Беларускі тхэквандыст адхілены ад Алімпіяды з-за мяльдонію

Беларускі тхэквандыст Арман-Маршал Сілы часова адхілены ад удзелу ў спаборніцтвах, што практычна выключае яго ўдзел у Алімпійскіх Гульнях-2016.

fab9cc28_04d0_472f_b457_11fac8dd8958_w987_r1_s.jpg


Прычынай такога рашэння НАДА РБ зяўляецца наяўнасьць у допінг-пробе спартоўца мяльдонію, паведамляе Прэсбол.
Спартовец у суботу павінен быў адправіцца з Мінска ў Рыа-дэ-Жанэйра, дзе 20 жніўня пройдуць спаборніцтвы ў яго вазе (звыш 80 кг). Аднак у самалёт адзін з фаварытаў турніру так і не сеў.
Лекар нацыянальнай каманды Вольга Жарко, сам Арман-Маршал Сілы і яго асабісты трэнэр Юлія Сухавіцкая цалкам адмаўляюць ужыванне дадзенага прэпарату і далі згоду на праходжанне праверкі з выкарыстаннем паліграфа, якая адбудзецца сёння, 14 жніўня. Кіраўніцтва Беларускай федэрацыі тхэквандо ўпэўнена ў невінаватасці спартоўца і трэнэра, бо дадзены прэпарат не выкарыстоўваўся нават у перыяд, калі не ўваходзіў у спіс забароненых прэпаратаў, пра што сведчаць вынікі аналізу трох допінг-пробаў спартоўца (яны былі здадзены ў студзені, лютым і красавіку гэтага года).
«Канчатковыя высновы можна будзе зрабіць толькі па выніках расследавання. Мы цвёрда ўпэўнены ў невінаватасці Арман-Маршала Сілы і будзем адстойваць гэтую праўду ўсімі магчымымі спосабамі», — цытуе намесніка старшыні БФТ Андрэя Чучвала афіцыйная група фэдэрацыі Вконтакте.
Паводле svaboda.org