размовы пра павелічэнне долі каляровай металургіі ў нашай прамысловасці, але ж у нас няма грошай на здабычу тых жа баксітаў для вытворчасці алюмінію, каб толькі загрузіць нашу АЭС. Пры гэтым падобныя неразумныя сцверджанні транслююць па ўсіх дзяржаўных СМІ.

Віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка заявіў, што правядзенне электрычнасці ў некаторыя вясковыя рэгіёны Беларусі дапаможа пазбавіцца ад запасаў электраэнергіі, але ж Беларусь ужо даўно электрыфікаваная!

Цёплая краіна

Яшчэ некалькі гадоў таму ў Беларусі спажыванне цеплаэнергіі складала каля 74 мільёны гігакалорый на год. На сёння, нават нягледзячы на ўвядзенне новага жылля, нашае спажыванне ўпала да 71–72 мільёнаў гігакалорый.

 Да гэтага прывяла і палітыка энергазберажэння (уцяпленне дамоў, пракладванне ізаляваных трубаў і інш.), але фактычна галоўнай прычынай змяншэння страт цяпла было ўсталяванне шклопакетаў у кватэрах беларусаў. Менавіта праз старыя вокны і гублялася большая частка цяпла. Таксама паўплывала і ўсталяванне рычажных змешвальнікаў, замест штурвальных. Гэта дазволіла зэканоміць каля 1 мільёна кубаметраў вады.

green_house_electricity.png

Сёння кажуць, што для выкарыстання электраэнергii ад будучай АЭС паставяць на ТЭЦ электрабойлеры для начнога нагрэва вады для цеплавых сетак, але нам і так ужо хапае цяпла. А вось дзе электрабойлеры сапраўды спатрэбіліся б, дзеля больш эфектыўнага выкарыстання, дык гэта ў цеплапунктах вялікіх гарадоў, каб страты цяпла ў трубах былі як мага найменшымі.

За сябе і суседа

Дэмаграфічная сітуацыя ў Беларусі таксама прывяла да незапатрабаванасці энергіі. За апошнія дзесяцігоддзі колькасць насельніцтва ў краіне зменшылася амаль на мільён. Да гэтых лічбаў варта залічваць і працоўную эміграцыю — аплачваць электраэнергію за тых, хто працуе за межамі, даводзіцца тым, хто застаўся. Часта беларускім энергетыкам даводзіцца закладваць у тарыфы і ўтрыманне разнастайных сацыяльных і вытворчых аб’ектаў — санаторыяў, калгасаў, спартовых каманд.

tarif_1.jpg

На сёння завышаныя тарыфы на электраэнергію нават выгадныя ўладзе. Плацяжы і паслугі, якія аказваюць камунальнікі, з’яўляюцца часткаю нашага ВУП. Таму, калі зрабіць сістэму больш эканомнай, то зменшацца і адпаведныя паказнікі.

Пры гэтым тарыфы для насельніцтва і прамысловых прадпрыемстваў адрозніваюцца. Калі звычайнаму спажыўцу энергія абыходзіцца ў прыкладна 10 цэнтаў ЗША, то асобным заводам даводзіцца плаціць да 17 цэнтаў ЗША. Такім чынам урад абдзірае ўласную прамысловасць і садзейнічае пагаршэнню сітуацыі ў сектары ў цэлым.

Адзіным плюсам тут можна лічыць пачатак працы над адмысловымі начнымі тарыфамі для прадпрыемстваў. Падобная практыка ўжо даўно існуе ў краінах Захаду.

Самы высокі ў рэгіёне

На дадзены момант кошт электраэнергіі ў Беларусі самы высокі ў рэгіёне — каля 10 цэнтаў ЗША. У гэты ж час у Літве — 8, у Расіі — 6,8, ва Украіне — 6 цэнтаў ЗША.

Варта адзначыць, што зніжэнне спажывання электраэнергіі ў краіне не прывядзе да чаканага зніжэння коштаў на яе, бо чыноўнікам па-ранейшаму давядзецца ўтрымліваць фактычна ўсе энергетычныя прадпрыемствы і вялізны штат супрацоўнікаў для іх абслугоўвання, што адмыслова прывядзе да павелiчэння сабекошту i тарыфаў для карыстальнiкаў.

kosht.jpg

Не атрымаецца знізіць кошты і праз закрыццё старых ды непатрэбных электрастанцый. З 10 тысяч МВт, якія вырабляюць у Беларусі электрычную i цеплавую энергiю, каля 5 тысяч прыходзіцца на долю ТЭЦ, таму нават пры жаданні пасля ўвядзення ў эксплуатацыю АЭС іх будзе немагчыма зачыніць.

У выніку застаюцца Лукомльская і Бярозаўская ГРЭС, але гэта гарады, якія суцэльна залежаць ад гэтых прадпрыемстваў, бо іншай працы ў іх фактычна няма. Атрымліваецца, мы будуем Астравец, каб забіць Белаазёрск або Новалукомль…

Каму лішкі?

Запасы электраэнергіі маглі б набыць суседнія краіны, але Польшча і Літва на дадзены момант ужо пераходзяць на іншыя стандарты сінхранізацыі сваіх энергасістэм. Умоўна кажучы, замест агульнай яшчэ з савецкіх часоў сістэмы яны пераходзяць на еўрапейскі стандарт, які больш жорсткі па сваіх патрабаваннях.

Да таго ж Літва ўжо заявіла пра тое, што не будзе набываць у Беларусі энергію з Астравецкай АЭС. На дадзены момант Літве пастаўляецца каля 700 МВт электрычнай магутнасці з боку Швецыі па кабелях, што праклалі на дне Балтыйскага мора. Пры гэтым наша краіна-суседка актыўна будуе ветракі і сонечныя электрастанцыі. У іх ёсць некалькі ТЭЦ, уласная ГРЭС у горадзе Электрэнай і дзве гідраэлектрастанцыі — Круоніская і Каўнаская, а ў планах — будаўніцтва дзвюх ліній для сувязі з польскай энергасістэмай.

5._lithuania_electricity.jpg

Незапартрабаваную электраэнергію маглі б спажываць аўтамабілі, грамадскі і чыгуначны транспарт, але іх патрэбы на дадзены момант складаюць толькі 100–150 МВт, і іх можна забяспечыць ужо сёння.

Сонечная электрастанцыя пад Брагінам — самая вялікая ў Беларусі / 42.tut.by

Сонечная электрастанцыя пад Брагінам — самая вялікая ў Беларусі / 42.tut.by

Агульная магутнасць ветракоў у Беларусі і краінах-суседках / greenbelarus.info

Агульная магутнасць ветракоў у Беларусі і краінах-суседках / greenbelarus.info

Карані праблемы

У нашай краіне, на жаль, адсутнічае прагноз развіцця прамысловасці і спажывання энергарэсурсаў. У гэтай сферы абавязкова неабходны сістэмны падыход. Трэба вывучаць, колькі нам трэба, як на гэта будзе ўплываць наша сістэма энергазберажэння, як будзе змяняцца дэмаграфічная сітуацыя ў краіне і агульны ўзровень спажывання энергіі. Сыходзячы з гэтага сістэмнага падыходу ўжо можна было б паўнавартасна выбудоўваць палітыку энергазберажэння, развіцця энергетыкі, тарыфную і падатковую палітыку.

Але на сёння ў нас за гэтым сочыць толькі адзін бок, які робіць усё ў тайне ад грамадства і ні перад кім не трымае справаздачы.