Іслам у Беларусі прымаюць у асноўным жанчыны

Krynica.info працягвае даследаваць дадзеныя пра тое, хто ў Беларусі вырашыў звязаць сваё жыццё з ісламам.

namaz_29.jpg


Гэта ўжо трэцяе падобнае даследаванне. Папярэднія два, якія ахопліваюць перыяд з красавіка 2012 года па красавік 2013 і за 2014 год, былі апублікаваныя адпаведна на сайтах Telegraf.by і Krynica.info.
У якасці дадзеных для аналізу выкарыстаная інфармацыя за 2015 год сайта islam.by, на якім рэгулярна публікуюцца звесткі пра асобаў, якія прымаюць іслам і ўступаюць у мусульманскі шлюб (нікях). На жаль, islam.by — гэта адзіны канфесійны сайт Беларусі, які рэгулярна публікуе падобную інфармацыю. Аналагічнай інфармацыі аб іншых канфесіях і рэлігіях Беларусі, у тым ліку хрысціянскіх, у беларускім сегменце інтэрнэту няма.
Аналізаваныя запісы не адлюстроўваюць усёй карціны прыняцця ісламу ў Беларусі, бо islam.by прадстаўляе мусульман толькі суніцкага толку, да таго ж не ўсе абшчыны. Акрамя таго, не ўсе беларусы прымаюць іслам у Беларусі. Няма патрэбы для гэтага нават звяртацца і да святароў. Тым не менш, прадстаўленыя на сайце звесткі дазваляюць зразумець агульную тэндэнцыю. Агулам, па словах муфтыя Духоўнага ўпраўлення мусульман Беларусі Алі Варановіча, прыкладна дзясятак беларусаў у месяц прымае іслам.
За 2015 год на згаданым сайце зафіксавана 10 запісаў аб прыняцці ісламу (у 2012 годзе — 16, 2014-м — 16) і 22 аб заключэнні мусульманскага шлюбу (было адпаведна 14 і 26).
З дзесяці прыняццяў ісламу сем прайшло ў Мінску і тры ў Гомелі. Сярод тых, хто прымаў іслам у Мінску, зафіксаваныя таксама жыхары Заслаўя, Віцебска і Фаніпаля, у Гомелі — Светлагорска. З прыняўшых іслам двое мужчын (20%) і восем жанчын (80%). Згодна з мінулымі даследаваннямі, працэнт прымаючых іслам жанчын вар’іраваўся ў рамках 70-75%.
Сярэдні ўзрост прымаючых іслам — 26,9 года, у тым ліку мужчын — 29,5, жанчын — 26,25 года. Старэйшаму мужчыну, які прыняў іслам, быў 31 год, малодшаму — 28. У жанчын ўзрост вар’іруецца ад 18-і да 37-і гадоў. Адзін з мужчын, які прыняў іслам, пасля заключыў шлюб з беларускай мусульманкай.
Нікяхаў за 2015 год зафіксавана 22. У чатырох выпадках яны браліся ў Гомелі, у 18-і — у Мінску. Чатыры шлюбы заключаны паміж мусульманамі-выхадцамі з мусульманскіх краін (Афганістана, Таджыкістана, Сірыі, а таксама паміж этнічнымі азербайджанцамі з Грузіі і Расіі), тры — паміж беларускімі мусульманамі (тыповых для беларускіх татараў прозвішчаў сярод іх не выяўлена). Астатнія шлюбы (14) заключаліся паміж беларускімі дзяўчатамі і выхадцамі з іншых краін: Алжыра, Егіпта, Іарданіі, Сірыі (па два выпадкі), Афганістана, Ірака, Ірана, Кувейта, Лівіі, ЗША і Таджыкістана. Інфармацыі аб тым, што беларускія жонкі перад шлюбамі з замежнікамі або пасля іх прымалі іслам, не выяўлена.
Варта адзначыць, што іслам не забараняе шлюбы паміж мусульманамі і жанчынамі Пісання (хрысціянкамі і юдэйкамі), аднак муж абавязаны прыкласці намаганні, каб яго жонка стала мусульманкай, а дзеці выхоўваліся ў мусульманскіх традыцыях. Што тычыцца шлюбаў паміж мусульманкамі і немусульманамі, то такія адносіны мусульманскія багасловы лічаць недапушчальнымі. Мужчына, які хоча ўзяць у жонкі мусульманку, павінен перад гэтым прыняць іслам.
Сярэдні ўзрост жанчыны, якая заключыла шлюб у мусульманскіх грамадах Беларусі, складае 30,3 года, у тым ліку жанчын-небеларусак — 36, жанчын-беларусак у шлюбах з замежнікамі — 30,5, жанчын-беларусак у шлюбах з беларусамі — 23,7.
У мужчын ўзрост складае адпаведна 34 (агульны), 39,5 (у шлюбах паміж замежнікамі), 33,6 (у шлюбах замежнікаў з беларускамі), 26,3 (у шлюбах паміж беларускімі мусульманамі).
Такім чынам, варта адзначыць, што найбольш нізкі ўзрост уступлення ў шлюб у мусульманскіх грамадах Беларусі адзначаецца паміж беларусамі-мусульманамі, якія, мяркуючы па ўсім, свядома абіралі сваю рэлігію. Паміж прадстаўнікамі іншых нацыянальнасцяў наадварот самы высокі сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб.
Што тычыцца шлюбаў паміж беларускамі і замежнікамі, то ў палове выпадкаў назіраецца даволі вялікі разрыў ва ўзросце паміж мужам і жонкай. Самая вялікая розніца ва ўзросце зафіксавана ў шлюбах беларусак з мусульманамі з Кувейта (29 гадоў) і ЗША (14 гадоў), яшчэ ў двух выпадках розніца склала 6 і 7 гадоў. У трох выпадках жонка была старэйшая за мужа на 6-10 гадоў.
Такім чынам, у Беларусі захоўваецца тэндэнцыя, што іслам прымаюць у асноўным жанчыны. У асноўным, як і ў 2014 годзе, гэта тычыцца асоб, маладзейшых за 30 год. Між тым, у адрозненне ад мінулых
даследаванняў, выяўлены толькі адзін запіс пра тое, што чалавек перад прыняццем мусульманскага шлюбу прымаў іслам. І зрабіў гэта мужчына, а не жанчына, як раней. Самыя раннія шлюбы заключаюцца паміж беларускімі-мусульманамі, тады як у астатніх выпадках шлюбы з’яўляюцца часта больш познімі, а ўзрост паміж мужам і жонкай можа моцна адрознівацца.
Пры гэтым няма ніякіх звестак аб шлюбах або прыняцці ісламу ў такіх спрадвечных татарскіх гарадах Беларусі, як Іўе, Смілавічы, Клецк і гэтак далей. У метрычных паведамленнях яны згадваюцца толькі ў сувязі са смерцю або пахаваннем. За тры даследаванні выяўлены толькі адзін запіс аб мусульманскім шлюбе ў іх. З гэтага можна зрабіць выснову, што традыцыйныя цэнтры беларускага ісламу перастаюць такімі быць, а іслам там з’яўляецца ў асноўным рэлігіяй старэйшага пакалення. Новымі мусульманскімі цэнтрамі Беларусі сёння з’яўляюцца Мінск і Гомель. Прычым людзі з распаўсюджваннем сярод беларускіх татараў прозвішчамі рэдка сустракаюцца ў метрычных запісах і там.