Як Мясніковіч падтрымаў крытыку Раманчука канкрэтнымі фактамі

Нешта падказвае, што яму за гэта не прапануюць узначаліць стратны калгас.

miasnikovich_1.jpg

Цікавае супадзенне: у той самы дзень, калі Яраслаў Раманчук уступіў у палеміку з кіраўніком дзяржавы, старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл Мясніковіч фактычна падмацаваў словы эканаміста аб неэфектыўнай эканамічнай мадэлі краіны канкрэтнымі фактамі.
Здарылася гэта на сумесным пасяджэнні Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі і Савета Акадэміі кіравання пры прэзідэнце. Прывядзем некалькі выказванняў (цытуецца па публікацыі ў «Звяздзе»).

Аб сітуацыі ў краіне

«Сітуацыя ў цяперашні час у краіне стабільная. Людзі праяўляюць сацыяльную лаяльнасць да правадзімай эканамічнай і сацыяльнай палітыкі. Аднак трэба ўлічваць, што крэдыт даверу не можа быць шматгадовым ва ўмовах невысокіх даходаў фізічных асоб і пры наяўнасці цяжкасцяў з эфектыўным працаўладкаваннем насельніцтва».

Аб прычыне невысокіх заробкаў

«Прадпрыемствы дзяржаўныя і вялікія прыватныя трымаюць залішнюю колькасць. Гэта іх, як правіла, прымушаюць рабіць мясцовыя ўлады замест стварэння новых працоўных месцаў. У выніку сярэдняя зарплата невысокая. Малыя і сярэднія прадпрыемствы ва ўмовах прафіцыту працоўных рэсурсаў прыніжаюць выплаты рабочым і служачым, што таксама негатыўна ўплывае на грамадскі клімат».

Аб міжрэгіянальнай няроўнасці

«У сярэднім па краіне валавы рэгіянальны прадукт на душу насельніцтва складае ў нас 12.818,6 рубля: ад 7680,2 рубля ў Віцебскай вобласці да 16931,4 рубля ў Мінску.
І калі ў структуры ВУП удзельная вага ВРП Мінскай вобласці складае 14,4%, то ўклад Магілёўскай вобласці — толькі 6,8%.
Фактычна выкананне ў 2016-2018 гадах Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2016-2020 гады па росце ВУП, ВРП ў Віцебскай і Магілёўскай абласцях не дасягнула ўзроўню 2015 года».

Пра адстаючыя ў развіцці раёны

«31 раён нашай краіны з’яўляецца тэрыторыяй, адсталай па ўзроўні сацыяльна-эканамічнага развіцця, — больш за чвэрць раёнаў краіны. Гэтая лічба кажа сама за сябе».

Аб адзіным гаранце

«Прыцягваць інвестараў пад гарантыю прэзідэнта, як адзіна рэальную і да якой маецца давер».

Аб малазабяспечаных

«Звярніце асаблівую ўвагу на даходы грамадзян, асабліва сем’яў з дзецьмі. Па Беларусі амаль 2/3 сем’яў, якія маюць дзяцей, з’яўляюцца малазабяспечанымі. Тэндэнцыі за апошнія гады некалькі пагоршыліся, і колькасць малазабяспечаных сем’яў, якія маюць дзяцей, дзе душавыя даходы ніжэй МСБ (347,74 рубля), некалькі павялічылася».

Аб інавацыях

«Выклікае занепакоенасць вельмі нізкая інавацыйная актыўнасць прадпрыемстваў рэальнага сектара. Інавацыйнасць — гэта канкурэнтаздольнасць, а ўдзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі, новай для сусветнага рынку ў агульным аб’ёме адгружанай інавацыйнай прадукцыі, застаецца вельмі нязначнай і знаходзіцца ў межах 1%, новай для ўнутранага рынку — 35-40%. Асноўная доля інавацыйнай прадукцыі прамысловых прадпрыемстваў, па сутнасці, з’яўляецца тыражаваннем імпартных або айчынных аналагаў».

Аб інвестыцыях

«У апошнія гады значна знізілася інвестыцыйная актыўнасць рэальнага сектара эканомікі. Доля інвестыцый у асноўны капітал у ВУП скарацілася з 32,1% у 2011-м да 20% у 2018-м. Не праглядаецца паляпшэнне і ў 2019-м».

Аб працоўнай міграцыі

«Варта адзначыць праблемы і з знешняй працоўнай міграцыяй, асабліва выезду людзей з высокім узроўнем кваліфікацыі».
Паводле даных выбарачнага абследавання хатніх гаспадарак, за 2018 год колькасць грамадзян, якія працуюць за межамі краіны (не змяняючы свайго пастаяннага месца жыхарства), склала 95,4 тысячы чалавек: гэта вышэй 2017-га.

Аб затрымках заробкаў

Невысокая, можа быць, заработная плата. Але яна павінна своечасова выплачвацца.
На 1 студзеня гэтага года ў 83 арганізацыях краіны мелася запазычанасць па заработнай плаце (у Віцебскай вобласці — 70 арганізацый; у Гомельскай — 2; у Гродзенскай — 1; у Менску — 6; у Мінскай — 3; у Магілёўскай — 1).
За 2018 год выяўлена 2618 фактаў парушэння наймальнікамі тэрмінаў выплаты заработнай платы.

Пра тое, хто вінаваты

Гаворачы аб затрымках заробкаў, Мясніковіч адзначыў: «А дзе ў гэты момант знаходзіліся дэпутаты, якія прадстаўляюць інтарэсы сваіх выбаршчыкаў, прафсаюзы?
Мясцовыя Саветы пакуль да працы падключыліся слаба. Або выбаршчыкі, калі аддавалі свой голас за таго ці іншага кандыдата ў дэпутаты, верылі, што дэпутатамі будзе зроблена ўсё магчымае для паляпшэння жыцця насельніцтва».
Паводле Салідарнасці