Як наваражыць прыбытак

У статыстыцы можна раскідаць лічбы па розных паказчыках і дакументах, тады яны выглядаюць не вельмі ўражліва. Недзе там «недапрацавалі», недзе тут «недалічылі», а вунь там «не паднялі». Але, калі сабраць усё разам, малюнак выглядае даволі небяспечна.

Фота www.pdsnpsr.ru

Фота www.pdsnpsr.ru

І міжволі задумаешся, куды нас прывёў наш «беларускі эканамічны цуд».

Як падлічыла інфармацыйнае агенцтва БелаПАН, Беларусь да 2025 года павінна накіраваць на абслугоўванне і пагашэнне дзяржаўнага доўгу 23,5 млрд долараў. У прыватнасці, у 2019 годзе плацяжы складуць каля 3,6 млрд долараў, у 2020-м — 3,78 млрд, у 2021-м — 3,54 млрд, у 2022-м — 3,6 млрд, у 2023-м — амаль 4 млрд. Гэта — наступствы тых пазыкаў, якія мы бралі без разбору для ажыццяўлення «айчыннай эканамічнай мадэлі». Яна ўся была пабудаваная на знешняй дапамозе — і зараз мы за гэта павінны расплачвацца.

Пабачыўшы такую навіну, беларусы пачалі думаць, адкуль узяць грошы. Паступіла некалькі прапановаў. Першая: прадаць што-небудзь непатрэбнае — напрыклад, рэзідэнцыі кіраўніка дзяржавы і «сірочыя» пасёлкі сціплых чынуш, перавесці на самазабеспячэнне хакей і пазбавіцца парадаў і “Дажынак”. То бок — зацягнуць паясы. І другая прапанова — адмяніць пенсіі і ўвесці падатак на паветра, а за затрымку дыхання — штрафаваць.

Якім шляхам пойдуць улады? Падавалася б, відавочна, што не першым. Але гэта, насамрэч, далёка не відавочна.

У аналітычным аглядзе Нацбанка «Фінансавая стабільнасць у Рэспубліцы Беларусь у 2017 годзе», які быў апрылюднены днямі, гаворыцца, што шляхам новых падаткаў пайсці будзе вельмі складана. У дакуменце зазначаецца: высокая крэдытная актыўнасць беларусаў, якая назіралася ў 2017 годзе і падтрымлівалася мяккімі цэнавымі ўмовамі крэдытавання, можа прывесці да пагаршэння плацежнага балансу краіны і сітуацыі на валютным рынку. Крэдытная запазычанасць фізічных асоб у нацыянальнай валюце ў 2017 годзе вырасла на 26,7% (за 2016 год — на 4,3%). Прырост у асноўным адбываўся за кошт спажывецкага крэдытавання — на 75,1% (за 2016 год — на 3,5%). Што тычыцца гэтага года, то крэдытныя даўгі беларусаў перад банкамі бяруць планку за планкай. На 1 мая запазычанасць фізічных асоб па спажывецкіх крэдытах у чарговы раз пабіла рэкорд і перавысіла 9750,4 мільёна рублёў.

Такія пазыкі беларусаў сведчаць пра адно — у насельніцтва ўжо проста няма грошай. 75% менавіта спажывецкага крэдытавання азначаюць, што людзі не могуць за свой заробак дазволіць сабе набыць хай, можа, не элементарныя, але рэчы. І вымушаныя звяртацца да банкаў па крэдыты і растэрміноўкі. А таму грошай на «падатак на паветра» ў іх няма тым больш.

Канешне, народ можа гэтыя грошы зарабіць. Але як і дзе? Згодна той жа справаздачы галоўнага фінансавага рэгулятара, асноўны ўплыў на рост долі праблемных актываў банкаў аказваюць прадпрыемствы дзяржаўнай формы ўласнасці. Аб’ём праблемных актываў дзяржаўных прадпрыемстваў на 1 студзеня 2018 года дасягнуў 3,2 мільярда рублёў, а ўдзельная вага пазыкаў дзяржпрадпрыемстваў у праблемных актывах банкаўскага сектара склала 58%.

«У гэтай сувязі рызыкі, якія нараджаюцца праблемнымі дзяржаўнымі прадпрыемствамі рэальнага сектара эканомікі, з’яўляюцца патэнцыйнай пагрозай фінансавай стабільнасці ў краіне», — канстатуе Нацбанк. Па выніках бягучых адзнак доля ўсіх абавязацельстваў дзяржпрадпрыемстваў — найбуйнейшых крэдытных пазычальнікаў, якія з высокай ступенню верагоднасці не змогуць разлічвацца па іх самастойна, склала 14% у адносінах да ВУП.

Нацбанк піша, што «адбылося значнае пагаршэнне якасці актываў прадпрыемстваў апрацоўчай прамысловасці — праблемныя актывы павялічыліся з 17,8% да 22,6%, а праблемныя актывы сельскагаспадарчай галіны заставаліся на досыць высокім узроўні (21,8%). Гэта сведчыць аб стабільна нездавальняючым стане шэрагу прадпрыемстваў галін рэальнага сектара», — канстатаваў рэгулятар.

То бок, народ, можа, і мог бы зарабіць грошы. Аднак прадпрыемствы, на якіх ён працуе і атрымлівае заробак, самі гаротныя не менш за той народ. Калі прадпрыемства ў пазыках — яно наўрад ці будзе плаціць працоўнаму нармальны заробак. Калі працоўнаму не плаціць нармальны заробак — ён не будзе набываць прадукцыю прадпрыемства. Калі ў прадпрыемства не набываюць прадукцыю — яно не можа далей працаваць і плаціць заробак. Недзе так і атрымліваецца.

Пры гэтым у нас чамусьці расце ВУП. За студзень — травень гэтага года ён, згодна дадзеным Нацыянальнага статыстычнага камітэта, вырас аж на 4,7% да ўзроўню такога ж перыяду мінулага года. Амаль 5% — гэта вам не жартачкі.

Ці, можа быць, усё ж жарты? Бо, паводле дадзеных таго ж камітэта, які мы называем Белстатам, па выніках першых чатырох месяцаў гэтага года прыбыткі беларускіх прадпрыемстваў упалі больш чым на 40%.

Як такое можа быць? ВУП расце, значыць, расце прадукцыйнасць працы і колькасць прадукцыі. А прыбытак — падае? Вельмі проста: калі наш ВУП лічыцца ад створаных, а не прададзеных тавараў. Гэта азначае, што нашы прадпрыемствы працуюць на склад, што наша прадукцыя нікому не патрэбная, і (зноў жа) што ў людзей няма грошай, каб гэтую прадукцыю купляць.

Але беларусы — вялікія вынаходнікі выкручвацца. Напрыклад, у Гомельскай вобласці з пачатку лета была жудасная засуха. Паводле самых сціплых падлікаў, высахла 60 тысяч гектараў збожжа. У Веткаўскім раёне даведзеныя да адчаю людзі правялі абрад «скараджэння ракі». Гэтаму абраду сотні гадоў. Прымаць удзел у ім могуць толькі ўдовы ці чыстыя дзяўчыны. «Скарадзіць раку» — гэта апошні сродак, калі спадзявацца больш няма на што.

Можа быць, гэта і смешна, але праз 10 гадзін пасля абраду над Беларуссю пачаўся той самы доўгачаканы дождж.

Выснова відавочная: трэба накіроўваць дзяржаўныя субсідыі не стратным прадпрыемствам на падтрымку іх стратнасці, а на правядзенне навуковых даследаванняў у галіне этнаграфіі і фальклору Беларусі. Можа быць, этнографы, фалькларысты і антраполагі расшукаюць нейкія абрады ў тым жа Веткаўскім раёне, каб палепшыць фінансавае становішча нашай прамысловасці. Можа, духі продкаў дапамогуць справіцца з пазыкамі?

Больш спадзявацца, падаецца, няма на што.